Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ВЫЗНАЧЫЎСЯ: АКЦЫЮ СУПРАЦЬ ТАЛІБАЎ ПАДТРЫМАЦЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Толькі на другі дзень ваенных дзеяньняў зьявілася рэакцыя беларускіх уладаў наконт пачатку антытэрарыстычнай апэрацыі ЗША і іхных саюзнікаў у Афганістане. З афіцыйным камэнтаром выступіла МЗС Беларусі.

Лукашэнка ж на гэты конт пакуль не выказваўся, — пра гэта Свабодзе паведаміў Лукашэнкаў прэсавы сакратар Мікалай Барысевіч. Хаця відавочна, што заяву МЗС прымалі пасьля асабістага ўхваленьня Лукашэнкам. Тым больш, што ў гэтай заяве выказваецца безумоўная падтрымка дзеяньням ЗША ў Афганістане. Гаворыць прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Павал Латушка:

(Латушка: ) "Рэспубліка Беларусь заўсёды пасьлядоўна выступала і будзе выступаць за бескампрамісную барацьбу зь міжнародным тэрарызмам. Мы лічым, што тэрарызм — гэта зло, якое неабходна выкараніць. Пры адпаведных умовах ужываньне сілы ў барацьбе з тэрарызмам становіцца непазьбежным. Менавіта так мы расцэньваем цяперашнюю антытэрарыстычную акцыю ваеннай кааліцыі пад кіраўніцтвам Злучаных Штатаў Амэрыкі".

Паводле словаў прэсавага сакратара МЗС, Рэспубліка Беларусь "лічыць сябе неад'емнай часткай палітычнай кааліцыі сяброў міжнароднай супольнасьці ў справе барацьбы зь міжнародным тэрарызмам", што не выключае ейнага ўдзелу ў гэтай агульнай справе:

(Латушка: ) "Фармат удзелу нашай краіны ў барацьбе міжнароднай супольнасьці зь міжнародным тэрарызмам у поўнай меры вызначаны палажэньнямі Рэзалюцыі 1373 Рады Бясьпекі ААН. Рэзалюцыя прадугледжвае шырокі комплекс абавязковых для краінаў-сяброў ААН мераў, закліканых пазбавіць міжнародны тэрарызм фінансавай і арганізацыйнай падтрымкі і стымуляваць больш эфэктыўную барацьбу міжнароднай супольнасьці з гэтым злом ХХІ-га стагодзьдзя".

Павал Латушка зазначыў, што Беларусь цалкам падтрымлівае і выконвае падыход, выказаны ў гэтай рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якую прынялі 28 верасьня на ініцыятыву ЗША.

На думку Паўла Латушкі, выказаную у інтэрвію Радыё Свабода, асаблівай затрымкі з выказваньнем афіцыйнай беларускай пазыцыі ў гэтым пытаньні не адбылося:

(Латушка: ) "Я не хацеў бы гаварыць аб нейкай затрымцы з выказваньнем афіцыйнай пазыцыі. Беларусь і перад пачаткам вайсковых акцыяў ЗША і кааліцыі гаварыла аб сваёй пазыцыі адносна барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. Гэта гаварылася і адразу пасьля 11 верасьня, калі адбыліся жудасныя падзеі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Таму пазыцыя беларускага боку, беларускай краіны пасьлядоўная".

Удзел Расеі ў антытэрарыстычнай кампаніі ў Афганістане, у прыватнасьці падтрымка ёю сілаў Паўночнага Альянсу, прадастаўленьне ЗША паветраных калідораў беларускі МЗС не камэнтуе, бо гэта, паводле словаў Паўла Латушкі, ёсьць "сувэрэнным правам расейскай дзяржавы".

XS
SM
MD
LG