Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫГЛЯДАЕ, АДНА НЯМЕЧЧЫНА Ў ЭЎРАПАРЛЯМЭНЦЕ ВЫСТУПАЕ ЗА ПАЛЯПШЭНЬНЕ АДНОСІНАЎ З АФІЦЫЙНЫМ МЕНСКАМ


Алена Панкратава, Менск

Аналітыкі не выключаюць супярэчнасьцяў у падыходах розных прадстаўнікоў Эўразьвязу.

Цяпер у дакладзе Элізабэт Шродтэр, якая прадстаўляе ў Эўрапарлямэнце інтарэсы Беларусі, замест ранейшай ідэі ізаляцыі прапануецца стратэгія эўрапейска-беларускага супрацоўніцтва — тое, што апошнім часам больш-менш прасоўваюць нямецкія палітыкі й палітолягі.

Упершыню беларускае пытаньне выслухалі без дыскусіяў. Дэпутаты выказаліся за ягоны гэтак званы даразгляд і прапанавалі вярнуцца да абмеркаваньня напрыканцы гэтага альбо ў пачатку наступнага году. Было меркаваньне, што за гэты час будуць прааналізаваныя розныя сыгналы афіцыйнага Менску, якіх чакаюць у Эўропе.

Паводле шэрагу заходніх аналітыкаў, у якасьці падобнага сыгналу можна разглядаць і ўчорашні выступ беларускага лідэра перад дэпутатамі Нацыянальнага сходу.

Як сьцьвярджаюць назіральнікі, шэраг заяваў беларускага кіраўніка можна назваць лібэральнымі: напрыклад, тое, што зь дзяржаўнымі датацыямі ў эканоміцы будзе пакончана, і грамадзяне самі павінны вучыцца зарабляць і выжываць. А таксама словы пра тое, што Беларусь гатовая прысьпешваць супрацоўніцтва з Эўропай, галоўным чынам зь Нямеччынай і ствараць спрыяльны клімат для інвэстыцыяў.

Усё гэта, паводле заходніх экспэртаў, сапраўды выглядае як навацыя, аднак ёсьць невялікая акалічнасьць. Няясна, які зьмест укладае беларускі лідэр ва ўсе гэтыя словы.

Нямецкі палітоляг, прафэсар унівэрсытэту ў Канстанцы Райнэр Лінднэр лічыць:

(Лінднэр: ) "З аднаго боку, гэта рыторыка. З другога, Лукашэнка бачыць, што без кантактаў з Захадам, заходнімі партнэрамі ён будзе ізаляваным прэзыдэнтам. Ня ведаю, як Італія (новая краіна-старшыня Эўразьвязу), але што да нашых іншых партнэраў у Эўразьвязе, напрыклад, Ангельшчыны, Францыі, то яны больш скептычна глядзяць на падобную дэклярацыю беларускага лідэра.

Мне здаецца, што немцы пакуль адзіныя, хто хоча пакласьці канец ізаляцыйнай палітыцы ў дачыненьні да Менску. Хаця той жа наш суайчыньнік Вік пасьля беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў мае зусім іншыя меркаваньні адносна заходняй стратэгіі. Ягоная пазыцыя больш блізкая да пазыцыі амэрыканскага, а не нямецкага амбасадара".

Паводле Райнэра Лінднэра, найбольш канструктыўныя падыходы да Беларусі можна выпрацаваць у часе самых розных формаў палітычнага дыялёгу. Адна зь іх — традыцыйны Нямецка-беларускі форум з удзелам розных эўрапейскіх і беларускіх палітыкаў і экспэртаў. Сёлета гэтая міжнародная сустрэча пачне працаваць 30 кастрычніка ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры.

Як лічыць Райнэр Лінднэр, менавіта ў часе вострых дыскусіяў можна ўстанавіць, ці мае афіцыйны Менск сапраўды новыя падыходы ў сваёй зьнешняй палітыцы.


XS
SM
MD
LG