Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК І ШТО БАМБАВАЛІ Ў АФГАНІСТАНЕ?


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Адной з прыкметаў інтэнсыўнасьці і працягласьці антытэрарыстычнай кампаніі зьяўляецца той факт, што самалёты-невідзімкі В-2, якія нагадваюць кажаноў, пасьля ўдараў не вярнуліся на месцы сваёй дыслякацыі ў штаце Мантана, а прызямліліся на брытанскай выспе Дыега-Гарсія ў Індыйскім акіяне, каб заладавацца новым боезапасам. Гэта першы выпадак, калі самалёт В-2, які каштуе 2 мільярды даляраў, быў пакінуты за межамі Злучаных Штатаў для баявых заданьняў.

Атакі вядуцца на аэрадромы, дзе войска талібаў мае невялікія паветраныя сілы, на аб’екты супрацьпаветранай абароны і камандныя цэнтры на ўсёй тэрыторыі Афганістану, улучна з Кабулам і Кандагарам, у якім знаходзіцца ўрад талібаў.

Першыя ж атакі зьнішчылі месцы канцэнтрацыі танкаў і бронемашынаў каля паўночнага места Мазар-і-Шарыф, дзе яшчэ нядаўна талібы вялі вайну супраць Паўночнага Зьвязу Афганістану.

Яшчэ адзін істотны аб’ект пасьпяховай атакі – галоўны штаб абароны Талібану ў прымесьцях Кабулу. “Нельга нападаць на Пэнтагон і спадзявацца, што вашае міністэрства абароны ня будзе зьнішчанае,” – падае словы неназванай афіцыйнай асобы New York Times.

Хваля бамбавікоў Б-52 абрынула град некіраваных бомбаў на некалькі лягераў навучаньня тэрарыстаў (у тым ліку і з групаў Усамы бін Лядэна) у правінцыі Баглан. Нягледзячы на тое, што тэрарысты хутчэй за ўсё пакінулі гэтыя лягяры, бомбавыя ўдары разбурылі будынкі і зьнішчылі абсталяваньне.

Самалёты В-2 скінулі свае сатэлітныя 500-фунтовыя бомбы Mark-82, прызначаныя для кропкавых удараў. Яны разьлічаныя на масавае зьнішчэньне вайсковых аддзелаў, танкаў альбо іншай зброі, а таксама на ліквідацыю ваенных навучальных лягераў і разбурэньне аэрадромаў.

Знамянальна, – піша New York Times, – што ўдары ня мелі ў якасьці канкрэтнага адрасату Усаму бін Лядэна, месца знаходжаньня якога дакладна невядомае.

У часе, калі пачаліся першыя паветраныя ўдары, два грузавыя самалёты С-17 з прадуктамі харчаваньня і лекамі пакінулі базу паветраных сілаў Нямеччыны – Рамштэйн і накіраваліся ў Паўднёва-Заходні Афганістан, дзе знайшлі прытулак тысячы афганскіх уцекачоў. 37500 пакункаў зь ежай і лекамі былі скінутыя. У мэтах асьцярожнасьці гэтыя самалёты ляцелі на гранічна магчымых вышынях.

Паводле міністра абароны Злучаных Штатаў Дональда Рамсфэльда, талібы маюць абмежаваную колькасьць ракетаў, якімі можна зьнішчаць самалёты і выглядае, што яны спрабавалі абараняцца, але ніводны як транспартны, так і вайсковы самалёт ня быў атакаваны.

Паводле Рамсфэльда, Злучаныя Штаты, апрача антытэрарыстычнай вайны і гуманітарнай дапамогі, распачалі так бы мовіць і псыхалягічную апэрацыю. З мэтай падрыву ўлады Талібану на афганскую тэрыторыю вядуцца радыёперадачы, а неўзабаве, як дадатак да пакетаў з прадуктамі харчаваньня, з самалётаў будуць скідацца ўлёткі з заклікамі выступіць супраць талібаў.

XS
SM
MD
LG