Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАЛЬ УВЕСЬ УРАДЖАЙ ЗБОЖЖА НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗАРАЖАНЫ РАДЫЯЦЫЯЙ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёлета ў рэгіёне атрымалі амаль 600 тысяч тонаў збожжа. Спэцыялісты аблсельгасхарчу сьцьвярджаюць, што сапраўды чыстую прадукцыю знайсьці няпроста.

Без радыенуклідаў збожжа могуць атрымаць толькі лічаныя гаспадаркі Акцябрскага ды Петрыкаўскага раёнаў. Рэшта дае адносна чыстае збожжа, у якім утрыманьне радыецэзія і стронцыя не перавышае зацьверджаных санслужбай краіны нарматываў — адпаведна 160 і 11 бэкерэляў на кіляграм.

Аднак і гэты досыць высокі парог забруджанасьці ў чвэрці гаспадарак рэгіёну перавышаны. Нават у Рэчыцкім раёне, які прызналі на сёлетніх "Дажынках" у Мазыры пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва, 15 гаспадарак атрымалі збожжа з высокім узроўнем стронцыя.

Яшчэ больш брудны ўраджай у Чачэрску, Брагіне, Нароўлі, Хойніках. У прыватнасьці, у Нараўлянскім раёне, паводле інфармацыі начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Матараса, з амаль 7-тысячнага ўраджаю збожжа няма ніводнага кіляграму, які можна было б аддаць на харчы. Усё забруджанае збожжа ідзе тут на насеньне і корм жывёле. Прычым значную частку яго нараўлянцы накіроўваюць ў саўгасы-камбінаты "Сож" Гомельскага і "Зара" Мазырскага раёнаў.

Яшчэ адзін адрас прыёму радыеактыўнага ўраджаю — Мазырскі камбінат "Этанол". Ён пераганяе збожжа на сьпірт і вырабляе зь яго гарэлку. Дырэктар "Этанолу" Генадзь Уліванаў сьцьвярджае, што і сьпірт, і гарэлка адпавядаюць дзяржаўнаму стандарту.

Дарэчы, стандартам і ўзроўням адпавядае і атрыманае на забруджаным фуражы малако і мяса. Іншая справа — якія гэтыя стандарты і ўзроўні? У Расеі і ва Ўкраіне яны ўдвая больш жорсткія.

У рэгіёне даўно вядуць размовы пра перагляд дапушчальных узроўняў утрыманьня радыенуклідаў у сельгаспрадукцыі. Цяперашнія беларускія нарматывы перашкаджаюць экспарту яе, у прыватнасьці, у Расею.

Аднак нерэфармаваная сельская гаспадарка не гатовая да пераспэцыялізацыі, атрыманьня якаснай прадукцыі. Нават у хлебе, які выпякаюць з так званага чыстага збожжа, можа ўтрымлівацца паводле беларускіх нормаў 40 бэкерэляў на кіляграм радыецэзія і 3,7 бэкерэля — стронцыя.


XS
SM
MD
LG