Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІЦКАГА ЗАЦЬВЕРДЗІЛІ ПРЭМ'ЕРАМ, А ЛУКАШЭНКА ВЫСТАВІЎ УЛЬТЫМАТУМ ЗАХАДУ


Валер Каліноўскі, Менск

У сваіх выступах дэпутаты так хвалілі выбар Лукашэнкі, што спадару Навіцкаму ажно стала няёмка, гэта нават заўважыў сьпікер Вадзім Папоў. Некаторыя дагаварыліся да лёзунгу "Праграма Навіцкага — праграма падвышэньня дабрабыту народу". Паралельна дэпутаты прасілі грошай. Ніхто публічна ня выступіў супраць кандыдатуры Навіцкага.

Адначасова многія віншавалі Аляксандра Лукашэнку зь "перамогай на выбарах", а Вольга Абрамава, якую да нядаўняга часу лічылі апазыцыянэркай, назвала гэтую перамогу "пераканаўчай". Адказваючы на пытаньне спадарыні Абрамавай пра сытуацыю вакол Курапатаў, А.Лукашэнка сказаў, што ён апошнім часам пабываў там двойчы:

(Лукашэнка: ) "І даўно прынятае мною рашэньне пра тое, як там ні было б, мы ж разумеем, што там загінулі людзі. Няважна, хто іх там расстраляў — немцы, сталіністы... Урэшце можа быць сёньня, і ня наша справа рыцца ў гэтым: там косьці людзей. І ніхто не абверг, што гэта нашы людзі. У тым ліку нашы людзі, скажам так.

Мною прынятае рашэньне — бяз гвалту, бяз крыку — зрабіць акуратны зьезд, там вельмі добрыя разьвязкі, зрабіць просты, прыгожы, як вы кажаце, мэмарыял, ну — помнічак паставіць".

Калі будуць знойдзеныя пахаваньні на месцы пашырэньня шашы, усякае будаўніцтва там спыняць, — паабяцаў А.Лукашэнка.

Да лёсаў зьніклых палітыкаў Лукашэнка ня быў гэткі гуманны. Ён прапанаваў Абрамавай шукаць ня толькі Ганчара і Захаранку, але і тысячы бясьсьледна зьніклых:

(Лукашэнка: ) "Яны ж развалілі ўсе крымінальныя справы, выцягваючы і ксэракапіруючы некаторыя дакумэнты, якія былі ў крымінальных справах".

Лукашэнка таксама паведаміў, што выставіў ультыматум Захаду ва ўчорашняй размове з новым нямецкім амбасадарам:

(Лукашэнка: ) "Калі да канца году ня будуць заўважаныя пазытыўныя тэндэнцыі ва ўзаемаадносінах з усімі структурамі ўлады ў Беларусі, пачынаючы з ураду і заканчваючы чыноўнікамі на раённым сельскім узроўні, ніякіх закалыхваньняў з боку Захаду мы ня прымем".

Лукашэнка тым ня менш назваў адным з галоўных партнэраў Беларусі на Захадзе Нямеччыну, заявіў пра гатовасьць нармалізаваць адносіны з ЗША, паведаміўшы, што адпаведныя даручэньні ўжо даў. Адносна ж кандыдатуры Генадзя Навіцкага, якая падчас выступу заставалася ў цені, Аляксандар Лукашэнка заявіў: "Якім шляхам ісьці — вырашаць прэзыдэнту. Я хачу, каб урад працаваў як калегіяльны орган. Прэм'ер-міністар асабіста не прымае ніякіх рашэньняў".

(Лукашэнка: ) "Дыктатараў у краіне дастаткова. Іх можна было знайсьці — тых, якія будуць стукаць кулаком і кіраваць. Дастаткова. Вы часта гаворыце, што аднаго хопіць".

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, новаму ўраду даручаецца кіраваць пераважна эканамічымі мэтадамі, але размовы пра магчымасьць пэўнай лібэралізацыі эканомікі тут жа спыняліся агаворкамі пра тое, што дзяржава зусім не зьбіраецца адмаўляцца ад адміністрацыйнага рэгуляваньня эканомікі. Генадзь Навіцкі паабяцаў "апраўдаць глыбокі давер А.Лукашэнкі".

Пра свае намеры гаворыць Генадзь Навіцкі:

(Навіцкі: ) "Моцна і шмат працаваць. Я да таго, як у панядзелак прыйшоў адказваць на пытаньні дэпутатаў, я сказаў фразу, якую не прыдумаў, а так было на самой справе: сем дзён і начэй я рыхтаваўся да таго, каб тут вытрымаць гэты экзамэн. Канечне, надалей рэжым працы будзе іншы".

Былы прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір лічыць, што іншага рашэньня ад "палаты прадстаўнікоў" чакаць было ня варта, а Навіцкі будзе паслухмяна выконваць загады адміністрацыі прэзыдэнта, а зрэдку можа выступіць і з ініцыятывай.

(Чыгір: ) "Будзе выконваць загады з Чырвонага дому. Можа, дзе-калі праявіць ініцыятыву раз на квартал. Тут чакаць асабліва не прыходзіцца нічога. Можа, будзе дзесьці раз на квартал штосьці такое зыходзіць з ураду, што атрымае падтрымку".

(Карэспандэнт: ) "Як бы ў розных умовах у параўнаньні з вамі ён?"

(Чыгір: ) "Па-першае, я павінен сказаць, што калі я працаваў у 1994– 95 гадах, то ўрад працаваў амаль самастойна. Усе тыя рашэньні, якія прымаліся ўрадам, — пад'ём цэнаў, збалянсаваньне і ўстойлівасьць рубля, — яны прымаліся не ў адміністрацыі прэзыдэнта, а прымаліся ўрадам і Нацыянальным банкам. З 1996 году — чаму я ішоў у адстаўку — я адчуваў, што сам такіх рашэньняў прымаць не магу".

(Карэспандэнт: ) "А як вы ацэньваеце такую працэдуру: спачатку прызначылі ўсіх міністраў, а потым прэм'ера?"

(Чыгір: ) "Зроблена так, як ня робіцца ў людзей. Павінна быць так, што прызначаецца прэм'ер, і ён павінен выносіць прапановы: каго пакінуць, каго прызначыць новага. А ён апошні — усё роўна, як быццам ён самы апошні ва ўрадзе. Так ня робяць", — мяркуе Міхаіл Чыгір.
XS
SM
MD
LG