Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БЕЛАРУСКІЯ АПАЗЫЦЫЯНЭРЫ — ГЭТА ДРАПЕЖНІКІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ СТАЦЬ ТЭРАРЫСТАМІ…" ДЫ ІНШАЕ


Валянцін Жданко, Менск

Ужо некалькі тыдняў галоўнай тэмай, якая так ці інакш закранаецца амаль у кожным лісьце нашых слухачоў, ёсьць тэма змаганьня зь міжнародным тэрарызмам. Ваенную апэрацыю Злучаных Штатаў супраць рэжыму талібаў у Афганістане многія нашы слухачы падтрымліваюць.

Вось які ліст даслаў Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў:

"Хачу падтрымаць Злучаныя Штаты ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. Я ганаруся Амэрыкай і заўсёды буду за яе. Лічу: гэтак, як у кожнай дзяржаве ёсьць свой лідэр, які кіруе краінай, так і ў цэлым сьвеце павінна быць дзяржава, якая магла б падтрымліваць парадак на плянэце, весьці цывілізацыю наперад, быць засьцерагальнікам ад крызысных сытуацыяў глябальнага маштабу. На гэты момант такой краінай ёсьць Злучаныя Штаты Амэрыкі. І лічыцца з гэтым павінны ўсе — нават тыя, каму гэта недаспадобы і хто сам вынаходзіць нейкія новыя шляхі разьвіцьця".

Дадам да вашых словаў, спадар Мікалай, тое, што такі парадак склаўся не таму, што нейкая краіна гвалтам намагаецца дыктаваць сваю волю іншым, а з шэрагу гістарычных і эканамічных прычынаў. Злучаныя Штаты намаганьнямі шэрагу пакаленьняў сваіх грамадзянаў пабудавалі магутную краіну, з эканамічным і ваенным патэнцыялам якой ніводная іншая краіна параўнацца ня можа.

І ніводнай іншай эканоміцы не па сілах было б разгарнуць такую апэрацыю супраць тэрарызму, якую вядуць сёньня Злучаныя Штаты. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што дзеяньні ЗША ўхваліў фактычна ўвесь цывілізаваны сьвет.

Ліст ад аднаго з нашых апанэнтаў. Павал Воранаў з Гомеля абвінавачвае Радыё Свабода ў "падрыўной дзейнасьці" з тае прычыны, што мы даем слова ў сваім эфіры дзеячам апазыцыі. Ён піша:

"Слухаю вас са студзеня 2001 году. Інфармацыя вашая тэндэнцыйная, накіраваная на падбухторваньне грамадзтва да псыхозу і рэвалюцыі. Супрацоўнікі вашай радыёстанцыі заражаныя фантазіяй прыходу да ўлады, і іхная фантазія ўжо перайшла ў фанатызм. Гэта небясьпечна, бо колькасьць вашых слухачоў вельмі шматлікая, і ахоплівае ў значнай ступені ўсю Беларусь.

Якая вы апазыцыя — вы ж драпежнікі, небясьпечныя людзі, і можаце стаць тэрарыстамі. Маладафронтаўцы дасьпяваюць да пагромшчыкаў.

Апазыцыя — гэта вораг Беларусі. Яна задумвае нядобрае і рвецца да ўлады, што прывядзе да хаосу, бойні, разьні, разрухі. Цяпер апазыцыя ў Беларусі фанатычная і непрымірымая. Яна застанецца такой, нават калі яе перастануць фінансаваць заходнія краіны", — напісаў Павал Воранаў з Гомеля.

У многіх краінах, спадар Воранаў, дзейнасьць апазыцыі ўвогуле забароненая — якраз на тых падставах, пра якія вы пішаце. Маўляў, яна рвецца да ўлады, а калі яе дапусьціць — будзе вайна, голад і разруха. Назвы гэтых краінаў вы, відаць, і самі ведаеце — Куба, Паўночная Карэя, Лібія, Ірак…

Няма там ня толькі апазыцыі — але і грамадзянскіх правоў у людзей. Харчаваньне, вопратка і самыя неабходныя тавары пра гэтым разьмяркоўваюцца па картках, многія галадаюць альбо недаядаюць, людзі пазбаўленыя магчымасьці выяжджаць з краіны, за любую праяву незадаволенасьці можна трапіць у турму… Называецца такі дзяржаўны лад, спадар Воранаў, дыктатурай, і выклікае ён у любога разважлівага чалавека толькі агіду і асуджэньне.

Ліст ад Ільлі Копыла зь Менску. Наш сталы слухач гэтым разам вяртаецца да тэмы нядаўніх выбараў. Ён піша:

"На хвалях вашага радыё часта выказваецца меркаваньне, што вынік галасаваньня 9-га верасьня нібыта ў значнай ступені абумовілі вайсковыя адстаўнікі. Такая думка прагучала ў перадачы "Паштовая скрынка-111" 5-га кастрычніка ў лісьце спадара Антановіча. І ён не адзінокі. Так, Міхаіл Пастухоў у газэце "Народная воля" за 14-га верасьня прапанаваў пазбавіць права голасу пэнсіянэраў…

Я лічу, што справа зусім не ў пэнсіянэрах. Сярод адстаўнікоў прыхільнікаў Лукашэнкі ня больш, чым сярод іншых катэгорый насельніцтва. Асабіста я — маёр у адстаўцы, праслужыў 27 гадоў у савецкай арміі, але быў і застаюся прыхільнікам Зянона Пазьняка. Многія памятаюць, якой моцнай паказала сябе дэмакратычная арганізацыя БЗВ — Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. Дарэчы, пасьля спробы адрадзіць падобную арганізацыю зьнік Юры Захаранка.

