Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭПАРТАЖ З КУРАПАТАЎ. УНАЧЫ НЕВЯДОМЫЯ, ПАТРУЛЯВАНЫЯ МІЛІЦЫЯЙ, ПРАВЯРАЛІ РАСКОПКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ніякіх пахаваньняў да гэтага часу ня знойдзена. Раскопкі будуць працягвацца яшчэ як мінімум тыдзень.

Сёньня ўначы ў Курапатах знаходзіліся больш за 10 актывістаў моладзевых арганізацыяў, і адбылося незвычайнае здарэньне: некалькі груп маладых людзей прыехалі ў Курапаты на машынах і цягам начы хадзілі па ўрочышчы. Яны паводзілі сябе вельмі дзіўна.

Калі абаронцы Курапатаў спрабавалі да іх наблізіцца, каб высьветліць прычыны зьяўленьня, тыя адразу ўцякалі.

Невядомыя засыпалі адно зь месцаў раскопак. Дарэчы, увесь час, калі яны знаходзіліся ў Курапатах, непадалёк на дарозе стаялі дзьве міліцэйскія машыны.

На думку актывіста Маладога фронта Сяржука Маскойця, гэта была акцыя псыхалягічнага ціску на абаронцаў Курапатаў.

Сёньня ў Менску прайшло паседжаньне рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Як паведаміла сакратар грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне Курапатаў” Ірына Жыхар, рабочая група асамблеі вырашыла зьвярнуцца да няўрадавых арганізацыяў з прапановай падрыхтаваць і накіраваць у вайсковую пракуратуру Беларусі звароту з патрабаваньне рассакрэціць і зрабіць даступнымі вынікі расьсьледаваньня, праведзенага ў Курапатах у 97-98 гадах.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, гэтае расьсьледаваньне, ініцыяванае шэрагам праўрадавых арганізацыяў, чарговы раз пацьвердзіла, што ў курапацкіх магілах ляжаць ахвяры менавіта камуністычнага тэрору.

Ініцыятыва “За выратаваньне Курапатаў” падрыхтавала таксама праект скаргі ў пракуратуру Беларусі, каб даць ацэнку дзеяньням службовых асобаў, якія дазволілі работы ў Курапатах.

Дарэчы, у жніўні мінулага году Аляксандар Лукашэнка сваім распараджэньнем прызначыў адказным за паскоранае пашырэньне кальцавой дарогі цяперашняга кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага, у той час віцэ-прэм’ера і куратара будаўнічай галіны. Лідэры БНФ пастанавілі правесьці 3-га лістапада шэсьце і мітынг у Курапатах з нагоды Дня памінаньня продкаў.

Шэсьце пачнецца а 13-й гадзіне зь менскай плошчы Якуба Коласа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG