Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ПАТРАБУЕ, КАБ ПРАКУРАТУРА АДМЯНІЛА РАШЭНЬНЕ САЎМІНУ ПРА БУДАЎНІЦТВА ДАРОГІ ПРАЗ КУРАПАТЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры грамадзкай ініцыятывы сабраліся сёньня, каб вырашыць: пагаджацца зь дзяржаўнай прапановай працягу рэканструкцыі кальцавой дарогі пад наглядам археолягаў і грамадзкасьці, ці дамагацца будаўніцтва дарогі ў абыход Курапатаў.

Як вядома, сёньня міністар транспарту й камунікацыяў Міхаіл Баравы ў часе наведваньня Курапатаў заявіў, што ўсе будаўнічыя работы на гэтым участку прыпыняюцца на два тыдні, і ўвесь гэты час зону магчымых дарожных работ будуць дасьледаваць археолягі разам з актывістамі Маладога Фронту.

Праўда, кіраўнік археалягічных работ з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Алег Іоў лічыць, што новыя пахаваньні на гэтай тэрыторыі наўрад ці будуць знойдзеныя. Гаворыць спадар Іоў:

(Іоў: ) "Мы вырашылі праводзіць раскопкі на 12 аб'ектах па абодва бакі дарогі, дзе, магчыма, знаходзяцца парэшткі ахвяраў. Хаця сам я да гэтага стаўлюся даволі скептычна. Але паводле дамовы трэба правесьці гэтыя раскопкі, і ад заўтра мы пачнем".

Ён гаворыць, што археолягі ўжо ня раз праводзілі дасьледаваньні ў гэтым раёне, і ўсе знойдзеныя пахаваньні былі пазначаныя на адпаведных мапах. Але каб яшчэ раз пераканацца, што дарога ня пройдзе па магілах, раскопкі ўсё ж правядуць.

Сябры аргкамітэту адзначалі, што Савет Міністраў Беларусі груба парушыў Закон пра захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны, дазволіўшы будаўніцтва ў ахоўнай тэрыторыі помніка Курапаты.

Актывісты грамадзкай ініцыятывы лічаць, што ўлады мусяць вярнуцца да праекту 1993 году, паводле якога кальцавая аўтадарога ідзе ў абыход Курапатаў, а ва ўрочышчы неадкладна стварыць сапраўдны мэмарыяльны комплекс.

Людзі ня надта вераць абяцаньням уладаў. Улады ж абяцаюць, што правядуць работы вельмі адказна і ахайна, умацуюць дарожныя адкосы адмысловымі сьценкамі з мэмарыяльнымі надпісамі, а калі ўсё ж знайдуць парэшткі ахвяраў, то ўрачыста перапахаваюць іх. На думку гэтай часткі сяброў ініцыятывы, да ўладаў трэба выстаўляць максымум патрабаваньняў.

Сябры грамадзкай ініцыятывы "За захаваньне мэмарылу Курапаты" вырашылі накіраваць зварот у пракуратуру з патрабаваньнем даць прававую ацэнку рашэньню Саўміну аб будаўніцтве на тэрыторыі мэмарыялу.

Вырашылі таксама стварыць юрыдычную, міжнародную, мэмарыяльную, археалягічную камісіі грамадзянскай ініцыятывы. Гэтыя органы будуць распрацоўваць дакумэнты й звароты з мэтай прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці да праблемы Курапатаў, а таксама патрабаваць ад уладаў стварэньня ва ўрочышчы сапраўднага мэмарыялу.

Пастанавілі таксама распачаць збор подпісаў сярод жыхароў мікрараёну Зялёны Луг з патрабаваньнем весьці будаўніцтва дарогі ў абыход Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG