Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЬ УГЛЯНІЦА ЗНАХОДЗІЦЦА Ў НАРВЭГІІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра тое, што Генадзь Угляніца знайшоў прытулак у Нарвэгіі, ягоны цесьць Радзім Гарэцкі даведаўся ўчора пасьля тэлефанаваньня Генадзя.

(Гарэцкі: ) "Увечары сапраўды патэлефанаваў Генадзь жонцы сваёй, Інэсе, і сказаў, што ён у Нарвэгіі. Гэта так — ён, відаць, там і нейкі прытулак атрымаў. Вось і ўсё, больш ён нічога асаблівага не сказаў. Адзінае яшчэ, што ўсё тое, што ён паведамляў на касэце, — праўда, ні ў якай правакацыі ні з таго, ні з другога боку ён ня ўдзельнічаў".

(Карэспандэнт: ) "А ён не тлумачыў, чаму столькі часу не было ад яго ніякіх зьвестак?"

(Гарэцкі: ) "Не, не тлумачыў, але, відаць, ня так проста было трапіць, бо за ім жа палявалі".

(Карэспандэнт: ) "А чаму супала так, што пра Ўгляніцу паведаміў Лукашэнка — і ён якраз пасьля гэтага патэлефанаваў дадому?"

(Гарэцкі: ) "Не, гэта не супадзеньне. Я мяркую, гэта проста так... Тут жа якраз зьнялі ахову, якая пільнавала Інэсу. Відаць, стала вядома, дзе знаходзіцца Генадзь, ён стаў для іх недасягальны, і яны зьнялі ахову. Я так думаю".

(Карэспандэнт: ) "Як вашая дачка адрэагавала на тэлефанаваньне мужа?"

(Гарэцкі: ) "Яна была вельмі рада, бо пачула ягоны голас, пераканалася, што ён жывы. Была вельмі радая, канечне".

(Карэспандэнт: ) "І якія ў іх цяпер пляны?"

(Гарэцкі: ) "Яшчэ ніякіх, якія пакуль могуць быць пляны? Ён проста паведаміў, што жывы і дзе ён знаходзіцца, а больш нічога".

(Карэспандэнт: ) "А яму можна патэлефанаваць?"

(Гарэцкі: ) "Не, пакуль што не".

(Карэспандэнт: ) "Ён ня даў нумара тэлефону?"

(Гарэцкі: ) "Нічога не паведаміў — ні ў якім горадзе, ні адрасу, ні тэлефону, нічога".

У КГБ аднак працягваюць афіцыйна лічыць Угляніцу дзейным супрацоўнікам. Крымінальная справа паводле ягонага зьнікненьня не спыняецца. Тое, што цяпер вядомае месца ягонага знаходжаньня, не азначае, што КГБ спыняе спробы вярнуць свайго "сакрэтаносьбіта". Пра гэта заявіў Радыё Свабода кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў.

(Котаў: ) "Нічога ня страчана, усё патрабуе праверкі, далейшага разьбіральніцтва, уліку новых абставінаў і гэтак далей. Праца працягваецца", — заявіў прадстаўнік КГБ.

Котаў паведаміў, што за ўчынак Ўгляніцы ніхто з супрацоўнікаў КГБ не панес службовага пакараньня, паколькі, маўляў, "няма падставаў". Такая заява, аднак, супярэчыць ранейшым правілам КГБ, дзе пераходы "носьбітаў сакрэтаў" за мяжу заўсёды суправаджаліся вельмі жорсткімі пакараньнямі.

Дагэтуль дакладна невядома, як Угляніца трапіў у Нарвэгію. Паводле ўчорашняй заявы Аляксандра Лукашэнкі, былы чэкіст зьбег за межы СНД праз сталіцу Кіргізіі Бішкек, куды яму праз Расею дапамог даехаць нейкі прадстаўнік Вярхоўнага камісарыяту ААН у справах уцекачоў.

Мае спробы спраўдзіць гэтыя зьвесткі посьпеху ня мелі. Намесьнік кіраўніка ўправы па сувязях з грамадзкасьцю Службы бясьпекі Кіргізіі спадар Раззакаеў заявіў Радыё Свабода, што ўпершыню чуе прозьвішчы Ўгляніцы і Жарнасека і ня ведае выпадкаў, калі б празь Бішкек зьбягалі за мяжу грамадзяне Беларусі. Паводле спадара Раззакаева, у Бішкеку няма прадстаўнікоў Вярхоўнага камісарыяту ААН па справах уцекачоў.

Дакладных зьвестак пра тое, дзе зараз знаходзіцца актывіст незарэгістраванай арганізацыі "Край "Андрэй Жарнасек, няма. Паводле Лукашэнкі, ён альбо ў ЗША, альбо ў Аўстрыі, але пацьвердзіць гэта пакуль немагчыма. У амбасадзе ЗША адмаўляюцца камэнтаваць любыя зьвесткі на тэму магчымага пераезду гэтых грамадзянаў у Амэрыку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG