Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦЫ ЗАПАСЬЛІСЯ ПІСТАЛЕТАМІ І СТРЭЛЬБАМІ. ЦІ МОЖНА ГАВАРЫЦЬ ПРА ПАНІКУ Ў ЗША?


Гутарыла Алена Ціхановіч

Амэрыка сочыць за падзеямі ў Афганістане, і ваенная апэрацыя мае беспрэцэдэнтную падтрымку грамадзства, такую падтрымку ня мела ніводная ваенная апэрацыя за апошнія сто гадоў. Па телебачаньні паказалі ракеты – “тамагаўкі”, якімі былі нанесеныя ўдары па базах талібаў, на некаторых было напісана “За нью-ёркскую паліцыю, за нью-ёркскіх пажарных. Мы – памятаем!”. Вядома таксама, што права нанесьці першыя удары па базах тэрарыстаў, былі пілоты, чые сем’і жылі альбо жывуць ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. У некаторых зь іх 11 верасьня загінулі сваякі і знаёмыя. Вынік першых двух дзён апэрацыі амэрыканцы ацэньваюць станоўча. І гэта не перашкаджае разуменьню таго, што вайна з тэрарызмам можа быць доўгай і запатрабуе шмат ахвяраў з амэрыканскага боку. На лёкгую перамогу тут ніхто не разьлічвае.

Толькі што па тэлебачаньні выступіў губэрнатар штату Нью-Ёрк Джордж Патакі і паведаміў, што пад ахову з сённяшняга дня бяруцца усе транспартныя станцыі, у тым ліку аўтавакзалы. Да гэтага байцамі нацыянальнай гвардыі пад ахову былі ўзятыя аэрапорты. Абвешчана, што работніткам прыдарожных гатэляў даецца права зьвяртацца да тых, хто засяляецца, з просьбай адкрыць багажнік машыны. Фармальна такога права няма, бо гэта фактычна ператрус, які немагчымы без ордэра пракурора, але мяркуецца, што рабіцца гэта будзе ў падазроных выпадках і што чалавек, якому няма чаго хаваць, згодзіцца адкрыць багажнік і без ордэру. У супрацьлеглым выпадку, напэўна, будуць выклікаць паліцыю. Гэта – надзвычайная мера бясьпекі, прычым яна закраная правы асобы, да якіх ставяцца у Амэрыцы вельмі далікатна, і праваабаронцы ўжо выказваюць трывогу, што вось такімі невялікімі крокамі дзяржава можа адваяваць у асобы яе асноўныя правы.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей, дарэчы, вось гэтыя новаўвядзеньні, і навогул надзвычайныя меры бясьпекі – ці не перакрэсьліваюць яны імідж Амэрыкі як краіны, дзе чалавек адчувае сябе свабодна і небясьпечна?”

(Навумчык: ) “днямі адзін мой знаёмы, які мае ўласную тэлевізійную фірму, якая пастаўляе відэаінфармацыю зь Нью-Ёрку за мяжу, распавёў мне пра крытэрыі да матэрыялаў, якія выказала кіраўніцтва аднаго вельмі ўплывовага і папулярнага расейскага тэлеканалу: “Больш негатыву, больш зьедлівасьці, трэба паказаць, што у ЗША – гэтулькі ж бязглузьдзіцы, як у Расеі, а амэрыканцы – у паніцы і ў страху”. Мы ведаем, што афіцыйная пазыцыя Крамля у гэтыя дні – падтрымка ЗША, але на ўзроўні кіраўніцтва СМІ настроі вось такія, і мяркую, гэта будзе цікава слухачам “Свабоды”, якія з большасьці знаходзяцца ў зоне расейскага тэлевяшчаньня. Дык вось: ня бачна ніякай панікі і ніякага страху. А тыя замежнікі, якія апынуліся у Нью-Ёрку ў першыя дні трагедыі, былі зьдзіўленыя, наколькі арганізавана праходзілі выратавальныя работы. Што да адчуваньня бясьпекі – тыя мае знаёмыя, а гэта дзесяткі нью-ёркцаў, зь якімі я тут сустракаюся, не выказваюць панічных настрояў, прычым гэта – людзі розных прафэсіяў - праграмісты, юрысты, журналісты, таксісты, будаўнікі, выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, і жывуць яны тут хто два гады, хто ўсё жыцьцё. І яшчэ адзін істотны момант: вось гэтыя абмежаваньні свабоды, якія ўводзяцца, - мэтазгоднасьць іх даволі падрабязна тлумачыцца ў прэсе, і кангрэсмэны падвяргаюць экспэртызе кожны падобны крок. Як я ўжо казаў, выступаюць і праваабарончыя арганізацыі. І гэта гарантыя, што праблема – у цэнтры грамадзскай увагі.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей, а ці людзі спрабуюць выкарыстаць нейкія спосабы самаабароны?

(Навумчык: ) “Традыцыйна ў Амэрыцы лічыцца, і гэта пацьверджана законам, што любы законапаслухмяны эыхар мае права на самаабарону, калі яму пагражае злачынца. Адсюль – і права на набыцьцё зброі. Адзін мой знаёмы праграміст з Менску, дарэчы, днямі вырашыў скарыстаць гэтае права, праехаў па некалькіх крамах у Нью-Джэрсі (ён жыве па –за Нью-Ёркам) – абсалютна пустыя паліцы, ўсё раскупілі. Насельніцтва запаслося пісталетамі і стрэльбамі. Хаця калі казаць шчыра, дык да гэтага варта ставіцца зь іроніяй - любы чалавек, які меў справу са зброяй хаця б часам службы ў войску ведае, што каб страляць прафэсыйна, трэба трэніравацца хаця б дзьве гадзіны ў тыдзень. Інакш фактар наяўнасьці зброі спрацуе супраць цябе, таму пісталет у руках праграміста – небясьпечная рэч для самога праграміста, я лічу. Ну але права такое ёсьць – і яго скарыстоўваюць на радасьць тых, хто гэтую зброю вырабляе. Што ж тычыцца верагодных хімічных ці бактэрыялягічных атакаў, дык некаторыя таксама набываюць адгазьнікі. Але ў большасьці – людзі спадзяюцца, што дзяржаўныя інстытуцыі – паліцыя, войска, спэцслужбы – здолеюць прадухіліць атакі ці, ва ўсялякім разе, зробяць усё, каб зьвесьці да мінімуму рызыку. Хаця канечне, ведаць, што ты павінен рабіць у той ці іншай сытуацыі, вельмі важна – прыгадаем, што супрацоўнікі адной з фірмаў, якая месьцілася ў будынку Гандлёвага Цэнтру, практычна ўсе ўратаваліся толькі таму, што на працягу васьмі гадоў пастаянна трэніраваліся. Улады да верагоднасьці такіх атакаў гатовыя. Дырэктар ЦРУ Джордж Тэнэт, выступаючы ў Кангрэсе, сказаў, што Бен Ладен яшчэ раней абвясьціў набыцьцё ядзернай, біялягічнай і хімічнай зброі ня больш, ня менш як рэлігійным абавязкам. Адсюль – і павышаныя меры бясьпекі.
XS
SM
MD
LG