Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У НАВАПОЛАЦКУ – КАНФЛІКТ ПАМІЖ ПРАФСАЮЗАМІ І АДМІНІСТРАЦЫЯЙ НА ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Рэвізія калектыўнай дамовы адбылася са згоды прафкаму галіновага прафсаюзу, прычым келейна і без кансультацыяў з кіраўніцтвам тамтэйшых суполак Незалежнага і Свабоднага прафсаюзаў.

Такім чынам, на прадпрыемстве зьмяншаецца памер прэміяў апэратыўнаму пэрсаналу, адмяняюцца разавыя выплаты работнікам з нагоды "круглых" юбілеяў, скасоўваецца так званы "дзень гаспадыні" — аплачваны адгул, які давалі раз на месяц жанчынам-энэргетыкам.

Такія захады адміністрацыі выклікалі рэзкі пратэст сяброў недзяржаўных прафсаюзаў, што дзеяць на прадпрыемстве. Людзей пры гэтым абураюць ня столькі спробы адміністрацыі чарговым разам "закруціць шрубы", колькі згодніцкая пазыцыя афіцыйнага прафсаюзу. Вось што сказаў на гэты конт старшыня Свабоднага прафсаюзу цеплаэлектрацэнтралі Вадзім Духаменка:

(Духаменка: ) "Арганізацыі галіновага прафсаюзу, як паказвае практыка, пад ціскам адміністрацый прадпрыемстваў раз за разам здаюць пазыцыі. Фактычна яны прафсаюзамі не зьяўляюцца: гэта палітычныя структуры, якія знаходзяцца пад кантролем уладаў. На гэтым тле недзяржаўныя прафсаюзы, пры ўсёй сваёй малалікасьці, сталіся апошнім фарпостам абароны працоўных. У дадзенай канкрэтнай сытуацыі мы зьбіраемся ўжыць любыя законныя меры ў справе абароны працоўных і ад гэтага не адступімся".

Сёньня кіраўнікі суполак Свабоднага і Незалежнага прафсаюзаў падалі дырэктару цеплаэлектрацэнтралі сумесную заяву, у якой гаворыцца, што зьмены ў калектыўнай дамове сябраў згаданых прафсаюзаў не датычаць. Калі ж адміністрацыя гэты факт праігнаруе, кіраўнікі суполак зьбіраюцца зьвярнуцца ў суд.


XS
SM
MD
LG