Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАВІННА БЕЛАРУСЬ УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАЙ АПЭРАЦЫІ? ДУМКІ МЕНЧУКОЎ


Ягор Маёрчык, Менск

Выпадковыя суразмоўцы на вуліцах Менску, як і раней, збольшага падтрымліваюць вайсковую апэрацыю Злучаных Штатаў Амэрыкі і Вялікай Брытаніі на тэрыторыі Афганістану. Адначасова мінакі непакояцца за лёс цывільнага насельніцтва.

(Спадар: ) "Як стаўлюся? Яно і трэба, каб гэтую заразу зьнішчыць. Гэта проста зараза. Але, каб і бяз стратаў".

(Спадар: ) "Шкадую, што гінуць цывільныя людзі, але на дадзены момант гэта адзінае выйсьце".

(Спадар: ) "Такімі мэтадамі яны ня здолеюць змагацца з тэрарызмам. Праблема тэрарызму існуе ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, і ніхто ня здолеў змагацца зь ім эфэктыўна".

(Спадарыня: ) "Гэта вельмі небясьпечна. І нам бы ня ўлезьці ў гэтую вайну".

(Спадар: ) "Правільна ўсё Амэрыка робіць".

(Спадар: ) "Правільна! Давіць тэрарыстаў! Зараз жа!"

(Спадар: ) "Трэба, мабыць, прывучыць іх да парадку".

(Спадарыня: ) "Дрэнна, што людзі гібнуць. Але гэтым таксама трэба неяк рады даваць".

Колькі дзён таму афіцыйны Менск падтрымаў міжнародную апэрацыю ў справе барацьбы з тэрарызмам. Я запытаўся ў мінакоў: якім чынам Беларусь можа спрыяць дзеяньням антытэрарыстычнай кааліцыі?

(Спадар: ) "Беларусь можа дапамагчы толькі палітычнымі мерамі, салідарнасьцю зь міжнароднай супольнасьцю. Вайсковага патэнцыялу як такога ў Беларусі няма".

(Спадар: ) "Неяк удзельнічаць трэба, але ня ўдзельнічаць сілай і войскамі".

(Спадар: ) "На мой погляд, трэба абмяжоўвацца толькі дапамогай маральнага кшталту, а ўступаць у вайну ня трэба".

(Спадар: ) "Беларусь не павінна ўдзельнічаць, пасылаць туды свае войскі. А трэба папросту салідарнымі быць з Амэрыкай".

(Спадар: ) "Вайсковая дапамога — адназначна не. А гуманітарная — хай лепей дапамогуць свайму народу спачатку!"

(Спадар: ) "У нас не такая эканоміка, каб падтрымліваць такія акцыі".

(Спадар: ) "Нейкую дапамогу трэба аказваць".

(Карэспандэнт: ) "А чаму ня варта аказваць вайсковую дапамогу?"

(Спадар: ) "Ну, ужо раз былі навучаныя".

(Спадарыня: ) "Не! Не! Не! Нам хапіла вайны ў Афганістане: хлопцы там загінулі".

(Спадарыня: ) "Калі ўдзельнічаць, дык толькі ў гуманітарных акцыях".

Такім чынам, амаль усе мае суразмоўцы пагадзіліся, што ўдзел Беларусі мусіць абмежавацца маральнай падтрымкай ці гуманітарнай дапамогай.

XS
SM
MD
LG