Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЮДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ НЭРВУЮЦЦА, АЛЕ ПАДТРЫМВАЮЦЬ СВАЙГО ПРЭЗЫДЭНТА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Учора Злучаныя Штаты Амэрыкі пачалі сваю першую ў ХХІ стагодзьдзі вайну. Лідэры абедзьвюх партыяў выказалі цьвёрдую ўпэўненасьць скончыць з пагрозай тэрарызму, аднак амэрыканскі народ, безумоўна, нэрвуецца, баючыся новых тэрарыстычных актаў у сябе дома.

Дэвід Бродэр піша, што і ў мінулым, калі нападалі на важныя амэрыканскія аб’екты, заклік да сілавых дзеяньняў у адказ кожны раз быў хуткі і моцны. Так здарылася, калі японцы напалі на амэрыканскія ваенна-марскія і ваенна-паветраныя сілы ў Пэрл-Харбары, у выніку чаго ЗША ўступілі ў другую ўсясьветную вайну. Так было і яшчэ раней, за часы іспанска-амэрыканскай вайны, а таксама, калі артылерыйскі абстрэл Форт-Самтэр справакаваў грамадзянскую вайну ў Амэрыцы. Гэтак сама было і ўчора, калі апоўдні па вашынгтонскім часе пачаў ажыцьцяўляцца ўдар адплаты, які абяцаў Джордж Буш-малодшы і які ўхваліў Кангрэс ЗША пры ўсяго адным голасе супраць, – і ракеты і бомбы паляцелі на Афганістан.

Гэтым разам, – піша аўтар газэты Washington Post, – сытуацыя адрозьніваецца тым, што той-сёй з заканадаўцаў і іншых асобаў выяўляе пэўную нэрвовасьць пры думцы пра магчымыя новыя тэракты ў гэтай краіне. Загалоўкі ў прэсе апошнімі некалькімі днямі былі запоўненыя цытатамі з выступаў сябраў Кангрэсу ЗША, якія прысутнічалі на брыфінгах прадстаўнікоў выведных службаў і цяпер папярэджвалі, што існуе 100-адсоткавая верагоднасьць новых нападаў у адплату за ваенныя апэрацыі супраць сілаў талібаў.

Дэвід Бродэр падае шэраг выказваньняў амэрыканскіх сэнатараў. Вось адно зь іх, сэнатара Піта Дамянічы: “Жыхары Нью-Мэксіка пытаюцца, наколькі бясьпечныя разьмешчаныя на іхнай тэрыторыі дзьве нашыя нацыянальныя лябараторыі і тры вайсковыя базы? Але, нягледзячы на тое, што я хвалююся за тое, што зь імі можа здарыцца, я думаю, падтрымка дзеяньняў будзе практычна аднадушнай”.

Такая абумоўленая, але не абавязкова супярэчлівая рэакцыя была відавочнай у апытаньнях грамадзкай думкі напярэдадні ўчорашніх авіяцыйных удараў. Шэраг апытаньняў выявіў, што людзі чакаюць новых тэрарыстычных нападаў у межах тэрыторыі ЗША, але падтрымліваюць ваенныя акцыі, якія, як выказаўся ўчора міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэлд, перанясуць бітву на тэрыторыю суперніка.

Рашучасць пакараць Усаму бін Лядэна і сетку тэрарыстаў, якіх вінавацяць у нападах 11 верасьня, аб’яднала краіну, і пераважна прытушыла партыйныя рознагалосьсі, якія абумовілі раскол грамадзкай думкі падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і спрыялі шэрагу вострых дыскусіяў сярод заканадаўцаў у Кангрэсе цяперашняга складу, дзе ніводная з партыяў ня мае вырашальнай перавагі.

Лідэры ў Кангрэсе ЗША, якім загадзя паведамілі пра ваенныя пляны, у сумеснай заяве пра падтрымку дзеяньняў прэзыдэнта абяцалі “працягнуць сумесна працаваць над тым, каб зрабіць усё неабходнае дзеля пакараньня тэрарыстаў і тых, хто іх хавае”.

Washington Post падае словы сэнатара ад штату Мічыган Карла Левіна, які распавёў, што, калі ён учора праходзіў па дэтройцкім аэрапорце, людзі зьбіраліся вакол тэлевізійных манітораў і сачылі за падзеямі. Прысутнасьць у аэрапорце нацыянальных гвардзейцаў мела “супакойваючы эфэкт, – сказаў ён, – і людзі здаваліся поўнымі рашучасьці працягваць жыць як звычайна. Я думаю, яны разумеюць, што гэта важны пачатак новага шляху. – Сказаў сэнатар Левін.

Сэнатар ад штату Паўночная Дакота спадар Конрад заявіў, што выбарцы ягонага штату ніколі не ўхвалялі ўдзелу ўзброеных сілаў ЗША ў ваенных дзеяньнях на чужой тэрыторыі, але разумеюць, што цяперашнія абставіны зьяўляюцца зусім адрознымі. Дамаўляцца з гэтымі супернікамі немагчыма – яны ж фанатыкі. Яны робяць такое, чаго людзі ў маім штаце ня могуць зразумець: ператвараюць поўны невінаватых мужчынаў, жанчынаў і дзяцей самалёт у лятучую бомбу. Гэта так жахліва, што народ у маім штаце адчувае, што нам неабходна дзйнічаць”.

Гэтымі словамі сэнатара Конрада завяршаецца артыкул “Нэрвова, але рашуча амэрыканцы падтрымліваюць Буша-малодшага” ў сёньняшнім нумары газэты Washington Post.


XS
SM
MD
LG