Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭПАРТАЖ З КУРАПАТАЎ: ПРАЦЯГВАЮЦЦА РАСКОПКІ


З Альгердам Невяроўскім гутарыла Алена Ціхановіч

(Невяроўскі: ) “Сёньня ўздоўж кальцавой аўтамагістралі на Курапацкім участку працягваюцца архэалягічныя раскопкі, што праводзяць супрацоўнікі гісторыі Акадэміі навук Беларусі пры дапамозе Маладога фронту, Зубра, іншых арганізацыяў. Пакуль новых магілаў ахвяраў рэпрэсіяў ня знойдзена.

Цяпер абаронцы Курапатаў раскопваюць трэці аб’ект з вызначаных 12-ці. Актывісты раскопак тлумачаць маруднасьць іх правядзеньня тым, што бракуе людзей, што маглі б узяць удзел у работах. Цяпер раскопкі праводзяцца сіламі 5-6 чалавек”.

(Ціхановіч: ) “Альгерд, раскопкі – справа спэцыфічная. Значыць, колькі там навукоўцаў і якую менавіта дапамогу яны патрабуюць? Ці можа непрафэсійны чалавек ім дапамагаць?”

(Невяроўскі: ) “Так, прадстаўнікі Інстытуту гісторыі пад кіраўніцтвам Алега Іова паказваюць маладым людзям, дзе трэба капаць. Раскопваюць звычайнымі рыдлёўкамі. Глыбіня даволі сур’ёзная. Спачатку капаюць яму парадкам паўтара мэтра, пасьля капаюць кантрольны шур – невялікую яміну глыбінёй 3 мэтры, а то й болей”.

(Ціхановіч: ) “Як прайшлі апошнія суткі ў Курапатах, ці не было там канфліктаў?”

(Невяроўскі: ) “Так, як паведаміў Павал Севярынец, ноч прайшла спакойна, а вось раніцай адбыўся інцыдэнт: некалькі актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ выкапалі пастаўленую ўчора будаўнікамі жалезную агароджу, зьнялі стужку ў раёне поля крыжоў, перад уваходам у Курапаты. Гэтай стужкай была вызначаная мяжа будучай плянаванай дарогі.

Неўзабаве ў Курапаты прыехаў кіраўнік арганізацыі “Магістральаўтадар”, якая каардынуе работы пашырэньня дарогі Анатоль Лыцін, ён абвінаваціў актывістаў КХП БНФ у самаўпраўстве, парушэньні дамоўленасьцяў паміж уладамі і грамадзкай ініцыятывай “За ўратаваньне Курапатаў”. Паводле Лыціна, усталяваньне агароджы прадугледжанае дамовай.

Сябры КХП БНФ заявілі, што не дапусьцяць пашырэньня дарогі, таму вызначэньне межаў дарогі ня мае сэнсу”.

(Ціхановіч: ) “А што ў адказ будаўнікі? Ці аднаўляюць гэтую агароджу?”

(Невяроўскі: ) “Не, сёньня гэтая агароджа адноўленая не была, жалезныя трубы ляжаць, складзеныя ў адным месцы – перад уваходам. На дарозе сёньня днём працавала адна машына з будаўнікамі, якія бурылі сьвідравіны: пад плянаванай дарогай мяркуецца будаваць падземны пераход”.
XS
SM
MD
LG