Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША ДЫ ІХНЫЯ САЮЗЬНІКІ НЯ МОГУЦЬ ПРЫНЯЦЬ ВЫНІКУ ВЫБАРАЎ У БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Тым часам афіцыйны Менск публічна пагадзіўся на працяг дзейнасьці КНГ АБСЭ ў Беларусі.

У заяве пра палітыку ЗША наконт АБСЭ, якая была падрыхтаваная для слуханьня ў Гельсынскай камісіі, зазначаецца, што АБСЭ адыграла актыўную ролю, спрабуючы забясьпечыць адпаведнасьць прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 верасьня міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў, і канстатуецца: "Гэта не было дасягнута. Лукашэнкаў рэжым ня здолеў выканаць чатыры крытэры, вызначаныя летась парлямэнцкай "тройкай" АБСЭ. Ён перасьледаваў лідэраў апазыцыі, не даваў свабоднага доступу да дзяржаўных мэдыяў, вызначаў склад выбарчых камісіяў, забараняў дзейнасьць групаў унутраных назіральнікаў і перашкаджаў працы БДІПЧ — Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ды іншых міжнародных назіральнікаў".

Памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў эўрапейскіх справах Элізабэт Джоўнз заявіла таксама: "Мы й нашыя сябры ды саюзьнікі ня можам прыняць вынік выбараў, якія настолькі відавочна не змаглі быць адпаведнымі прынятым міжнародным стандартам, улучна з тымі, што ёсьць у Капэнгагенскім дакумэнце АБСЭ". Паводле спадарныі Джоўнз, Злучаныя Штаты працуюць з краінамі-сябрамі АБСЭ, уключаючы Расею, каб прывесьці Беларусь у адпаведнасьць з прынятымі ёю на сябе абавязацельствамі.

"Мы застаемся вельмі заклапочанымі наконт вартых даверу паведамленьняў пра арганізаваны Лукашэнкавым рэжымам эскадрон сьмерці, адказны за, як паведамляецца, да 30 забойстваў, улучна з забойствамі трох сяброў апазыцыі ды журналіста", — заявіла помочніца дзяржаўнага сакратара ЗША Элізабэт Джоўнз.

Яна нагадала таксама, што Злучаныя Штаты заклікалі ўрад Беларусі правесьці пільнае, незалежнае расьсьледаваньне публічных абвінавачаньняў, зробленых двума былымі пракурорамі ды жонкамі зьніклых і ўвязьненых апанэнтаў Лукашэнкі. Паводле спадарыні Джоўнз, усе яны наведалі Вашынгтон у ліпені, і з таго часу былі апублікаваныя дакумэнты, якія дадаюць абвінавачаньням даверу.

"Мы ўспрымаем гэтыя абвінавачаньні вельмі сур'ёзна", — зазначыла ў сваёй заяве пра амэрыканскую палітыку што да АБСЭ спадарыня Джоўнз, памочніца дзяржаўнага сакратара ЗША ў эўрапейскіх справах.

На наступны дзень пасьля абнародаваньня ў Вашынгтоне гэтае заявы Элізабэт Джоўнз у Вене адбылося паседжаньне Сталае рады АБСЭ, дзе быў заслуханы даклад кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка.

Як паведаміла прэсавая служба беларускага МЗС, пасьля дакладу спадара Віка амбасадар Беларусі ў Вене Віктар Гайсёнак зноў заявіў, што КНГ АБСЭ ў Менску мусіць выконваць свой мандат, але дадаў, што беларускі ўрад гатовы на канструктыўнай аснове актыўна супрацоўнічаць з усімі міжнароднымі арганізацыямі ды інстытутамі.

Нагадаю, напярэдадні выбараў Аляксандар Лукашэнка шмат разоў публічна абяцаў выкінуць зь Беларусі кіраўніка КНГ АБСЭ амбасадара Віка — пасьля 9 верасьня.

Аднак спадар Гайсёнак пазнаёміў сяброў Сталае рады АБСЭ зь іншай Лукашэнкавай цытатай ад 25 верасьня: "Палітычную сыстэму краіны будуць адзначаць працэсы далейшае дэмакратызацыі, паступовае разьвіцьцё парлямэнтарызму і ўмацаваньне судовае сыстэмы, удасканаленьне ўсіх галін дзяржаўнае ўлады".

Паколькі мандат Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі, як нагадаў у Вене Віктар Гайсёнак, прадугледжвае два галоўныя напрамкі дзейнасьці КНГ — "дапамога ўладам у разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў і маніторынг гэтых працэсаў", — пазыцыя афіцыйнага Менску цяпер палягае ў тым, што група АБСЭ можа й мусіць працягваць сваю працу ў Беларусі. Хаця спадар Лукашэнка да выбараў казаў, што КНГ сябе вычарпала.

XS
SM
MD
LG