Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЎПЛЫВАЕ ВАЙНА З ТЭРАРЫЗМАМ НА ЦІКАВАСЬЦЬ ЗАХАДУ ДА БЕЛАРУСІ?


Алена Панкратава, Менск

Адзін зь вядомых нямецкіх журналістаў, які піша ў тым ліку пра Беларусь, сказаў днямі: "Выглядае, што вайна Захаду з тэрарызмам будзе працягвацца не адзін год. Зразумела, што ЗША ў гэтым зьвязку наўрад ці будуць надалей дражніць Лукашэнку. Беларускае пытаньне па сваёй першараднасьці можа стаць прыкладна такім жа, што разьведка ў Карэліі ў часе Сталінградзкай бітвы".

Падобнае меркаваньне можна зараз пачуць і ў асяродку іншых журналістаў ды аналітыкаў. Супрацоўнікі Фэдэральнай Рады зьнешняй палітыкі ў Бэрліне лічаць, што цяпер, калі ЗША арыентуюцца зусім на іншыя пляцдармы ў міжнароднай палітыцы, ранейшага ціску на рэжым афіцыйнага Менску наўрад ці варта чакаць наступным часам.

Што да Эўразьвязу, то тут, паводле нямецкіх экспэртаў, з самага пачатку назіралася зусім іншае бачаньне сытуацыі. На цяперашні момант Эўразьвяз па-ранейшаму чакае адпаведных крокаў з боку Лукашэнкі. Гэта павінны быць сапраўдныя праграмныя зьнешнепалітычныя заявы адносна далейшага разьвіцьця Беларусі, якія яшчэ так і не прагучалі пасьля інаўгурацыі.

Дырэктар праграмаў для Ўсходняй Эўропы Нямецкай Рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар лічыць:

(Рар: ) "Ня выключана, што Лукашэнка разумее: Пуцін больш ня будзе падтрымліваць ягоную антызаходнюю палітыку, ягоную адмову ад супрацоўніцтва з Захадам, нават ягоную антызаходнюю рыторыку з пагрозамі ў зьвязку з пашырэньнем НАТО на Ўсход. Так што Лукашэнку, які пакуль знаходзіцца між двух крэслаў, не застаецца нічога, як самому шукаць супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Гэта ў Эўропе бачаць і гэтага сапраўды чакаюць".

Пакуль што беларускі лідэр (адрозна ад лідэраў іншых постсавецкіх краінаў) ня выказаў ніякай афіцыйнай ацэнкі вайне супраць тэрарызму, якую пачалі ЗША. Ці можна разглядаць гэта як тое, што Менск зьбіраецца весьці палітыку супраць усіх у Эўропе?

Адказваючы на гэтае пытаньне, Аляксандар Рар лічыць, што на гэта беларускі лідэр ніякіх рэсурсаў ня мае. І нават тое, што Менск запрашае на вайсковую вучобу ірацкіх афіцэраў, не азначае стратэгічнага альянсу з Іракам, — падкрэсьлівае дырэктар усходнеэўрапейскіх праграмаў Рады зьнешняй палітыкі Нямеччыны Аляксандар Рар.

(Рар: ) "Гэта робіцца дзеля таго, каб зарабіць грошы. З Іракам і іншыя краіны супрацоўнічаюць. Іншая справа, калі Ірак, як і талібы, зойме практычна варожую пазыцыю да Захаду, і калі, крый Божа, пачнецца вайна ў Іраку, вось тады падобныя крокі будуць ацэненыя інакш".

Паводле экспэртаў з Фэдэральнай Рады зьнешняй палітыкі, "наўрад ці беларускі лідэр здолее весьці падобныя гульні. Зараз у Беларусі будзе праведзеная пераарыентацыя ўсяго. Тым больш Расея пераарыентавалася на Захад".

XS
SM
MD
LG