Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БОЛЬШАСЬЦЬ БЕЛАРУСКІХ “АФГАНЦАЎ” АЦАНІЛІ АКЦЫЮ ЗША І ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ ЯК СВОЕЧАСОВУЮ І НЕАБХОДНУЮ


Любоў Лунёва, Менск

Беларусь за 10 гадоў прысутнасьці савецкіх войскаў у Афганістане згубіла некалькі тысяч сваіх грамадзянаў. Складаны лёс чакаў тых, хто вярнуўся на Бацькаўшчыну жывы. Большасьць зь іх у размовах з карэспандэнтам Радыё Свабода ўхваляюць вайсковую апэрацыю ЗША і Вялікабрытаніі. Гаворыць праваабаронца Алег Воўчак:

(Воўчак: ) "Я лічу, што тактыку апэрацыі выбралі правільна. У талібаў адзіны кампраміс — гэта зброя. Па-першае, яны ваююць каля 20 гадоў і ўжо прызвычаіліся да такога ладу жыцьця. Па-другое, яны рэлігійныя фанатыкі. Па-трэцяе, яны самі папярэдзілі сьвет, што будуць змагацца супраць "няверных".

Мастак Алесь Пушкін служыў у Афганістане ў 1984–86 гадах:

(Пушкін: ) "Я лічу, што гэтыя ўдары прынясуць невялікую карысьць, бо сэнс іх толькі ў тым, каб зьнішчыць комплексы супрацьпаветранай абароны. Лепш за ўсё вылавіць тэрарыстаў менавіта адрасна. Трэба высадзіць спэцыяльна падрыхтаваныя часткі на аэрадромах у Джэлалабадзе і Кандагары, Баграм і Мазары-Шарыф".

Уладзімер Мястоўскі служыў у 1982–84 гадах:

(Мястоўскі: ) "Там такі народ, што ад малых да дарослых з аўтаматамі. Адзінае, трэба неяк так рабіць, каб не закрануць мірнае насельніцтва. Але ж тэрарысты ў Амэрыцы забілі менавіта мірных жыхароў, якія прыйшлі на працу ў тыя будынкі 11 верасьня. Можа, з тэрарыстамі інакш і нельга. Яны не разумеюць нармальнай мовы. Самі ня з войскам змагаюцца, а зь мірным насельніцтвам".

Намесьнік пракурора Заводзкага раёну Сяргей Жукоўскі служыў у 1984–86 гадах:

(Жукоўскі: ) "Я лічу, што не павінна пакутаваць мірнае насельніцтва, а гэта, відаць, здараецца падчас бамбаваньня. А з тэрарызмам трэба змагацца. Пытаньне — якімі мэтадамі".

XS
SM
MD
LG