Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЛЬШЫНЯ ЭТНІЧНЫХ АФГАНЦАЎ У БЕЛАРУСІ ЗЬВЯЗВАЕ АТАКУ НА ТАЛІБАЎ З ПЭРСПЭКТЫВАЙ МІРУ Ў ІХ КРАІНЕ


Ігар Карней, Менск

Але саму апэрацыю сілаў ЗША і Вялікай Брытаніі многія афганцы зьвязваюць з пэрспэктывамі мірнага суіснаваньня ў краіне бясконцых войнаў.

З больш як 600 замежных грамадзянаў, якія атрымалі ад беларускіх уладаў статус уцекачоў, 400 прыходзіцца на грамадзянаў Афганістану. Праўда, для бальшыні гэты статус вызначаецца толькі наяўнасьцю адпаведнай паперкі. Толькі адзінкі здолелі працаўладкавацца, астатнія ў найлепшым выпадку альбо гандлююць на рынках, альбо "стаяць на валюце". Пэўная колькасьць пайшла ў наркакур'еры. Такую расстаноўку сілаў пацьвярджае таксама й кіраўнік фонду дапамогі Афганістану Сафі Абдул Рахман. Ён кажа, што толькі адзінкі ягоных суайчыньнікаў маюць сталы занятак у Беларусі.

(Рахман: ) "Такіх вельмі мала, толькі пару чалавек у Віцебску і Менску. Занятыя пераважна на рынку, дзесьці грузчыкамі, у кагосьці тавар бяруць-прадаюць. А што тычыцца тых 400 афганцаў, якія быццам атрымалі статус уцекачоў, то многія ўжо зьехалі; засталіся тыя, у каго такой магчымасьці няма. Вельмі складана з прапіскай, дзяржава патрабуе, каб кожны сам знайшоў сабе 6 квадратных мэтраў жылплошчы".

Яшчэ адзін афганец, Азіз, лічыць, што яму пашанцавала: ён працуе перакладчыкам ва ўправе Вярхоўнага камісарыяту прадстаўніцтва ААН у Беларусі ў справах уцекачоў. Зараз асноўны клопат — зьвязацца з роднымі ў Кабуле. Але Азіз вельмі перажывае, што ня мае ніякіх паўнамоцтваў, каб зьмяніць сытуацыю на карысьць сваіх землякоў у Беларусі.

(Азіз: ) "Тых, хто ня мае сталай прапіскі, не бяруць на працу нікуды. Тое ж тычыцца й тых, хто атрымаў статус уцекачоў: галоўнае пытаньне — прапіска. Зразумела, што бальшыня самастойна прапісацца нідзе ня здолее, а гэта, паводле беларускіх законаў, яны павінны зрабіць цягам пэўнага тэрміну. Колькі б людзі тут не пражылі, паўтараецца адно й тое ж. Падаўжаецца толькі даведка, якая маецца на руках як пацьверджаньне віду на жыхарства".

Пэрспэктыву павелічэньня колькасьці ўцекачоў спадар Азіз камэнтуе так:

(Азіз: ) "Ведаеце, гэта залежыць ад фінансавай здольнасьці. У каго ёсьць хоць нейкая магчымасьць — адназначна, будуць ратаваць і сябе, і сваіх бацькоў, і свае сем'і. Калі не — так і застануцца на пакістанскай мяжы ў намётах".

Яшчэ адзін з рэдкіх афганцаў, што знайшлі ў Беларусі працу — Нішан Махамэд. Апошнія 10 год ён ёсьць супрацоўнікам таварыства Беларускага Чырвонага Крыжа. Ён лічыць, што зараз аднолькава цяжка вырвацца як за межы Афганістану, так і за межы Беларусі.

(Нішан: ) "Хто знаходзіцца на тэрыторыі, падкантрольнай Паўночнаму Альянсу, мяркую, там і застанецца, бо гэтыя людзі найбольш зацікаўленыя ў наступленьні міру. Зь іншага боку, тыя афганцы, якія ня могуць атрымаць статус уцекача ў Рэспубліцы Беларусь, будуць спрабаваць зьехаць за мяжу".

У чым зараз сыходзяцца афганцы, што жывуць у Беларусі, дык гэта ў разуменьні агульнай сытуацыі: усё ж лепей цярпець ад недасканаласьці заканадаўства чужой краіны, чым апынуцца на вастрыні ўзброенага канфлікту.

XS
SM
MD
LG