Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЎНОЧНЫ АЛЬЯНС УЧОРА ЎНАЧЫ Ў НАСТУП ТАК І НЕ ПЕРАЙШОЎ


Радыё Свабода.

(Дзятліковіч: ) “Учора сытуацыя разьвівалася наступным чынам. Першая інфармацыя, што ўдары па Кабуле і па базах тэрарыстаў менавіта ў гэты дзень магчымыя, зьявілася прыкладна за дзьве гадзіны да таго, як гэтыя ўдары сапраўды былі нанесеныя. Прэсавую канфэрэнцыю правёў міністар замежных справаў Афганістану доктар Абдула. Ён не сказаў проста, што будуць удары, але ён параіў журналістам ня спаць гэтай ноччу. І мы ня спалі.

Вось мы знаходзімся ў горадзе Джабул-Сараж – гэта 50 кілямэтраў ад Кабулу. Паміж нашым горадам і Кабулам горы, праз якія кепска відаць. Мы з калегамі ўзыйшлі на дахі дамоў і глядзелі. Сапраўды, калі ўдары пачаліся, мы бачылі спалохі, выбухі. Мы ня ведалі, ці гэта амэрыканцы, ці гэта артылерыя Паўночнага альянсу абстрэльвае Кабул. Прыкладна праз паўгадзіны прыехалі прадстаўнікі Паўночнага альянсу і заявілі журналістам, што ўдары амэрыканцаў пачаліся, і што зараз войскі паўночнага альянсу пяройдуць у наступ і прапанавалі ўсім паехаць на фронт. Мы згадзіліся і паехалі на фронт.

Чалавеку, які там ня быў, цяжка ўявіць, што там адбывалася. Насамрэч не было ніякай узгодненасьці дзеяньняў паміж рознымі аддзеламі Паўночнага альянсу. Прадстаўнікі альянсу, здаецца, не чакалі, што талібы пасьля пачатку ўдараў амэрыканцаў будуць дзейнічаць вельмі актыўна. Я ў аппошнія дні, размаўляючы з салдатамі альянсу, зьдзіўляўся, бо яны казалі, што як толькі амэрыканцы пачнуць свае ўдары, талібы адразу ж пабягуць з Кабулу і яны возьмуць яго за адзін дзень.

Якое ж было зьдзіўленьне Паўночнага альянсу, калі талібы ня толькі не пабеглі, але і пачалі дзейнічаць вельмі актыўна. За 15 хвілінаў да нашага прыезду на фронт, яны пачалі абстрэльваць з артылерыі гарады, што кантралююць паўночнікі, усяго ў 2 кілямэтрах ад фронту. Мы бачылі натоўпы ўцекачоў, якія беглі далей на поўнач, дзе больш бясьпечна. Мы ж засталіся на месцы і нават паехалі на пазыцыі Паўночнага альянсу. Мы наблізіліся на 500-600 мэтраў да пазыцыяў талібаў. Мы ехалі на машынах з запаленымі фарамі і гэта, відаць, прыцягнула ўвагу талібаў, і ўся нашай калёна з журналістамі патрапіла пад абстрэл. Нават для прадстаўнікоў Паўночнага альянсу, якія павезьлі нас на фронт, гэта было нечаканасьцю… Было вельмі небясьпечна, некалькі мінаў выбухнулі зусім блізка ад нас. Дзякуй Богу, усё абыйшлося.

Пасьля мы ад’ехалі на 5 кілямэтраў ад лініі фронту і бачылі, што наступныя тры гадзіны войскі паўночнікаў абстрэльвалі пазыцыі талібаў, але ў наступ яны так і не пайшлі. Яны, відаць, разьлічвалі, што авіяцыя ЗША нанясе ўдары ня толькі па Кабуле, але і па пазыцыях талібаў, і такім чынам спросьціць іх задачу. У талібаў на гэтым фронце 10 тысячаў байцоў, у паўночнікаў – 8 тысячаў. Яны, відаць, палічылі за лепшае ня йсьці ў наступ пры перавазе сілаў талібаў.

Сёньня тут чакаюць, што ўздары амэрыканцаў будуць працягвацца і будуць больш інтэнсіўныя, і, магчыма, паўночнікі ўсё ж пяройдуць у наступ на Кабул. Цэлы дзень знаходзячыся ля лініі фронту, мы бачылі калёны бронетэхнікі, зэнітных установак, аб’яўленая поўная мабілізацыя мужчынскага насельніцтва прыфрантавой зоны, усе яны ходзяць з аўтаматамі, зь іх фармуюцца атрады і накіроўваюцца на фронт. Так што я думаю, калі ня сёньня, дык у бліжэйшыя дні наступ на Кабул павінен пачацца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG