Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУМЕЖНЫЯ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ КРАІНЫ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ ПРАЗРЫСТАСЬЦЮ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЙ МЯЖЫ


Ігар Карней, Менск

Адпаведныя службы Літвы, Латвіі, Украіны й Польшчы матывуюць гэта тым, што празрыстасьць беларуска-расейскай мяжы стымулюе імклівы рост нелегальных ўцекачоў з зоны канфлікту на Захад. Нязьменнай да Беларусі застаецца пакуль толькі пазыцыя афіцыйнай Масквы.

Першымі пра ўзмоцнены кантроль мяжы зь Беларусьсю ўчора абвесьцілі ўлады Літвы. Апошнім часам літоўскія памежнікі ледзь не штодня спыняюць спробы нелегальнага пераходу беларуска-літоўскай мяжы.

Адпаведныя захады прынялі і ў Польшчы — гэта традыцыйна найбольш папулярны кірунак на Захад. Спыняюць незаконных мігрантаў і беларускія памежныя ды мытныя службы. Вось што мне паведамілі ў прэсавай службе Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі:

(Прэсавая служба: ) "99% уцекачоў хочуць у Эўропу. Таму йдуць нелегальна. На мінулым тыдні зноў прыйшло паведамленьне пра 23 затрыманых. Літовец прывёз на мікрааўтобусе, на тым баку чакаў паляк, але нашыя далей не пусьцілі".

Асьцерагаюцца афганскіх уцекачоў і ва Ўкраіне. Вось што паведаміў Радыё Свабода супрацоўнік украінскай амбасады ў Беларусі Алег Алейнік:

(Алейнік: ) "Як і ва ўсіх постсавецкіх краінах, пэўная колькасьць афганцаў у нас ёсьць, але колькі канкрэтна — баюся, ніхто ня ведае. Вас, пэўна, цікавіць, апэратыўная інфармацыя. Але магу толькі канстатаваць, што пытаньне з афганцамі існуе".

Многія спрабуюць зарабіць на чужым горы. У часе працэдуры пераходу празь мяжу апошнім часам арыштавалі дзясяткі грамадзянаў практычна ўсіх сумежных зь Беларусьсю краінаў — Польшчы, Літвы, Украіны ды ўласна Беларусі. Прадпрымальныя асобы бяруць з уцекачоў вялікія грошы, але не гарантуюць беспраблемнага пераходу празь мяжу.

Менш клопатаў з уцекачамі на беларуска-латыскім напрамку. Гэтая мяжа аддаленая ад звыклых міграцыйных шляхоў. Гаворыць другі сакратар амбасады Латвіі ў Беларусі Ніл Ёдс:

(Ёдс: ) "У рабочым парадку нешта, само сабой, узмацняецца, але афіцыйны статус гэтаму наўрад ці нададзены. Адмыслова да апэрацыі ў Афганістане, мяркую, гэта не прымеркавана. Справа ў тым, што нагляд на беларуска-латыскай мяжы дастаткова прафэсійны і працэдура дагляду адпавядае двухбаковым патрабаваньням. І пакуль радыкальных зьменаў не прадбачыцца".

Беларускія службы таксама не ў захапленьні ад пэрспэктываў пераарыентацыі на праблемы ўцекачоў. Але пытаньне адкрытасьці беларуска-расейскай мяжы пры гэтым далікатна абыходзяць. У памежным камітэце лічаць, што паток мігрантаў павінен рэгулявацца яшчэ ў Сярэдняй Азыі. Хоць факт наплыву ўцекачоў пры гэтым ніяк не аспрэчваецца. Гаворыць супрацоўніца камітэту Сьвятлана Бяляцкая:

(Бяляцкая: ) "Усё роўна людзі будуць спадзявацца на выпадак, а тым болей будуць уцякаць ад бомбаў. Прынамсі, прагназаваць гэта няцяжка. Адзінае рэальнае выратаваньне — калі б сярэднеазіяцкія краіны мацней закрылі свае межы. Таму кожны дзень такая статыстыка: дзесьці 20 чалавек на мяжы затрымалі, дзесьці яшчэ больш. Карацей кажучы, працэс ідзе ўвесь час, і гэта вельмі дрэнна".

Што да спробаў высьветліць пэрспэктывы ўмацаваньня беларуска-расейскай мяжы, што ўчора прапанаваў зрабіць лідэр БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка, то ў расейскай амбасадзе падобны запыт пакінулі без камэнтароў.

XS
SM
MD
LG