Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МЕНЧУКІ СТАВЯЦЦА ДА ВАЙСКОВАЙ АПЭРАЦЫІ Ў АФГАНІСТАНЕ?


Ягор Маёрчык, Менск

Выказваньні мінакоў падзяліліся на дзьве амаль роўныя групы: тых, хто вітае пачатак вайсковай апэрацыі, і тых, хто ставіцца да яе адмоўна:

(Спадар: ) "Дрэнна стаўлюся. Гэтае пытаньне трэба было вырашаць неяк па-іншаму — мірна, мабыць".

(Спадар: ) "Тэрарыстаў трэба зьнішчаць. А мірных людзей трэба папярэдзіць, каб пайшлі з тых месцаў, дзе бамбуюць".

(Спадар: ) "Няма выхаду. Злучаныя Штаты павінны нешта зрабіць. Пасьля 11 верасьня сытуацыя ў сьвеце зьмянілася, таму трэба пачынаць вайну ня толькі зь бін Ладэнам, але і з усімі тэрарыстычнымі арганізацыямі".

(Спадарыня: ) "Станоўча стаўлюся. Трэба адказваць на тэракты. Інакш, калі не адплаціш, дык яшчэ будзе горш".

(Спадарыня: ) "Цяжка адказаць. Увогуле гэта страшэнна, таму што мы ня ведаем, што будзе пасьля гэтага. З аднаго боку, тое што здарылася, патрабуе нейкай рэакцыі, а зь іншага — мы ня ведаем, якую ланцуговую рэакцыю пацягне тое, што адбылося сёньня ноччу".

Два тыдні таму людзі на вуліцах Менску выказваліся пра магчымыя акцыі помсты больш рашуча. Тады, адразу пасьля тэрактаў, яны падтрымлівалі дзеяньні ЗША і лічылі прымальным фізычнае зьнічшэньне тэрарыстаў. Цяпер жа некаторыя мінакі сумняюцца ў плёне вайсковай апэрацыі.

Разам з гэтым бадай што ўсе апытаныя перакананыя, што ўлады Беларусі павінны выказаць сваю пазыцыю адносна вайсковай апэрацыі. І тут думкі зноў падзяліліся: адны кажуць, што дзеяньні Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі трэба падтрымаць, а іншыя раяць афіцыйнаму Менску выказаць пратэст.

(Спадарыня: ) "Канечне, яны павінны выказаць сваё стаўленьне да гэтага. І гэтае стаўленьне павінна быць адмоўным — і да аднаго боку, і да другога".

(Спадар: ) "Павінны падтрымаць тое, што робяць Злучаныя Штаты. Адзінае, што ім можа перашкаджаць, гэта тое, што ў нас стаўленьне да Злучаных Штатаў з боку ўладаў нэгатыўнае. Але тут усясьветная праблема. Усе павінны змагацца з тэрарызмам".

(Спадарыня: ) "Заявіць пратэст. Ня хочацца, каб Беларусь улазіла ў гэтую заваруху".

(Спадар: ) "Падтрымаць міжнародную супольнасьць".

(Спадарыня: ) "З аднаго боку, яны павінны паказаць сваё стаўленьне да таго, што адбылося ў ЗША, а зь іншага — тое, што зараз адбываецца ў Афганістане, — гэта тычыцца ўсіх. Магчыма, увесь сьвет будзе ўцягнуты ў гэты канфлікт".

(Карэспандэнт: ) "Чаго вы чакаеце ад беларускіх уладаў? Якая будзе іхная пазыцыя?"

(Спадарыня: ) "На жаль, я ўжо ня ведаю, чаго можна чакаць ад беларускіх уладаў".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG