Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫБІРСКАЯ ЯЗВА – САМА ПАПУЛЯРНАЯ БАКТЭРЫЯЛЬНАЯ БІЯЗБРОЯ


Сяргей Шупа, Прага

Прадстаўнікі службы аховы здароўя штату Флорыда паведамілі, што бактэрыі, якія на мінулым тыдні сталіся прычынай сьмерці аднаго чалавека, былі выяўленыя ў аднаго зь ягоных калегаў і на кампутарнай клявіятуры ў рэдакцыйным памешканьні газэты, дзе працавалі абодва пацярпелыя.

Артыкул пра тое, што сабой уяўляе сыбірская язва як біялягічная зброя, надрукаваны ў сёньняшнім нумары газэты The Washington Post.

У красавіку 1979 году сотні жыхароў уральскага гораду Сьвярдлоўску захварэлі на нешта падобнае да грыпу. 66 зь іх памерлі. Пра 13 гадоў Мэт’ю Мізэлсан, біёляг з Гарвардзкага Ўнівэрсытэту, даведаўся пра месцы працы пацярпелых, нанёс іх на карту, і выявілася, што іх можна злучыць простай лініяй.

Ад ветру на гэтай лініі быў разьмешчаны завод, дзе вырабляліся капсулы з сыбірскай язвай – найбольш папулярнай бактэрыяльнай біязброяй. З часам Мізэлсан выявіў вёскі за 50 кілямэтраў ад заводу – але на той самай простай лініі – дзе назіраліся выпадкі сьмерці хатняй жывёлы.

Тым часам як амэрыканскія ўлады шукаюць прычынаў – чаму адзін чалавек у Флорыдзе памёр на мінулым тыдні ад сыбірскай язвы, а яшчэ ў аднаго была выяўленая інфэкцыя, расейскі выпадак выяўляе надзвычайную складанасьць, зьвязаную з планяваньнем, расьсьледаваньнем і прадказаньнем пашырэньня сыбірскай язвы – наўмыснага або выпадковага.

На ступень сьмяротнасьці сыбірскай язвы ўплывае безьліч разнастайных фактаў – ад навуковай падрыхтаванасьці людзей, які маюць да яе дачыненьне, да простай выпадковасьці.

У сьвярдлоўскім выпадку, паводле падлікаў Мізэлсана, з заводу выпадкова трапіла ў паветра каля аднаго граму актыўнага рэчыва – каля трыльёну спораў. Вецер дзьмуў у адзін бок і таму разьнёс споры ў адным кірунку. Калі б вецер мяняў напрамак, споры маглі б разьнесьціся па ўсім мільённым горадзе, у выніку чаго, як ні парадаксальна, захварэць і памерці магло б значна менш людзей.

Прычына гэтага ў тым, што невялікая колькасьць спораў звычайна не выклікае інфэкцыю. Паводле навукоўцаў, для таго, каб чалавек захварэў, ён мусіць удыхнуць некалькі тысячаў спораў. Ад 1990 да 1993 году прыхільнікі сэкты Аўм Сінрыкё ў Японіі чатыры разы наўмысна пашыралі споры сыбірскай язвы, аднак у выніку ніхто не памёр. Імунолягі тлумачаць гэта тым, што споры не былі даведзеныя да баявой канцэнтрацыі, а гэта патрабуе спэцыяльных ведаў.

Мяркуецца, што некаторыя краіны займаюцца вывучэньнем бактэрыяў сыбірскай язвы як біялягічнай зброі і маюць запасы гэткай зброі. Такія запасы могуць мець Ірак, Іран, Паўночная Карэя і Расея, і некаторыя зь іх маглі распрацаваць штамы бактэрыяў адпорныя на ўзьдзеяньне пэніцыліну ды іншых антыбіётыкаў.

Штам бактэрыяў сыбірскай язвы, выяўлены ў Флорыдзе, як выглядае, падлягае лячэньню. Мэдыкі цьвердзяць, што калі захворваньне выяўляецца на раньняй стадыі, або калі яно станецца вынікам тэрарыстычнай акцыі, дык яго можна вылечыць звычайнымі антыбіётыкамі. Прычынай традыцыйна высокай сьмяротнасьці звычайна бывае тое, што сымптомы сыбірскай язвы вельмі нагадваюць грып і хворыя не зьвяртаюцца па спэцыяльную дапамогу.

Ці можна абараніцца ад сыбірскай язвы? Дактары не рэкамэндуюць безразборліва ўжываць антыбіётыкі, што нясе з сабой асобную рызыку. Аднак цяпер малаверагодна, каб выпадкі захворваньня засталіся незаўважаныя - мэдыкі цяпер з надзвычайнай увагай будуць ставіцца да падобных да грыпу сымптомаў.

Застаецца адна сур’ёзная праблема – споры сыбірскай язвы надзвычай жывучыя. Іх інкубацыйны пэрыяд можа працягвацца да двух месяцаў. У прыродзе бактэрыі сыбірскай язвы вельмі адпорныя на зьнішчэньне. Падчас Другой сусьветнай вайны Брытанія выпрабоўвала снарады з бактэрыямі сыбірскай язвы на востраве Груйнард каля берагоў Шатляндыі. Праз чатыры дзесяцігодзьдзі споры былі яшчэ жывыя, і Брытанія мусіла правесьці масіўную апэрацыю абеззаражваньня. Над востравам была вылітая вялізная колькасьць фармальдэгіду. У выніку на востраве зьніклі ўсе формы жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG