Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГАЯ БОМБАВАЯ АТАКА НА АФГАНІСТАН. ВІКТАР ДЗЯТЛІКОВІЧ – ЗЬ МЕСЦА ПАДЗЕЯЎ


Гутарыла Алена Ціхановіч

Сёньняшнія ўдары накіраваныя на Кабул і Кандагар. Я зараз знаходжуся ў 50-ці кілямэтрах ад Кабулу, у горадзе Джабул Сарачы, ён знаходзіцца ў 5-ці кілямэтрах ад лініі фронту паміж Паўночным Альянсам і Талібамі. І вось зараз я стаю на даху будынку, дзе мы жывем і назіраю за тым, што адбываецца. На жаль, на такой вялікай адлегласьці ня ўсё добра бачна, узьняўся пыл і вецер. Але за апошнія паўгадзіны мы бачылі 2 ці 3 бліскавіцы, моцныя, можна меркаваць, што гэта менавіта бомбавыя ці ракетныя ўдары амэрыканцаў.

Гадзіну таму, калі пачаліся ўдары амэрыканцаў, ужо была глыбокая ноч. Калі не па часе, дык па цемры”.

(Ціхановіч: ) “Якія меры бясьпекі прымамае насельніцтва, ці ёсьць нейкія інструкцыі?”

(Дзятліковіч: ) “Алена, складаецца ўражаньне, што талібы, па тэрыторыі якіх наносяцца ўдары, не зацікаўленыя ў тым, каб былі зробленыя меры бясьпекі для мірных жыхароў. Па-першае, мірныя жыхары нічога ня ведаюць пра час і месца ўдараў. Хаця, здавалася, прэзыдэнт Буш паведамляў пра гэта, прадстаўнікі Паўночнага Альянса за некалькі гадзінаў да пачатку ўдараў папярэджваюць, калі яны пачнуцца і на якія гарады накіраваныя, але, як мы ведаем, на тэрыторыі, кантраляванай талібамі, не працуе тэлевізія, амаль няма радыё, таму жыхары ня маюць магчымасьці пачуць інфармацыю.

Цяжка сказаць, ці ёсьць бамбасховішчы ў тым жа Кабуле ці Кандагары, па якім зараз наносяцца ўдары, але, відавочна, калі і ёсьць, дык іх не хапае, таму што вельмі шмат людзей засталіся ў гэтых гарадах, хаця шмат уцякло. Я думаю, што тыя мірныя жыхары, якія вельмі баяліся ўдараў, ужо даўно пакінулі гэтыя гарады. Колькасьць уцекачоў складае блізу мільёну чалавек”.

(Ціхановіч: ) “Віктар, ці вядома нешта пра вынікі ўчорашніх атакаў?”

(Дзятліковіч: ) “Так, увесь дзень паступала інфармацыя пра вынікі ўчорашніх атакаў. Галоўнае, пра што паведамляецца, што ў выніку гэтых удараў амаль зьнішчаная ўся авіяцыя талібаў, хаця ў іх было ня вельмі шмат самалётаў, дзесьці, паводле інфармацыі Паўночнага Альянсу, 20 зьнішчальнікаў яшчэ савецкай вытворчасьці, разбураныя амаль усе аэрадромы, бо амэрыканцы нанесьлі ўдары менавіта па ўсіх ваенных аэрадромах, якія талібы выкарыстоўвалі. Апроч таго, зьнішчаная сыстэма супрацьпаветранай абароны талібаў. Гаворыцца пра тое, што разбураная рэзыдэнцыя духоўнага лідэра талібаў муллы Амара, некалькі будынкаў міністэрства абароны ў Кабуле.

Паведамлялася, што загінулі мірныя жыхары і, быццам, некалькі ракетаў патрапілі ў жылыя кварталы. Але талібы змаглі прадставіць толькі адзін доказ гэтаму. Зараз тут працуе адна тэлекампанія, талібы жорстка кантралююць яе дзеяньні, але сёньня яны дазволілі зьняць журналістам адзін разбураны дом, больш нічога.

Калі гаварыць пра ахвяры сярод мірных жыхароў, дык іх, відаць, няшмат. Талібы гавораць пра некалькі соцень чалавек. Іншыя інфармацыйныя агенцыі, якім варта давяраць, гавораць, што загінула каля 20 мірных жыхароў”.
XS
SM
MD
LG