Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

САМЫ МОЦНЫ ЎДАР ПА АФГАНІСТАНЕ


Мікола Іваноў, Прага

Бамбавікі далёкага радыюсу дзеяньня скінулі бомбы дакладнага навядзеньня на горныя раёны каля Кандагару, дзе, паводле інфармацыі выведкі, знаходзяцца шматлікія падземныя бункеры, дзе могуць хавацца тэрарысты і кіраўніцтва руху Талібан. Ёсьць інфармацыя, што сам лідэр талібаў мулла Мухамад Амар амаль ня трапіў пад бамбёжку. Пра гэта паведаміў па спадарожнікавым тэлефоне, як піша газэта New York Times, адзін незалежны бізнэсмэн, які не пасьпеў пакінуць Афганістан напярэдадні антытэрарыстычнай акцыі.

Выступаючы ў Белым Доме прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што антытэрарыстычная апэрацыя ў Афганістане карыстаецца поўнай падтрымкай усіх краінаў НАТА.

(Буш: ) “Некаторыя краіны НАТА будуць аказваць матэрыяльна-тэхнічную падтрымку падчас баявых апэрацыяў, іншыя запрапанавалі нам змагацца разам, калі мы аб гэтым папросім”.

У антытэрарыстычнай апэрацыі разам з амэрыканцамі ўдзельнічаюць брытанскія войскі. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэйр, які цяпер знаходзіцца ў Эгіпце, на прэсавай канфэрэнцыі ў Каіры схарэктарызаваў баявыя дзеяньні супроць тэрарыстаў наступным чынам:

(Блэйр: ) “Мы поўныя рашучасьці, каб ніколі гэтая акцыя не была вайной заходніх краінаў супроць ісьляму. Гэта няпраўда, гэта ніколі не было праўдай. Людзі ўсіх рэлігій, усіх палітычных перакананьняў, усе людзі, якія падзяляюць разумныя, цывілізаваныя каштоўнасьці, на ўсім сьвеце аб’ядналіся супроць тэрарызму”.

Прадстаўнікі талібаў сьцьвярджаюць, што ў выніку налётаў гінуць пераважна цывільныя асобы. Намесьнік амбасадара талібаў у Пакістане Сухаіл Шахін заявіў:

(Шахін: ) “Пэнтагон хлусіць сьвету, што ён не атакуе цывільныя асобы. Мы гаворым адміністрацыі Белага Дому: вашыя злачынствы, вашая зброя, вашая крывадушнасьць ня змогуць аслабіць маральны дух афганцаў”.

Паводле дадзеных талібаў, дасюль у выніку налётаў загінула 76 цывільных асобаў і больш за 100 было паранена. Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі талібаў, аднак, няма.

Амэрыканскія ўлады са свайго баку адзначаюць, што вайна ня можа абыходзіцца без ахвяраў нявінных людзей. Яны прызнаюць факт, што, ахвярамі налётаў могуць быць мірныя жыхары. У заяве Пэтагону гаворыцца, што, магчыма, ракета “Круз” зьнішчыла будынак, дзе знаходзілася місія ААН у справах разьмініраваньня, пад руінамі якога загінулі 4 цывільныя супрацоўнікі ААН.

Паводле інфармацыі Пэнтагону, мінулай ноччу бамбаваліся таксама пазыцыі супроцьпаветранай абароны талібаў, ваенныя гарнізоны, склады боепрыпасаў і камунікацыі. У налётах удзельнічалі 10 бамбавікоў Б-52 і Б-1, якія стартавалі з вострава Дыега Гарсыя, а таксама самалёты з авіяносцаў, якія знаходзяцца ў Персыдскай затоцы. Упершыню авіцыя ЗША выкарыстала 300-кіляграмовыя касэтныя авіябомбы.

Паведамляецца таксама, што ЗША атрымалі дазвол пакістанскіх уладаў выкарыстоўваць дзеля ваенных апэрацыяў дзьве пакістанскія ваенныя базы. Газэта New York Times сьцьвярджае, што Пэнтагон плянуе выкарыстаць іх дзеля правядзеньня наземных апэрацыяў з выкарыстаньнем войскаў спэцназу.

Удары арміі ЗША і Вялікай Брытаніі паступова прыводзяць да дэмаралізацыі арміі талібаў. Ёсьць інфармацыя, што на бок Паўночнага альянсу за мінулы дзень перайшлі каля 1700 талібскіх жаўнераў.

Лідэр Паўночнага альянсу, законны прэзыдэнт краіны Бархунудзін Рабані заклікаў усе палітычныя сілы краіны аб’яднацца вакол ягонага ўраду ў змаганьні з талібамі.

(Рабані: ) “Ісьлямская дзяржава і аб’яднаны фронт Паўночнага альянсу заклікае ўсе афганскія групы, рады і асобы прыбыць у Афганістан і пачаць супрацоўніцтва з ісьлямскай дзяржавай у галіне дасягненьня міру. І пасьля дасягненьня міру і стабільнасьці вырашыць далейшы лёс афганскага народу з дапамогай стварэньня Рады Джыргі, якая б прадстаўляла ўсе афганскія народы і якая б прыняла пастанову ў справе пераходнага ўраду і будучага разьвіцьця краіны”.

XS
SM
MD
LG