Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АМЭРЫЦЫ РЫХТУЮЦЦА ДА БАКТЭРЫЯЛЬНАЙ АТАКІ І РАЗВАЖАЮЦЬ НАД ПРЫЧЫНАМІ КАТАСТРОФЫ НАД ЧОРНЫМ МОРАМ


Радыё Свабода.

(Караткевіч: ) “Сяргей, як ацэньваюць у Амэрыцы сытуацыю вакол самалёту, які пацярпеў катастрофу ў Чорным моры?”

(Навумчык: ) “Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША лічаць, што самалёт мог быць выпадкова зьбіты ракетай SA-5 падчас вучэньняў украінскіх узброеных сілаў. Ва ўсялякім разе, менавіта такую версію падаюць на гэты момант, калі мы размаўляем, амэрыканскія тэлеканалы, але яна ідзе другой, на першым месцы – тэракт. Прыводзяцца абвяржэньні афіцыйнага Кіева наконт таго, што радыюс палёту ракеты SA-5, якія ёсьць на ўзбраеньні ўкраінскай арміі – 10 кілямэтраў, а самалёт пацярпеў катастрофу прыблізна ў трох сотнях кілямэтраў ад берагу. Але, разам з тым, падаецца і меркаваньне брытанскіх экспэртаў, якія сьцьвярджаюць, што такая ракета якраз можа праляцець 300 кілямэтраў. Ужо ўчора навіна пра самалёт была асноўнай у выпуску навінаў, трагедыя ў Чорным моры і зараз застаецца ў цэнтры ўвагі амэрыканскай прэсы. Тым больш, што, падкрэсьлю, зусім не выключаецца і тэрарыстычны акт, і гэта падаецца першай версіяй. Наагул, пасьля 11 верасьня на амэрыканскім тэлебачаньні міжнародныя тэмы асьвятляюцца больш шырока, чым звычайна – раней было ўражаньне, што амэрыканцы пераважна мала цікавяцца тым, што адбываецца па-за межамі ЗША. Цяпер цікавасьць да падзеяў у сьвеце значна большая”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, якія зьвесткі пра здарэньне ў Флярыдзе, дзе зарэгістраваны выпадак атручваньня біялягічнай зброяй? Тут, у Празе, мы бачым, што тэлекампанія CNN надае гэтаму вельмі вялікую ўвагу”.

(Навумчык: ) “Вольга, тое ж самае можна сказаць і пра нацыянальныя тэлеканалы. Адразу пасьля тэрактаў экспэрты заявілі, што наступным ударам тэрарыстаў можа быць ядзерная, біялягічная або хімічная атака. І таму здарэньне ў Флярыдзе трапіла, як кажуць, “у тэму”. Што адбылося? Боб Сьцівенс, 63-гадовы жыхар Вэст-Палм-Біч быў дастаўлены ў шпіталь у крытычным стане з прыкметамі атручваньня энтрэксам. Энтрэкс – гэта бактэрыя, сымптомы захворваньня – па першым часе нагадваюць звычайную прастуду, якая пасьля пераходзіць у менінгіт альбо пнэўманію у цяжкай форме, ён выклікае шок і параліч дыханьня. Вынік – сьмяротны, калі чалавек удыхнуў бактэрыю, калі ж бактэрыя патрапіла іншым шляхам, дык можна выратавацца антыбіётыкамі. Выпадак у Флярыдзе якраз, на жаль, інгаляцыйны. Гэты чалавек шмат часу праводзіў у сваім садзе, апошнімі днямі рамантаваў ровары ўнукаў. Гэтыя бактэрыі выкарыстоўваюцца ў якасьці зброі, але яны натуральна існуюць у прыродзе, таму тэарэтычна можна атруціцца натуральным шляхам, і такіх выпадкаў у ЗША з 1976 году было 18.

Адметнасьць сытуацыі ў тым, што літаральна ў некалькіх мілях ад Вэст-Палм-Біч жылі і двое тэрарыстаў, якія захапілі адзін з самалётаў 11 верасьня, хаця пакуль што ўлады штату Флярыда ніяк не звязьваюць гэтыя два факты. Аднак прыгадваецца ўчорашні выступ у Кангрэсе міністра аховы здароўя ЗША Томі Томсана, які заявіў, што Амэрыка гарантаваная ад біялягічнай атакі, у адказ на што адзін з кангрэсмэнаў заявіў: “Дазвольце вам не паверыць”. Газэта Daily News прыводзіць меркаваньне экспэртаў, што калі ацэньваць гатоўнасьць да бактэрыялягічнай атакі па 100 бальнай шкале, дык сёньня яна толькі на 10.

Але фактам застаецца і тое, што праз некалькі гадзінаў пасьля тэрарыстычнай атакі ў Нью-Ёрк прыбылі адмысловыя брыгады, якія гатовыя былі дапамагчы 10 тысячам чалавек, што маглі атруціцца энтрэксам. На сёньняшні дзень у адным толькі Нью-Ёрку ў поўнай гатоўнасьці знаходзяцца 300 адмысловых цэнтраў, якія маюць адмысловае абсталяваньне і рэчывы для барацьбы з бактэрыялягічнай зброяй.

Па ўсіх ЗША створаныя 8 адмысловых сховішчаў, у якіх ёсьць ня менш як па 50 тонаў сродкаў абароны і мэдыкамэнтаў”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, а якія навіны ў справе падрыхтоўкі да ваеннай апэрацыі супраць тэрарызму?”

(Навумчык: ) “Паблізу ад Афганістану знаходзяцца тры амэрыканскія авіяносцы і ў бліжэйшыя дні прыйдзе яшчэ адзін, які ў аўторак выйшаў з японскага порту. Вольга, паколькі гэта вайна ня супраць нейкай канкрэтнай краіны, а менавіта супраць зьявы – супраць тэрарызму – дык падрыхтоўкай ёсьць цэлы комплекс мераў, якія спалучаюць і вайсковыя дзеяньні, і адмысловыя апэрацыі, і нават рэараганізацыю ўзброеных сілаў. У тым ліку і новыя кадравыя прызначэньні. Найбольш істотнае – гэта замена кіраўніка Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Генры Шэлтана на Рычарда Маерса (нагадаю, што міністрам абароны ў ЗША звычайна ёсьць цывільная асоба, а непасрэдна ваеннымі апэрацыямі кіруе начальнік Аб’яднанага камітэту). Аналітыкі адзначаюць, што ў дадзеным выпадку армейскі генэрал заменены на генэрала ваенна-паветраных сілаў. Дарэчы, у раён меркаваных баявых дзеяньняў накіраваныя рэгулярныя войскі, якія складаюцца з прафесійных вайскоўцаў, а рэзэрвісты, якія прызываюцца, ахоўваюць аб’екты на тэрыторыі ЗША. У гэтым – карэннае адрозьненьне ад вайны СССР у Афганістане, калі ў зону баявых дзеяньняў хлопцаў пасылалі ледзь не з прызыўных пункатаў. У Амэрыцы ж баявыя апэрацыі даручаныя прафэсійным вайскоўцам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG