Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАТАСТРОФА НАД ЧОРНЫМ МОРАМ


Радыё Свабода.

(Сяржук Сокалаў-Воюш: ) “Па-першае, ёсьць падставы меркаваць, што самалёт быў зьбіты ракетай супрацьпаветранай абароны, паколькі ў гэты час украінскае войска праводзіла манэўры, у часе якіх вялася адпрацоўка дзеяньняў новага роду ўзброеных сілаў Украіны, створанага на базе ваенна-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны.

Па другое, дапускаецца магчымасьць тэракту. Моцны бок гэтага погляду ў тым, што самалёт ня проста зваліўся ў мора. Ён выбухнуў у паветры. Але ў гэтай вэрсіі ёсьць і слабы бок. Самалёт выляцеў з аэрапорту Бэн-Гурыён, які вядомы самымі жорсткімі ў сьвеце захадамі бясьпекі. Паводле аналітыкаў, у гэтым аэрапорце пранесьці бомбу на борт сямалёту практычна немагчыма.

Па-трэйцяе, дапускаецца магчымасьць выбуху паводле тэхнічных падставаў, аднак у гэтым выпадку самалёт не выбухае імгненна, а экіпаж, зазвычай, пасьпявае паведаміць на зямлю пра збоі ў працы авіяляйнэру.

(Караткевіч: ) “Гэткім чынам, найбольш верагодная вэрсія – ракета супрацьпаветранай абароны?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэтай вэрсіі пярэчаць афіцыйныя заявы ўкраінскіх вайскоўцаў, паводле якіх усе выпушчаныя ў часе манэўраў ракеты трапілі ў загадзя вызначаныя аб’екты. Да таго ж, вайскоўцы сьцьвярджаюць, што дальнасьць палёту ўжываных імі ракетаў не перавышае 150 кілямэтраў, а катастрофа адбылася за 250 кілямэтраў ад раёну манэўраў”.

(Караткевіч: ) “Заходнія сродкі масавай інфармацыі спасылаюцца на супрацоўніка прэсавай службы ўкраінскага флёту Ігара Ларычава, які нібыта падцьвердзіў вэрсыю пра ракету”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Тут хучэй адбылося непаразуменьне. Паводле прэсавай службы ваенна-марскіх сілаў Украіны, Ігар Ларычаў насамрэч працуе ў прэсавай службе Чарнаморскага флёту Расеі. Дарэчы, Расея прызначыла старшынём сьледчай камісіі ў справе гэтай катастрофы кіраўніка Рады Бясьпекі Ўладзімера Рушайлу. Паводле аналітыкаў, гэта паказвае, што перавага аддаецца вэрсіі тэракту. У адваротным выпадку, сьледзтвам кіраваў бы расейскі віцэ-прэм’ер Ільля Клябанаў.

(Караткевіч: ) “Учора заходнія інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што спадарожнікі ЗША зафіксавалі дзьве ракеты, якія з Крымскай паўвыспы набліжаліся да авіяляйнэру. Сёньня ў сродках мавай інфармацыі зьявілася паведамленьне, што і расейскі дыспетчар заходне-сібірскай службы бачыў на лякатары кропку, якая набліжаецца да Ту-154”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэта супярэчыць паведамленьню Авэта Дэмурана – камандзіра самалёту “Армянскія авіялініі”, які быў недалёка ад месца трагедыі і на ўласныя вочы бачыў два выбухі: адзін у паветры і другі – пасля таго як абломкі самалёту ўпалі ў мора.

(Караткевіч: ) “Паводле апошніх паведамленьняў, выратавальнікі бяруць на месцы трагедыі пробы забруджанай самалётным палівам вады, каб высьветліць якасьць паліва. На гэты момант знойдзеныя целы 13 пасажыраў і аднаго сябра экіпажу, а таксама сабраныя з паверхні мора шматлікія рэчы і часткі самалёту. Сярод іх – фрагмэнт кабіны са сьлядамі куляў. Аднак сакратар расейскай Рады Бясьпекі Ўладзімер Рушайла сказаў, што канчатковы адказ у гэтым пытаньні магчымы толькі пасьля балістычнай экспэртызы”.

XS
SM
MD
LG