Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАРТУГАЛІІ ПАЧАЛОСЯ ПАСЕДЖАНЬНЕ ПАСТАЯННАГА КАМІТЭТУ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Юры Сьвірко, Сынтра

Паветраныя ўдары па Афганістане адбіліся нават на паседжаньні Пастаяннага камітэту АБСЭ ў Партугаліі. Сёньня тут не адбылася заплянаваная на раніцу сустрэча сяброў Мандатнай камісіі. Шмат хто зь іх проста спалохаўся ляцець у Лісабон на наступны дзень пасьля амэрыканска-брытанскіх атакаў на Афганістан.

Як сказаў мне намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька, які прысутнічае тут, у Сынтры, беларускую апазыцыю цалкам задавальняе тое, што паседжаньне мандатнай камісіі ПА АБСЭ не адбылося. Паводле спадара Лябедзькі, гэта азначае, што разгляд пытаньня пра прадстаўніцтва Беларусі ў Асамблеі пераносіцца на пачатак наступнага году.

Аднак, дэлегацыі як Вярхоўнага Савету, так і “нацыянальнага сходу” ня будуць проста турыстамі тут, у Партугаліі. Заўтра, у аўторак чакаецца даклад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пра вынікі беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня. Сёньня ж увечары мусіць адбыцца сустрэча Анатоля Лябедзькі з Гансам-Георгам Вікам, кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску, які таксама прыляцеў сюды ў Партугалію.

XS
SM
MD
LG