Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФГАНІСТАН. ВІКТАР ДЗЯТЛІКОВІЧ: УЦЕКАЧЫ З КАБУЛУ СЬВЕДЧАЦЬ ПРА РАЗБУРЭНЬНІ Ў ЖЫЛЫХ КВАРТАЛАХ


Гутарыў Віталь Тарас

(Дзятліковіч: ) “Ведаеце, Віталь, нам прасьцей назіраць, калі ўдары адбываюцца позна ўначы, бо мы знаходзімся ў 50-ці кілямэтрах ад Кабулу, але паміж намі і Кабулам – горы і ня шмат бачна. Ўначы, калі адбываюцца ўдары, бачныя вынікі гэтых удараў, мы бачым нейкія выбухі, сьвятло над гарамі.

Сёньня ўдзень, дакладней бліжэй да вечара, калі былі нанесеныя ўдары, мы нічога, на жаль, ня бачылі. Але мы ведаем, што ўдары былі нанесеныя, мэтамі гэтых удараў былі гарады Кандагар, Кабул. Пакуль невядома, якія будынка пашкоджаныя, якія – зьнішчаныя.

Але мы ведаем вынікі ўчорашніх амэрыканскіх удараў. Сёньня мы размаўлялі з уцекачамі з Кабулу, якія прыехалі сюды некалькі гадзінаў таму, яны казалі, што ўчорашнія ўдары былі накіраваныя на тэлевежу кабульскую і аэрапорт.

Як вядома, талібы забаранілі на сваёй тэрыторыі тэлебачаньне, таму тэлевежа імі выкарыстоўвалася, каб там разьмесьціць радары супрацьпаветранай абароны. Я думаю, гэтыя радары і былі мэтай амэрыканцаў. Але аэрапорт, гэта зразумела, зараз амэрыканцы зьнішчаюць усе аэрапорты, аэрадромы на тэрыторыі Афганістана, якімі могуць карыстацца талібы”.

(Карэспандэнт: ) “Віктар, сёньня многія СМІ пішуць, што ў бліжэйшыя дні ці нават гадзіны можа пачацца наступ Паўночнага Альянсу на Кабул. Ці можаце пацьвердзіць Вы гэтую інфармацыю?”

(Дзятліковіч: ) “Мы жывем у чаканьні наступу Паўночнага Альянсу ўжо прыблізна 3 тыдні, але пакуль яго няма. У нас ёсьць папярэдняя інфармацыя пра бліжэйшыя пляны Паўночнага Альянсу. Паводле нашай інфармацыі, сёньня маштабнага наступу ня будзе, але, магчыма, ён пачнецца ў бліжэйшыя дні. Справа тут вось у чым: Паўночны Альянс чакае моцных удараў амэрыканцаў па першай лініі фронту, бо зараз удары скіраваныя больш на тыл талібаў, на тыя аб’екты, што знаходзяцца ў глыбокім тыле.

На першай лініі фронту, дзе сканцантраваныя фактычна ўсе сілы талібаў, там пакуль удараў няма. Таму Паўночнаму Альянсу супрацьстаіць моцная сіла талібаў. Напрыклад, на Кабульскім кірунку талібы сканцантравалі прыблізна 12-14 тысячаў сваіх салдатаў, у той час як у Паўночнага Альянсу ўсяго 8-10 тысячаў. Вельмі складана ісьці ў наступ.

У Паўночнага Альянсу плян такі зараз: яны чакаюць моцнага ўдару амэрыканцаў беспасярэдне па акопах, па пазыцыях талібаў. Сёньня аддадзены загад усім кіраўнікам, камандзірам аддзелаў Паўночнага Альянсу быць гатовымі ў бліжэйшыя два-тры дні перайсьці ў наступ ва ўсіх Паўночных правінцыях.

Мэта гэтага наступу відавочная: вызваліць паўночныя тэрыторыі, якія на мяжы з Таджыкістанам і Узбэкістанам. Менавіта праз гэтую мяжу Паўночны Альянс павінен атрымоўваць дапамогу. Перадусім, зброю”.

(Карэспандэнт: ) “Ня лішне нагадаць нашым слухачам, у якіх умовах працуюць і жывуць журналісты. Як Вы здабываеце інфармацыю?”

(Дзятліковіч: ) “Здабываць інфармацыю нам даволі складана, бо адзіная крыніца інфармацыі – гэта прадстаўнікі Паўночнага Альянсу, але, як на любой вайне, як Вы разумееце, ня трэба адразу верыць на слова прадстаўнікам аднаго з варожых бакоў. Прыклад такі: яшчэ тыдзень таму прадстаўнікі Паўночнага Альянсу заяўлялі, што горад Мазары Шарыф амаль што захоплены, казалі, што сілы талібаў акружаныя, праз дзень-два здадуцца. Пасьля высьветлілася, што атрады Рашыд Дустума падышлі толькі на 40 кілямэтраў да гораду. Так што даволі цяжка зь інфармацыяй. Адзіная крыніца інфармацыі, якой можна верыць – мясцовыя жыхары, дакладней, тыя людзі, якія ідуць з тэрыторыяў, кантраляваных талібамі.

Напрыклад, сёньня мы гаварылі з уцекачамі з Кабулу, яны намалявалі такую карціну: усе салдаты, якія раней былі дыслякаваныя ў Кабуле, зараз перакінутыя на першую лінію фронту. Гэта значыць, што талібы рыхтуюцца да наступу. Апроч таго, яны паведамляюць, што ў горадзе ў апошнія 2-3 дні зачыненыя амаль усе крамы, улічваючы, што не прывозяцца харчы ў Кабул, гэта хутка можа стаць вялікай праблемай.

Яны гавораць, што ўсе людзі, якія маглі пакінуць Кабул, - пакінулі. Апроч таго, дарэчы, сёньня мы атрымалі пацьверджаньне ад уцекачоў, што некаторыя ракеты патрапілі ў жывыя кварталы. Адзін з уцекачоў расказаў, што на свае вочы бачыў дом, які быў разбураны амэрыканскімі ракетамі, і людзей, якія загінулі.

Вельмі цяжка кантраляваць сытуацыю па ўсім фронце, бо ён раскіданы. Няма такога, што Паўночны Альянс кантралюе ўсю нейкую цэльную тэрыторыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG