Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ПОЎНАЧЫ АФГАНІСТАНУ ЗАЦІШША, УСЕ ЧАКАЮЦЬ АМЭРЫКАНСКІХ УДАРАЎ


Радыё Свабода.

(Дзятліковіч: ) “За апошні дзень не паступала зьвестак пра актыўныя баявыя дзеяньні. Па-ранейшаму мы ведаем, што аддзелы Паўночнага альянсу наступаюць у правінцыі Тагор. Ужо прыкладна тыдзень, як яны атачылі сталіцу правінцыі горад Талукан, але там вельмі моцны гарнізон талібаў – каля 10 тысяч байцоў, а паўночнікі там маюць 5-6 тысяч чалавек. Гэтага недастаткова, каб захапіць горад. Зь іншага боку, талібы ўжо трэці дзень наступаюць у правінцыі Капісог, але безвынікова. Таму яны суцішыліся і толькі абстрэльваюць пазыцыі Паўночнага альянсу. Так што я думаю, што актыўныя баявыя дзеяньні пачнуцца толькі разам з амэрыканскімі ўдарамі, бо самому Паўночнаму альянсу не хапае сілаў, каб пераламіць сытуацыю на фронце. Але ўдараў Амэрыкі яшчэ няма і па ўсім відаць, што ня будзе яшчэ тыдзень-два. Назіральнікі думаюць так таму, што зараз міністар абароны ЗША Рамсфэльд знаходзіцца ва Ўзбэкістане, абмяркоўваючы там праблемы правядзеньня апэрацыі ў Афганістане, а прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі знаходзіцца ў Маскве – там таксама разглядаюцца гэтыя пытаньні. Так што назіральнікі сыходзяцца на думцы, што пакуль ня будуць скончаныя гэтыя візыты, пакуль ня будзе ўзгоднены плян маштабнай міжнароднай акцыі, ніякіх удараў па Афганістане ня будзе”.

(Караткевіч: ) “Паводле заходніх СМІ, рух Талібан і Усаму бін Лядэна падтрымліваюць прадстаўнікі каля 30 дзяржаваў. Ці ёсьць нейкая інфармацыя на гэты конт і якая?”

(Дзятліковіч: ) “Да апошняга часу лічылася, што галоўным і ці не адзіным прыхільнікам руху Талібан зьяўляецца Пакістан і яго ўрад. Пакістан не хаваў гэтага і быў адной з трох краінаў, што ўсталявалі дыпляматычныя адносіны з Афганістанам, хаця міжнародная супольнасьць дагэтуль прызнае адзіным законным урадам Афганістану ўрад прэзыдэнта Рабані, якога падтрымлівае Паўночны альянс. Зараз можна сказаць толькі адно – на афіцыйным узроўні талібаў не падтрымлівае ніхто. Нават прэзыдэнт Пакістану два дні таму абвесьціў, што яго краіна разрывае дыпляматычныя адносіны з талібамі. Гаворка можа ісьці пра арганізацыі, а не краіны. Усама бін Лядэн вельмі пасьпяхова супрацоўнічае з тэрарыстыычнымі ці паўтэрарыстычнымі арганізацыямі па ўсім сьвеце, у яго ёсьць агентура, і калі яму трэба падтрымка, дык ён з тых крыніцаў яе атрымае. Іншая справа, што гэтая падтрымка ня будзе такой істотнай, якую атрымліваў апошнім часам Талібан ад афіцыйнага Пакістану”.

(Караткевіч: ) “Вось сёньня паведамляецца, што ЗША хочуць аказаць уплыў на інфармаванасьць насельніцтва тэрыторыяў, кантраляваных Талібанам. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра распаўсюджваньне там радыёпрыймачоў, скінутых з самалётаў. Ці гэта рэальна і якая сапраўды сытуацыя зь інфармаванасьцю насельніцтва на падкантрольных талібам тэрыторыях?”

(Дзятліковіч: ) “Да паведамленьняў аб тым, што ЗША будуць раскідваць з самалётаў прыймачы, я б паставіўся з пэўнай доляй гумару – цяжка ўявіць, як зьнішчальнікі лётаюць над краінай і скідваюць прыймачы…Але праблема сур’ёзная. Сапраўды, у Афганістане забароненае тэлебачаньне, ёсьць радыё, але толькі Талібану, і вельмі нешматлікія людзі ў Афганістане маюць сьмеласьць слухаць замежныя радыёгаласы і мець у сябе дома прыймач, які б мог лавіць Радыё Свабода ці ВВС”.

XS
SM
MD
LG