Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІК КАМІСІІ ЭЎРАПАРЛЯМЭНТУ Э. ШРОДТЭР: БЕЛАРУСЬ САМА ПАВІННАЯ ПРЫЙСЬЦІ ДА ПЕРАМЕНАЎ


Алена Панкратава, Менск

Напярэдадні слуханьняў некаторыя з парлямэнтароў згадваюць словы з інтэрвію свайго бэльгійскага калегі, які наведаў Беларусь як назіральнік за прэзыдэнцкімі выбарамі: "Мы ніколі не даведаемся, што там адбылося насамрэч, аднак пра бессэнсоўнасьць ізаляцыйнай палітыкі пагаварыць трэба".

Выглядае, што эўрапейскія палітыкі прыйшлі да высновы, што падобная стратэгія адносна Беларусі не дала чаканых вынікаў і яна павінна мяняцца. Кіраўніца эўрапарлямэнцкай камісіі ў Расеі, Беларусі ды Малдове Элізабэт Шродтэр перакананая:

(Шродтэр: ) "Для мяне на 100% ясна, што Беларусь сама павінна прайсьці шлях да пераменаў. Дэмакратыя ня можа быць навязаная звонку, аднак прапаноўваць якую-небудзь стратэгію канфрантацыі больш нельга".

Паводле Элізабэт Шродтэр і шэрагу іншых эўрадэпутатаў, відавочна, што апошнім часам сэгмент дэмакратычных сілаў у Беларусі стаў нашмат шырэйшы. Ён ужо не абмяжоўваецца выключна клясычнай палітычнай апазыцыяй. Да дэмакратаў належаць таксама і прадстаўнікі беларускага парлямэнту, прадпрымальніцтва, намэнклятуры, моладзі. Як лічаць заходнія палітыкі, з гэтымі коламі трэба працаваць, іх трэба падтрымліваць.

Акрамя таго, палітычная кляса Эўропы, паводле аналітыкаў, чакае пэўных сыгналаў і з боку беларускага лідэра. На думку Элізабэт Шродтэр, Захад вельмі пазытыўна ўспрыняў бы ягоныя першыя крокі насустрач Эўропе.

(Шродтэр: ) "Вядома, ня можа быць ніякай эканамічнай дапамогі, пакуль афіцыйны Менск не прадэманструе пэўных сыгналаў гатовасьці да рэформаў. Дэмакратыя — гэта аснова для эканамчіных пераўтварэньняў".

Шэраг эўрапейскіх аналітыкаў, аднак, выказваюцца, што падобныя сыгналы Менскам зробленыя, аднак нават пры самай вялікай фантазіі нельга расцэньваць іх як намёк на дэмакратыю. Размова ідзе пра першыя прызначэньні беларускага прэзыдэнта.

Паводле палітоляга з Мангаймскага ўнівэрсытэту доктара Астрыд Заам, адзінае, што можна сказаць пра беларускага прэм'ера, дык гэта тое, што ён прафэсійны будаўнік.

(Заам: ) "Калі б на пасадзе застаўся Ярмошын, рэакцыя Захаду была б больш пазытыўная з гледзішча прафэсійнага падыходу. Прэм'ер не валодае справамі. З гледзішча прафэсійнага, гэта ня вельмі абнадзейвае. З гледзішча пэрсанальнага — гэта ня тая асоба, якая можа адстойваюць уласную ініцыятыву. Паводле многіх заходніх дыпляматаў, гэта пэрсона, на якую "нельга ставіць".

Шэраг эўрапейскіх палітыкаў і аналітыкаў прытрымліваюцца, аднак, іншых меркаваньняў: прэм'ер ў Беларусі не адыгрывае такой вялікай ролі, як на Захадзе. Важна, якімі будуць дарадцы Лукашэнкі, якая палітычная лінія будзе агучаная афіцыйным Менскам блізкім часам.

У брусэльскіх кулюарах можна пачуць самыя розныя меркаваньні ў гэтым зьвязку. Аналізуецца нават вельмі таямнічая гісторыя зь нямецкім шпіёнам Лецам і ягонае неверагодна ціхае вызваленьне.

Справа зусім не ў надзвычайным піетэце беларускага лідэра да "ўсяго нямецкага", — лічаць тут. Лец толькі ў другую чаргу працаваў на нямецкі BND. Найперш ён быў зьвязаны з Інстытутам Маршала ў Гармішы — філіяй ЦРУ ў Нямеччыне. Выглядае, Менск схільны да пэўных кампрамісаў — ці то жартам, ці то ўсур'ёз робяць выснову назіральнікі.

Паводле Элізабэт Шродтэр, сапраўднае стаўленьне эўрапарлямэнтароў да беларускага пытаньня стане ясным заўтра. Праўда, пакуль яшчэ невядома, у які час. З прычыны пачатку антытэрарыстычнай апэрацыі парадак дня ў Эўрапарляманце мяняецца па некалькі разоў на дзень.

XS
SM
MD
LG