У той жа час моладзевая арганізацыя прыхільнікаў Лукашэнкі, БПСМ, як вядома, складаецца зусім не з адстаўнікоў.

Лёс выбараў, па-мойму, вырашылі зусім не афіцэры-адстаўнікі, а найперш выбарчыя камісіі, складзеныя ўладай з адданых Лукашэнку асобаў; а па-другое — датэрміновае галасаваньне. І тое, і другое спатрэбілася ўладзе для нахабнай фальсыфікацыі вынікаў выбараў", — лічыць маёр у адстаўцы Ільля Копыл зь Менску.

Сапраўды, спадар Ільля, прапановы наконт пазбаўленьня выбарчага права той ці іншай катэгорыі насельніцтва выглядаюць прынамсі дзіўнымі — асабліва калі зыходзяць яны ад людзей, якія называюць сябе прыхільнікамі дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Можна зразумець вашую крыўду з нагоды частых папрокаў на адрас адстаўных афіцэраў — папрокі гэты, сапраўды, не зусім справядлівыя. Хоць часьцей за ўсё маецца на ўвазе тое, што асноўную падтрымку цяперашняя ўлада мае ад людзей сталага веку, пэнсіянэраў. І аспрэчваць гэта не выпадае — доказам таму лічбы сацыёлягаў.

Наш сталы слухач і аўтар М., як заўсёды, зноў не праз пошту, а сам кінуў свой ліст у нашу абанэнцкую скрыню. Гэтым разам ён нагадвае пра тэму зьніклых. Цытую ягоны ліст:

"У хуткім часе міжнародная супольнасьць перастане ўспрымаць падзеі антытэрарыстычнай апэрацыі як адзіную вартую ўвагі навіну — людзі да ўсяго прывыкаюць. І тады беларуская апазыцыя зноў павінна зьвярнуць увагу сьвету на тое, хто сёньня ўзначальвае Беларусь. І кіраўнікам апазыцыі, і сваякам зьніклых палітыкаў варта было б зьвярнуцца да міжнародных арганізацыяў — ААН, АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту — з патрабаваньнем арганізацыі незалежнай камісіі ў справе пошуку зьніклых.

Праваабаронцы і грамадзкія арганізацыі маглі б наладзіць міжнародныя слуханьні накшталт "сахараўскіх" — у справе датычнасьці кіраўніцтва Беларусі да зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Завадзкага.

Усе падставы дзеля гэтага ёсьць: нягледзячы на тое, што былі апублікаваныя адпаведныя дакумэнты, Лукашэнка нават не пачаў расьсьледаваньня сур'ёзных абвінавачваньняў на адрас сваіх паплечнікаў — Шэймана, Сівакова, Паўлічэнкі. Магчыма, варта было б зьвярнуцца і да дэмакратычных арганізацыяў Расеі з просьбай стварыць такую камісію", — лічыць наш слухач М. зь Менску.

Ня думаю, шаноўны слухач, што людзі надта хутка прызвычаяцца да небясьпекі тэрарызму і перастануць яе востра ўспрымаць. Тым ня менш, вы, безумоўна маеце рацыю, калі пішаце пра ўвагу грамадзкасьці да тэмы зьніклых апанэнтаў рэжыму. Якраз цяпер, калі гэтая праблема страціла выбарчы кантэкст, і настаў час для аб’ектыўнага расьсьледаваньня. Вы слушна пішаце — забываць на гэтую праблему ні ў якім разе нельга, інакш зьнікненьні будуць працягвацца, а грамадзтву навяжуць атмасфэру страху.

На заканчэньне — ліст ад старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнай Акадэміі навук Валер'я Грыцука зь Менску. Ён распавядае гісторыю ўласнага змаганьня за свае правы. Цытую ягоны ліст:

"Апошнія чатыры гады спрабую праз розныя грамадзкія арганізацыі пашыраць прававую інфармацыю, дапамагаю настаўнікам. Займаюся і праваабарончай дзейнасьцю — падтрымліваю кантакты з "Amnesty International", заступаюся за беларускую мову.

Актыўна, у межах закону, абараняю і ўласныя грамадзянскія правы ў рамках судовай сыстэмы. Я падаў 14 пазоваў, адбыліся 3 судовыя працэсы. Апошні — супраць менскай міліцыі (і Першамайскага райаддзелу) я часткова выйграў. Рашэньнем суду міліцыя павінна мне сплаціць 50 тысяч рублёў кампэнсацыі за маральныя страты.

Магчыма, гэты мой выйгрыш раззлаваў міліцыянтаў, бо недзе праз 10 дзён пасьля працэсу супраць мяне ў Першамайскай раённай управе міліцыі распачалі крымінальную справу — нібыта за крадзеж дакумэнтаў з будынку суда. Мяне ўжо незаконна арыштоўвалі і ў кайданках забіралі з працоўнага месца. Прыйшлося зьведаць вязьніцу.

Мінула ўжо пяць месяцаў. Справа (абсурдная па сутнасьці) ня спыненая. Да мяне на працу двойчы прыходзілі міліцыянты. Перакананы, што мяне хацелі арыштаваць. Відавочна, што мяне палохаюць, ці за краты хацелі кінуць. На знак пратэсту я абвесьціў акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня", — паведаміў навуковец і актывіст грамадзкіх арганізацыяў Валеры Грыцук зь Менску.

Цяжка, спадар Валеры, даваць нейкія канкрэтныя ацэнкі ці парады, ня ведаючы ўсіх дэталяў справы. Хоць, відавочна, вашая настойлівасьць у дасягненьні пастаўленай мэты выклікае павагу.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Домна Лісоўская з Даўгаўпілсу, Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну, Васіль Дзяркач з Гомеля, Васіль Егарэнка і Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

XS
SM
MD
LG