Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПЭЦСЛУЖБЫ ЗША НАМАГАЮЦЦА ПРАДУХІЛІЦЬ МАГЧЫМЫЯ НОВЫЯ ТЭРАРЫСТЫЧНЫЯ АТАКІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Газэта піша, што ФБР і ЦРУ ацэньваюць магчымасьць другой спробы нападу на ЗША як “вельмі высокую” і “вельмі рэальную”. Праўда, чыноўнікі спэцслужбаў робяць удакладненьне, што часткова тыя зьвесткі, якімі яны валодаюць, могуць быць дэзынфармацыяй, зробленай з мэтай перашкодзіць Злучаным Штатам распачаць акцыю адплаты за тэракты 11 верасьня.

Washington Post паведамляе, што новая інфармацыя вельмі ўстрывожыла кіраўніцтва ЗША і перадусім зь гледзішча паведамленьня насельніцтву пра яе, каб не было панікі. Трывога ўзмацняецца, бо магчымасьць новага тэракту пацьвярджаецца зьвесткамі з крыніцаў у Англіі, Нямеччыне, Афганістане і Пакістане. Да новых тэрактаў рыхтуюцца групы бін Лядэна ў Эгіпце, Самалі, Пакістане. Сэнатар Рычард Шэлбі, які працуе ў камітэце па выведцы Кангрэсу ЗША ў чацьвер заявіў, што “можна нават ісьці ў заклад, што будуць рабіцца спробы новых тэрарыстычных актаў, а таму трэба быць гатовымі, што гэта здарыцца”.

Аднак і Шэлбі, і міністар юстыцыі Эшкрафт, які таксама на мінулым тыдні заяўляў пра падвышэньне рызыкі новых тэрактаў, і іншыя ўрадовыя асобы ЗША ад камэнтароў адмаўляюцца. Washington Post піша, што ўрад непакоіцца, што тэракт можа адбыцца ў любой кропцы краіны, у тым ліку, там, дзе разьмешчаныя сымбалі амэрыканскай улады і культуры. Асаблівую трывогу выклікаюць магчымыя тэракты з выкарыстаньнем замінаваных аўтамабіляў, што могуць выбухнуць каля газавых нітак, электрастанцыяў ці ім падобных месцаў, якія крыніца газэты Washington Post назвала “уражальнай інфраструктурай”.

ФБР асаблівую ўвагу надае самалётам-апыляльнікам, да якіх знаныя тэрарысты выяўлялі цікавасьць. Аднак, амэрыканскія спэцслужбы не валодаюць дакладнай інфармацыяй пра характар будучых тэрактаў. Таму берагавая ахова абшуквае вадаплавы ў портах, узмоцненая ахова атамных электрастанцыяў, нафтаправодаў, ачышчальных збудаваньняў і іншых аб’ектаў, што могуць цікавіць тэрарыстаў.

Газэта цытуе крыніцу ў Міністэрстве юстыцыі, якая заявіла, што “расьсьледаваньне нападу на ЗША 11 верасьня павінна садзейнічаць прадухіленьню ажыцьцяўленьня новага тэрарыстычнага акту і гэта тычыцца ўсіх, ад прэзыдэнта Злучаных Штатаў да шараговага грамадзяніна”. Дасьведчаныя асобы прыйшлі да высновы, што ранейшыя пагрозы, пра якія стала вядома летам, маглі быць дэзынфармацыяй, каб адвесьці ўвагу ад сапраўдных намераў тэрарыстаў.

Паводле сэнатара Шэлбі, праваахоўныя ворганы мяркуюць, што тэрарысты зробяць нейкія нечаканыя крокі, таму яны спрабуюць загадзя пралічыць “нестандартныя” захады дзеля папярэджаньня магчымага нападу. Аднак, ён зазначыў, што бін Лядэн вядомы тым, што любіць паўтарацца. Прыкладам, у Цэнтры міжнароднага гандлю тэрарысты, якія, магчыма, далучаныя да групы бін Лядэна, ажыцьцявілі выбух яшчэ ў 1993 годзе. У 1999 годзе была абясшкоджаная тэрарыстычная групоўка, зьвязаная зь бін Лядэнам. Пазьней адзін зь яе ўдзельнікаў пацьвердзіў, што яна рыхтавала тэракт у міжнародным аэрапорце Лёс-Анжэлесу.

Чыноўнік, які пажадаў, каб ягонае імя не называлася, паведаміў, што тэрарыстычная арганізацыя бін Лядэна “любіць заблытваць тактыку і мэты”. Згодна з гэтай тэорыяй, “новыя захопы самалётаў выглядаюць малаверагоднымі з тае прычыны, што тут узмоцненыя захады бясьпекі”. Паводле ягонай думкі, дзеяньні на зямлі больш верагодныя.

XS
SM
MD
LG