Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУМАНІТАРНЫ ЛІЦЭЙ У СЬВЕТЛАГОРСКУ - ЛІКВІДАВАНЫ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

Загадчыца гарадзкога аддзелу адукацыі Галіна Філіповіч распавяла вашаму карэспандэнту, што будынак ліцэю і маёмасьць перададуць Дому дзіцяча-юнацкай творчасьці. Суседняй сярэдняй школе №1, куды адыходзіць ліцэй, перадаюць толькі ягоную адмысловую бібліятэку. У ёй, дарэчы, шмат унікальнай літаратуры, у тым ліку й кнігі беларускамоўнага навучаньня, выдадзеныя ў Нямеччыне, ЗША ды іншых краінах.

Выкладчыкі таксама перайшлі на працу ў суседнюю сярэднюю школу. Пад скарачэньне трапіла сакратарка ліцэю Алеся Барэйша.

Што ж да ліцэістаў, то ўсіх іх за выкладчыкамі перавялі навучацца ў згаданую сярэднюю школу №1 — і менавіта ў ліцэйскія клясы. Галіна Філіповіч перакананая, што канфлікт вычарпаны.

Аднак гэта не зусім так. Атэстаты пра сярэднюю адукацыю навучэнцы ліцэйскіх клясаў атрымаюць акурат такія, як і ўсе астатнія выпускнікі школы. Гэта задавальняе далёка ня ўсіх ліцэістаў, і асабліва апошняга курсу навучаньня.

Распавядае цяпер ужо былы кіраўнік Сьветлагорскага ліцэю Тэльман Масьлюкоў:

(Масьюкоў: ) "Галоўнае незадавальненьне выклікаецца тым, што яны не атрымаюць атэстаты ліцэю. Сёньня ўжо чатыры навучэнкі 11 клясы заявілі пра сваё жаданьне перайсьці вучыцца ў Менск, у цэнтральны ліцэй, і я ўжо вяду перамовы з дырэктарам Уладзімерам Коласам, каб ён іх туды прыняў".

Пра жаданьне працягваць вучобу не ў сярэдняй школе, а ў Нацыянальным гуманітарным ліцэі заявілі 11-клясьніцы Тацяна Дзьмітрыева, Кацярына Сідарава, Тацяна Шчэрбіна і Натальля Раманюк. Першыя дзьве навучэнкі даволі часта бывалі ў сталічным ліцэі, удзельнічалі там у розных канфэрэнцыях і конкурсах. Ліцэісты не жадаюць, каб папярэднія два гады навучаньня былі страчаныя і ніяк не пазначаныя ў атэстаце сталасьці.

У сталіцу са Сьветлагорску пераехалі б і іншыя навучэнцы, але ў Нацыянальнага ліцэю няма магчымасьці забясьпечыць іх інтэрнатам.

XS
SM
MD
LG