Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЦЛАЎ ГАВЭЛ: КАЛІ Б НЯ РАДЫЁ СВАБОДА, Я СЯДЗЕЎ БЫ Ў ТУРМЕ ДАЎЖЭЙ


Аляксандар Лукашук, Прага

Вацлаў Гавэл заявіў пра сваю падтрымку Радыё Свабода ў час вайны супраць тэарызму і асабліва адзначыў працу службаў, якія вяшчаюць на сярэднеазіяцкія краіны былога СССР.

(Гавэл: ) “Я лічу, што пазыцыя гэтых краінаў у цяперашняй цяжкай сытуацыі, іхная салідарнасьць, іх удзел у міжнароднай антытэрарыстычнай кааліцыі – надзвычай добрая рэч. Гэта трэба цаніць і, я думаю, гэта пазытыўна адаб’ецца на будучыні гэтых краінаў. Я буду шчасьлівы, калі тыя, хто вяшчае на гэтыя краіны, перададуць мае прывітаньні сваім слухачам”.

Сёньня ў Празе цёплы сонечны дзень, але Гавэл быў цёпла апрануты – ён даволі цяжка хварэў апошнім часам, вось і пасьля сустрэчы з Васілём Быкавым таксама патрапіў у шпіталь. Нагадаю, сустрэча адбылася на наступны дзень пасьля тэрарыстычнага нападу на Нью-Ёрк і Вашынгтон. Заяву Вацлава Гавэла пра ягоную падтрымку “Свабоды” ў гэтыя дні здымалі шматлікія тэлекампаніі.

Цёплыя асабістыя пачуцьці да “Свабоды” чэскага прэзыдэнта добра вядомыя, вось і сёньня ён зноў гаварыў пра сваё супрацоўніцтва з радыё, якое некалі перадавала ягоныя тэксты, заявы, п’есы, інтэрвію. Пра гэта мы чулі з вуснаў Гавэла і раней, сёньня ён нават сказаў, што калі б не “Свабода”, дык яму давялося б сядзець у турме намнога даўжэй.

Але візыт чэскага прэзыдэнта важны ня толькі тым, што ён сказаў. Справа ў тым, што Радыё Свабода вяшчае на краіны Сярдняй Азіі, а таксама на Іран і Ірак, і такім чынам, натуральна, можа стаць аб’ектам тэрарыстычнай атакі, як і ншыя амэрыканскія ўстановы за мяжой. Дзеля гэтага чэскія ўлады прынялі меры перасьцярогі: узмоцненая ахова, абмежаваны праезд для грузавікоў, ля будынку стаяць бронетранспартэры. Гэта стварае пэўныя праблемы ў гістарычным цэнтры Прагі, і ў чэскім друку выказваецца думка, што радыё павінна пераехаць. Вацлаў Гавэл заявіў, што гэта было б надзвычай памылкова, бо паводле такой лёгікі павінны некуды за горад пераехаць і парлямэнт, і вялікія крамы.

Сёньняшні візыт чэскага прэзыдэнта на Радыё Свабода – гэта псыхалягічная падтрымкі Радыё Свабода, выказваньне салідарнасьці ў вайне супраць тэрарызму, асабліва важная ад такога маральнага аўтарытэту сучаснай палітыкі, як Вацлаў Гавэл.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG