Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО АФІЦЭР КГБ ГЕНАДЗЬ УГЛЯНІЦА - У НАРВЭГІІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

КГБ Беларусі паведаміла таксама, што Ўгляніца і Жарнасек былі перапраўленыя за мяжу. Пра гэта ў інтэрвію агенцтву "Інтэрфакс" заявіў старшыня КГБ Леанід Ерын.

Паводле словаў Ерына, Угляніца быў "незаконна вывезены праз Бішкек і Стамбул у Нарвэгію, а Жарнасек трапіў у Лёндан.

Абодва пэўны час знаходзіліся на тэрыторыі прадстаўніцтва Вярхоўнага Камісара ААН у справе ўцекачоў у Маскве. Кіраўніцтва гэтай арганізацыі, сьцьвярджае Ерын, не адказала на прозьбу ўладаў Беларусі і Расеі выдаць Угляніцу і Жарнасека.

Зараз КГБ праводзіць расьсьледаваньне вывазу за мяжу грамадзянаў Беларусі, - падкрэсьліў старшыня КГБ Леанід Ерын.

Тым часам сваякі зьніклага актывіста незарэгістраванай арганізацыі "Край" Андрэя Жарнасека дагэтуль не зьвярнуліся ў міліцыю з нагоды ягонага зьнікненьня. Пошукі другога зьніклага, супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцы, пакуль не далі станоўчых вынікаў.

Мінула 40 дзён, як у мэдыях зьявілася відэакасэта з заявамі супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцы і актывіста "Края" Андрэя Жарнасека. Нагадаю, у сваім відэазвароце Ўгляніца і Жарнасек абвінавацілі кіраўнікоў краіны ў датычнасьці да зьнікненьня апазыцыянэраў і папярэдзілі, што баяцца помсты за сваю заяву.

Аўтары заявы абяцалі даслаць новыя доказы віны Шэймана, Сівакова ды іншых сілавікоў, і таму чакалі, што неўзабаве яны аб'явяцца за мяжой. Аднак ніякіх паведамленьняў ад іх больш не паступіла, і самі яны больш нідзе пра сябе не абвесьцілі. Таму і ўзьніклі сур'ёзныя апасеньні за іхныя жыцьці, у тым ліку і ў калегаў Угляніцы па КГБ. Там па зьнікненьні Ўгляніцы завялі крымінальную справу, і яна дагэтуль вядзецца, — сьцьвярджае кіраўнік цэнтру па сувязях з грамадзкасьцю КГБ Фёдар Котаў.

(Котаў: ) "Мы свайго супрацоўніка шукаем, у нас зьнік сакрэтаносьбіт. Яго трэба спачатку знайсьці, а ўжо потым падключыць пракуратуру. У пракуратуры няма апэратыўных магчымасьцяў, яна ўсё роўна абапіраецца альбо на КГБ, альбо на МУС, альбо на ўсіх разам".

Заўважу, што адносна заявы Генадзя Ўгляніцы і Андрэя Жарнасека існуюць процілеглыя меркаваньні. Адны лічаць, што гэта была правакацыя КГБ з мэтай дыскрэдытацыі апазыцыі. На карысьць гэтай вэрсіі прыводзяцца тое, што выезд журналістаў на месца, якое ўказалі Ўгляніца і Жарнасек як месца магчымага пахаваньня Ганчара і Красоўскага, нічога ня даў.

Аднак існуе і другая вэрсія, пра якую кажуць найперш актывісты арганізацыі "Край". Яны заяўляюць, што Жарнасек і Ўгляніца сапраўды самастойна расьсьледавалі справу пра зьнікненьне Ганчара і Красоўскага і абнародавалі праўдзівыя зьвесткі. Іншая рэч, што сьляды злачынства маглі быць перахаваныя. Праўда, і "краёўцы" ня могуць з пэўнасьцю сказаць, дзе зараз Угляніца і Жарнасек.

У КГБ, прынамсі, перакананыя, што Ўгляніца жывы. Гэтая перакананасьць, паводле Фёдара Котава, грунтуецца на нейкіх выніках пошукаў, але якіх — ён паведаміць адмаўляецца.

(Котаў: ) "Калі мы зараз пачнем распавядаць пра ўсё, што робім, то можам яго жывога не пабачыць", — лічыць прадстаўнік КГБ.

Пры гэтым ён паведаміў, што другога зьніклага па гэтай справе, Андрэя Жарнасека, КГБ нават не шукае. Магчыма, гэта робіць міліцыя, але Фёдар Котаў дакладна ня ведае, ці зьвярталіся сваякі Жарнасека ў міліцыю.

Як мне паведамілі ў гарадзкой міліцыі, сваякі Жарнасека сапраўды ў міліцыю з заявай пра ягонае зьнікненьне не зьвярталіся.

(Гурыновіч: ) "Жарнасека не шукаюць, а не шукаюць таму, што няма заявы", — сказала супрацоўніца прэсавага цэнтру сталічнай міліцыі Анжаліка Гурыновіч.

Між тым, дзіўнымі выглядаюць і намаганьні міліцыі ў справе пошуку Генадзя Ўгляніцы. Дакладна вядома, што ў сталічных аэрапортах і вакзалах ягоных партрэтаў і зьвестак пра ягоны пошук няма. Адзінай рэальнай прыкметай таго, што Ўгляніцу сапраўды шукаюць, ёсьць супрацоўнікі КГБ, якія дзяжураць побач з кватэрай Угляніцы. Гэты пост дагэтуль не зьнялі, паведаміў цесьць Угляніцы Радзім Гарэцкі.

(Гарэцкі: ) "Тут яны стаяць, галоўным чынам за жонкай Генадзя сочаць. Калі яна сына ў школу вядзе, дык яны адвозяць. Ідзе куды — дык яны зь ёй", — сказаў Радзім Гарэцкі.

Ён сьцьвярджае, што ў іхнай сям'і нічога невядома пра тое, што сталася з Генадзем і Андрэем.

XS
SM
MD
LG