Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ДЗЯТЛІКОВІЧ: КАЛІ ВЯРНУСЯ, АДРАЗУ ПАСЛУХАЮ ГУРТ НРМ


Гутарыла Алена Ціхановіч, Прага

(Дзятліковіч: ) “Я б сказаў, што гэта досыць дзіўны від дапамогі, таму што тое, што ляціць разам з бомбамі, наўрацьці можа ўспрымацца нармальна, нават калі гэта харчы. Я скажу так, што гэта з большага прапагандысцкі ход, бо немагчыма такім чынам аказаць дапамогу вялікай колькасьці афганцаў. Трэба, відаць, іншы шлях: ціснуць на ўлады талібаў, каб яны дапусьцілі на свае тэрыторыю гуманітарную дапамогу. Зараз гэта робіцца ў вельмі і вельмі малой колькасьці. Толькі Чырвоны крыж, здаецца, аказвае нейкую дапамогу тым людзям, што знаходзяцца на тэрыторыі, кантраляванай талібамі.

Збольшага гуманітарная дапамога зараз трапляе ў лягеры ўцекачоў, а таксама на тэрыторыі Паўночнага Альянсу. Тут таксама сытуацыя вельмі складаная. Дапамога, якую амэрыканцы скідваюць з паветра, даходзіць да людзей, але гэта кропля ў моры ад таго, што трэба зараз афганцам”.

(Ціхановіч: ) “Віктар, кажуць, што калі пачынаецца вайна, то заўсёды дэфіцытам рэчы першай неабходнасьці – соль, запалкі. Ці памянялася сытуацыя зараз, ці хапае там прадуктаў, ці ёсьць там грошы?”

(Дзятліковіч: ) “Я адзін з тых журналістаў, хто ўпершыню патрапіў у Афганістан, і ў нас было такое ўражаньне, што мы едзем на вайну і, значыць, усё будзе дрэнна. Мы надта зьдзівіліся, адзін з маіх калега нават сказаў, калі правёў некалькі дзён у Афганістане, што “Да Віктар, гэта толькі ў Расеі, калі вайна, дык адразу зьнікаюць запалкі і соль. І сапраўды, ведаеце, на кожнай вулачцы, у кожным горадзе працуюць крамы, там ёсьць ну калі не амаль усё, дык усё, што патрэбна для нармалёвага жыцьця. Ёсьць прадукты харчаваньня, ёсьць хлеб, розныя крупы, рыс, масла. Карацей кажучы, з голаду не памрэш. Былі б грошы.

І грошы ходзяць. Дарэчы, цікавая падрабязнасьць. Перад тым, як сюды наехала вельмі шмат журналістаў, курс афгані – мясцовай валюты – быў 70 тысячаў афгані за адзін даляр, а пасьля прыезду 300 журналістаў, курс упаў амаль у тры разы і зараз – 30 тысячаў афгані. Вось так, можна сказаць, афганцы “нажываюцца” на замежных журналістах. Але за ўсім гэтым фасадам бачна, усё ж, галеча афганцаў. Некалькі дзесяцігодзьдзяў грамадзянскай вайны не маглі на гэтым не адбіцца. Тут вельмі шмат жабракоў, вельмі шмат дзяцей ходзяць і просяць грошы”.

(Ціхановіч: ) “Віктар, і такое асабістае пытаньне. Вы знаходзіцеся ў сытуацыі надзвычайнай небясьпекі… Калі Вы думаеце пра сваё жыцьцё, рызыку, магчыма, Вы ўспамінаеце Беларусь… Што Вас падмацоўвае?”

(Дзятліковіч: ) “Першы час ня трэба нечым падмацоўвацца, бо гэта экзотыка, цікава першы час. Потым падмацоўвае адчуваньне, дакладней, упэўненасьць, што раней ці пазьней ты адгэтуль з’едзеш”.

(Ціхановіч: ) “І я хачу запытацца, што Вам хочацца зрабіць ці што Вы зробіце, вярнуўшыся дадому пасьля вайны?”

(Дзятліковіч: ) “(сьмяецца) Ня ведаю, мабыць, улічваючы, што я забыўся свой СД плэер, я прыеду дадому і пастаўлю кампакт з запісамі гурту НРМ, каб пачуць нармалёвую беларускую музыку. Думаю, што так”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG