Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БГК АБСКАРДЖВАЕ ВЫНІКІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тое, што вынікі выбараў трэба адмяніць, Беларускі Гэльсынскі камітэт даказваў у сваёй скарзе на падставе больш як 1000 фактаў. Гэта факты падману выбарцаў прадстаўнікамі ўлады, парушэньні выбарчага заканадаўства сябрамі выбарчых камісіяў ды іншыя выпадкі.

Але Вярхоўны суд не пажадаў разьбірацца ў стосе сабраных праваабаронцамі папераў, а вырашыў, што скардзіцца няма на што, бо "рашэньня аб непрызнаньні вынікаў выбараў Цэнтральная камісія не прымала".

Больш як тыдзень таму аналягічным чынам адмовілі ў разглядзе скаргі кандыдату на прэзыдэнта Ўладзімеру Ганчарыку. Адхіліўшы тую скаргу, судзьдзі таксама спаслаліся на 6-ю частку 79-га артыкулу Выбарчага кодэксу. Цяпер гісторыя паўтарылася.

Выканаўчы дырэктар БГК Алег Гулак лічыць, што гэтым судзьдзя Валеры Самалюк засьведчыў бездапаможнасьць Вярхоўнага суду ў барацьбе з фальсыфікатарамі выбараў.

(Гулак: ) "Такога кшталту дакумэнты сьведчаць пра тое, што суд ня хоча разглядаць падобныя спрэчкі. Відаць, суду няма чаго сказаць, ці ён ня ўпэўнены, што зможа адмовіць, калі пачне разглядаць скаргу. А ў дадзеным выпадку суд проста падманвае заяўнікаў, робіць падтасоўку дзейнага заканадаўства", — мяркуе Алег Гулак.

Гулак сьцьвярджае, што з цытаты артыкулу Выбарчага кодэксу, на які спасылаецца судзьдзя Самалюк, зьнік цэлы сказ, які прадугледжвае права грамадзянаў абскарджваць любыя рашэньні ЦВК, у тым ліку і аб прызнаньні выбараў. Калі гэта ня проста памылка, то ня варта ўвогуле спадзявацца на справядлівае судовае рашэньне ў сёньняшняй Беларусі, лічаць праваабаронцы.

(Гулак: ) "У нашай краіне ўжо скардзіцца практычна няма каму. Праўда, мы рыхтуем наглядную скаргу, якая будзе пададзеная на імя старшыні суду заўтра альбо пазаўтра, але гэта будзе зроблена чыста фармальна, бо няма падставаў спадзявацца на справядлівае рашэньне.

Пасьля атрыманьня адказу на гэтую скаргу мы, вядома, будзем зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН, які можа разглядаць скаргі грамадзянаў Беларусі аб парушэньні пакту "Аб грамадзянскіх і палітычных правах", у прыватнасьці, права на судовую абарону парушаных правоў".

XS
SM
MD
LG