Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ПАЛКОЎНІК БАРАДАЧ ГАТОВЫ АЧОЛІЦЬ ВАЕННЫ АДДЗЕЛ ДЛЯ ЗМАГАНЬНЯ НА БАКУ АНТЫТЭРАРЫСТЧЫНАЙ КААЛІЦЫІ


Ігар Карней, Менск

Баявы камандзір упэўнены, што досьвед савецкага вайсковага кантынгенту ў Афганістане можа быць надзвычай карысны ў часе цяперашняй контартэрарыстычнай апэрацыі. І свае прапановы ён ужо выклаў шэрагу, паводле ягоных меркаваньняў, зацікаўленых асобаў.

(Барадач: ) "Я прапаноўваў паслугі амбасадару Злучаных Штатаў: калі ласка, у нас дастаткова людзей, якія могуць працаваць ва ўзаемадзеяньні з Паўночным Альянсам. Апроч таго, я накіраваў зварот да Лукашэнкі, каб ён даў магчымасьць сфармаваць атрады добраахвотнікаў зь ліку былых "афганцаў" і падрыхтаваных людзей.

Ужо відавочна, што контартэрарыстычная апэрацыя зацягнецца. І дзеля таго, каб замацаваць у далейшым новую ўладу і змагацца з бандфармаваньнямі на іншым узроўні, такі ход будзе патрэбны. Гэта шанец для краіны, для Лукашэнкі — па-новаму зірнуць на сьвет і нарэшце вызначыцца: ты "за" ці "супраць" тэрарызму? Палітычнаму кіраўніцтву трэба прыняць чыйсьці бок".

Палкоўнік Барадач гатовы ўзначаліць 2-3 тысячы добраахвотнікаў. Ягоную ініцыятыву ў Беларусі могуць падтрымаць многія. Нямала былых "афганцаў" пасьля вяртаньня з вайны так і ня здолелі прызвычаіцца да мірнага жыцьця. Вось як рэагуе на словы Барадача былы шараговец паветрана-дэсантных войскаў Сяргей Пасаховіч:

(Пасаховіч: ) "Калі са сваімі хлопцамі — няма пытаньняў. Зараз гляджу на свае месцы — Кандагар, Баграм, Кабул. Усё знаёма да дробязяў! Я, дарэчы, часта сустракаюся са сваімі, абмяркоўваем падзеі; здаецца, вярнуліся б... Але туды што амэрыканцы палезьлі, што нашы пайшлі б — гэта ўсё марна".

Адначасова Сяргей Пасаховіч сумняецца, што падобнае разьвіцьцё падзеяў сёньня магчымае.

(Пасаховіч: ) "Хто з кім разам ваяваў, той яшчэ можа даць нейкія рэкамэндацыі. "Афганцы" раскіданыя па розных гарадох, розных вёсках. Кожны будзе даказваць, што ён баец, ледзьве не Герой Савецкага Саюзу, а як дойдзе да справы.... Тым болей, і душманы навучыліся ваяваць. Вунь колькі яны ўжо ваююць! У іх і зброя, і радыёстанцыі, ды практычна ўсё, каб абараняцца і наступаць".

Нейкай афіцыйнай рэакцыі на ініцыятыву Ўладзімера Барадача пакуль няма. Вельмі стрымана да паслугаў беларускіх "афганцаў" ставяцца і ў амбасадзе ЗША ў Беларусі. Але сам Барадач сваю ініцыятыву гатовы адстойваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG