Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСКОПКІ Ў КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ПРАЦЯГВАЛІСЯ. ПАКУЛЬ БЕЗВЫНІКОВА


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Ці працягваюцца сёньня раскопкі?”

(Соусь: ) “З раніцы з-за дажджу не капалі. Але вось у другой палове дня надвор’е палепшылася, і літаральна 5 хвілін таму хлопцы ўзяліся за рыдлёўкі. Капаюць яму, якая раней ужо была пачатая. Яе глыбіня 1 мэтар, шырыня 1 мэтар, даўжыня 3 мэтры”.

(Ціхановіч: ) “Якая была мэтодыка выбару месца, дзе зараз капаюць?”

(Соусь: ) “Гэтае пытаньне я пераадрасоўваю лідэру Маладога Фронту Паўлу Севярынцу, які знаходзіцца побач са мной”.

(Севярынец: ) “Аснова мэтодыкі ўзятая з працаў Зянона Пазьняка і яго калегаў, якія пачалі тут капаць паўтара дзясятка гадоў таму. Паказаньнем для раскопак служыць яміна. Звычайна, у выніку згніваньня чалавечых целаў, запоўненая трупамі яміна правальвалася на мэтар ці болей. Гэтых ямінаў шмат у Курапцкім лесе. Разам з тым прасаджаная яміна можа знакаваць і тое, што была эксгумацыя, калі целы перахоўвалі. Тое, што мы нічога не знайшлі, можа сьведчыць аб тым, што частка ямінаў прыроднага паходжаньня, а частка іх перазахаваная. Непадалёк ад дарогі маглі перазахоўваць цалкам, каб не пакідаць ніякіх сьлядоў. Ну а далей у лес, відаць, такой настойлівасьці ўжо не было”.

(Ціхановіч: ) “Наколькі нечаканай была заява Аляксандра Лукашэнкі, што трэба праявіць увагу да Курапатаў, бо там, маўляў, ляжаць і нашыя людзі?”

(Севярынец: ) “Яна была абсалютна прадсказальная. Паколькі зараз Лукашэнку патрэбнае міжнароднае прызнаньне, паколькі зараз яму трэба выглядаць добрым царом, дык гэта абсалютна прадсказальна. Я не выключаю, што Лукашэнка можа нават зьявіцца ў Курапатах, можа нават на Дзяды, можа аб’явіць аб пабудове мэмарыялу ці нейкай сьценкі, якая б знакавала ўвагу ўладаў да месца трагедыі. Карацей, чарговы раз згуляць у папулізм. Мы бачым такую магчымасьць, і зьвязваем гэта і з тым, што нядаўна тут ноччу зьяўлялася некалькі машынаў, высаджвалася некалькі групаў людзей у цывільным, хадзілі з рацыямі па лесе”.

(Ціхановіч: ) “Павал, а ці прыміце вы ідэю мэмарыялу, калі яна будзе сыходзіць ад Лукашэнкі?”

(Севярынец: ) “Чаму не? Калі гэта будзе ідэя паўнавартаснага мэмарыялу, калі дарога пройдзе не па костках, а ў абход Курапатаў, а тут будзе добраўпарадкаваная тэрыторыя і ўсталяваная нейкая стэла, то, безумоўнга, мы прымем гэта. Але я сумняюся, што Лукашэнка будзе гэта рабіць, бо такім чынам ён абрынае сваю ўласную канцэпцыю кіраваньня, бо робіць шмат у чым тое самае, што рабілася ў Беларусі ў 30-я гады – зьнішчае мову, культуру. І гэта будзе для яго ненатуральны крок, калі ён пойдзе на поўнае прызнаньне таго, што адбылося ў Курапатах, і на пабудову тут мэмарыялу”.

(Соусь: ) “Паралельна з раскопкамі ладзіцца яшчэ адна акцыя Маладога Фронту – ідзе збор подпісаў сярод жыхароў мікрараёну Зялёны Луг-6 за тое, каб участак менскай кальцавой дарогі каля Курапатаў быў зачынены, і каб была праведзеная аб’яздная дарога. Учора ўвечары маладафронтаўцы прайшлі некалькі пад’ездаў па вуліцы Мірашнічэнка і сабралі ўжо больш за 100 подпісаў. У квартале, што прылягае да ўрочышча, жыве каля 5000 чалавек. І сябры Маладога Фронту плянуюць зьвярнуцца практычна да кожнага зь іх. Зьбіральнікі подпісаў адзначаюць, што практычна ўсе жыхары Зялёнага Лугу вітаюць акцыю, якая цяпер праходзіць у Курапатах. Людзі не задаволеныя, як адбываецца рэканструкцыя, бо высякаюцца дрэвы, зьнішчаюцца дзіцячыя пляцоўкі, адпаведна, павялічваецца загазаванасьць і расьце шум ад дарогі. Дагэтуль людзі ідуць у Курапаты. Вось сёньня было ўсталявана яшчэ некалькі крыжоў. Кругласутачнае дзяжурства працягваецца. Апрача маладафронтаўцаў там дзяжураць сябры Беларускай партыі Свабоды, Зубра і КХП БНФ”.

XS
SM
MD
LG