Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ПАЧАЛА РАСЬЦІ ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ ПА ВЫПЛАТАХ ЗАРОБКУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Як паведамiў сёньня намесьнiк старшынi Савету аб'яднаньня прафсаюзаў Берасьцейскай вобласьцi Аляксандар Кавiцкi, на 1 кастрычнiка запазычанасьць па заробках склала 5 мiльярдаў 175 мiльёнаў рублёў (гэта каля 10% агульнага фонду заработнай платы ў вобласьцi).

Прычым узьнiкла запазычанасьць лiтаральна за апошнi месяц, паколькi, па зьвестках прафсаюзаў, напрыканцы жнiўня пратэрмiнаванай запазычынасьцi не было. Асноўны цяжар даўгоў тычыцца аграрнага сэктару: калгасы завiнавацiлiся вяскоўцам прыблiзна 4 мiльярды рублёў. У прамысловасьцi запазычанасьць складае 180 мiльёнаў рублёў, у будаўнiцтве — 164 мiльёны.

Паводле афiцыйнай iнфармацыi, толькi Берасьцейскi раён i горад Баранавiчы ня маюць запазычанасьцi па заробках, а ў асаблiва цяжкiм стане апынулiся жыхары Баранавiцкага, Столiнскага, Кобрыньскага i Пiнскага раёнаў.

Iснуюць вялiкiя праблемы з выплатай заробкаў у некаторых прыватных фiрмах: так, рабочыя берасьцейскага прадпрыемства "Рубiкон" ня могуць атрымаць заробленыя грошы з красавiка гэтага году.

Акрамя ўжо вядомых прычынаў зьяўленьня запазычанасьцi — а гэта неканкурэнтаздольнасьць прадукцыi, стратнасьць прадпрыемстваў — цяпер iснуюць i iншыя. Напярэдаднi прэзыдэнцкiх выбараў мясцовыя ўлады загадалi камэрцыйным банкам выдаткаваць прадпрыемствам крэдыты, якiя выкарыстоўвалiся выключна для выплаты заробку.

Цяпер выдача такiх крэдытаў прыпыненая, таму спэцыялiсты сацыяльна-эканамiчнага аддзелу Берасьцейскага абласнога аб'яднаньня прафсаюзаў прагназуюць хуткае павелiчэньне запазычанасьцi па выплаце заробку.

XS
SM
MD
LG