Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ДАКАЗАЦЬ, ШТО Ў КУРАПАТАХ ЛЯЖАЦЬ НЕ АХВЯРЫ СТАЛІНСКІХ РАССТРЭЛАЎ – НЕМАГЧЫМА


Юры Сьвірко, Менск

(Сьвірко: ) “Зянон Станіслававіч, якое ваша стаўленьне да таго, што зараз адбываецца ў Курапатах?”

(Пазьняк: ) “Стаўленьне маё вядомае. Раз Курапаты зьбіраюцца зьнішчыць, то стаўленьне маё рэзка нэгатыўнае. Курапаты стараліся зьнішчыць на працягу ўсяго пэрыяду, як яны ўзьніклі. Рабілі гэта рознымі мэтадамі. Пракладка ў пачатку 60-х гадоў дарогі праз Курапаты – таксама быў адзін з мэтадаў. Пасьля таго, як Курапаты былі адкрытыя і дасьледаваныя у 1988-м годзе і калі прыйшлося прызнаць тое, што было, увесь час былі спробы нейкім чынам зьнішчыць гэты помнік, гэтую памяць. Спачатку рабілі гэта мэтадамі палітычнымі, меркавалі, што можна перагледзець гэтае пытаньне. І таму некалькі разоў распачыналі новыя сьледзтвы. Апошняе следзтва праводзіў рэжым Лукашэнкі. Усё было пастаўлена на даволі шырокую плятформу. Вырашылі яшчэ раз зрабіць праверачныя раскопкі. І гэтыя раскопкі паказўалі тое ж, што і ў 1988 годзе. Яшчэ 12 гадоў таму я казаў, што даказаць адваротнае немагчыма. Я як археоляг гэта ведаю.

А цяпер рэжым Лукашэнкі вырашыў маўчаць, таму што любыя спробы зараз пачынаць гэтую справу і дасьледаваць, будуць сьведчыць толькі супраць яго. Вырашылі зайсьці з другога боку – паднялі старыя праекты пашырэньня кальцавой дарогі, праекты яшчэ 1993 году… Што значыць, пашыраць дарогу? Гэта – запусьціць тэхніку, а шырыня ж ня толькі вымяраецца палатном, яна вымяраецца і плошчай будаўнічай пляцоўкі. Па-другое, сам факт будаўніцтва дарогі на касьцях людзей прыніжае гэтае месца, гаворыць, што яно нязначнае, бо на ім можна будаваць дарогі, імчацца з хуткасьцю 100 кілямэтраў на гадзіну. Гэта проста плявок у твар нашай памяці пра людзей, якія там загінулі. Плявок нахабны і бяскультурны”.

(Сьвірко: ) “Вы ўзгадалі, што ў 60-я гады пачалі будаўніцтва кальцавой дарогі. Цяпер Аляксандар Лукашэнка загадаў яе пашырыць. Як вы думаеце, з тэхнічнага боку, ці магчымае ўвогуле пашырэньне кальцавой дарогі ў гэтым месцы?”

(Пазьняк: ) “Яно магчымае зь гледзішча тэхнічнага, але немагчымае з гледзішча духоўных інтарэсаў нацыі. Людзі, якія кіруюць дзяржавай, павінны гэта разумець. Нельга абгрунтоўваць эканамічнымі інтарэсамі якое б там ні было будаўніцтва ля Курапатаў, на той зямлі, дзе пахаваныя людзі. Дарогу трэба весьці ў аб’езд Курапатаў. Дарэчы, такія праекты ёсьць. Але яны былі проста адкінутыя, бо вымагаюць большых выдаткаў. Курапаты – мартыралёг нацыі. І таму выдаткі павінны быць большымі, каб захаваць гэты мартыралёг.

Маю сказаць, што мы гэтае пытаньне адсочваем ужо год. Народны Фронт яшчэ летась паставіў задачу зрабіць з Курапатаў народны помнік па тыпу Грабаркі на Беласточчыне. Гэта значыць, паколькі афіцыйныя ўлады закінулі Курапаты, не зьбіраюцца там нешта мэмарыяльнае рабіць, то хай сам народ робіць, хай кожны прынясе свой крыж у памяць пра загіблых. І калі кожны прынясе, то там будуць сотні тысячаў крыжоў. Гэта будзе помнік, які будзе крычаць пра наш боль. Гэты працэс пачаўся яшчэ летась і працягваецца па сёньняшні дзень.

Яшчэ 6 жніўня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ быў накіраваны запыт у Савет Міністраў, у якім мы патрабавалі, каб новая дарога пайшла ў аб’езд урочышча Курапаты. Гэта быў наш пратэст на спробы будаваць. Да гэтага часу мы не атрымалі адказу. І ў аўторак, 25-га верасьня, быў накіраваны новы ліст у Савет Міністраў, дзе таксама гаворыцца, што менская кальцавая дарога павінна прайсьці ў абыход урочышча Курапаты. Чакаем адказу.

Акрамя таго, зараз стараемся разьвіць ініцыятыву людзей, каб народ стаў на абарону магілаў пакутнікаў. Толькі тады мы пераможам. Таму што, калі людзі застануцца ў баку, то чыноўнікі могуць зьнішчыць усё. Толькі сам народ можа забараніць і спыніць гэтае барбарства. Гэта трэба спыніць на карані. Гэта нават цяжка ўсьвядоміць, што мы дапусьцім, што будуць зьняважаныя Курапаты. Яны – сымбаль нашых пакутаў, яны маюць такое ж значэньне, як і бел-чырвона-белы сьцяг. Рэжым пачаў з таго, што зьнішчыў сьцяг нацыі. Гэта быў найвелізарнейшы ўдар па ўсіх беларусах. А цяпер вось яны хочуць зьнішчыць і апляваць Курапаты, дзе пахаваныя сотні тысячаў забітых нявінных людзей. Наш боль – гэта касьмічны боль беларусаў. І калі мы дапусьцім, што па магілах будуць езьдзіць аўтамабілі, пасьля гэтага мы ня зможам лічыць сябе людзьмі. Таму трэба шырыць інфармацыю пра Курапаты і намеры ўладаў, каб людзі паўсталі на іх абарону, не заставаліся дома. Трэба пярэчыць барбарству. Трэба несьці свой крыж у сьвятое месца. Несьці свой Боскі крыж на гэтае месца. І я ўпэўнены, што толькі грамадзкасьць, толькі народ можа сказаць тут рашаючае слова.

Што датычыць тэхнічных магчымасьцяў, то, натуральна, такія магчымасьці ёсьць, каб правесьці дарогу ў абыход Курапатаў. Ёсьць пяць ужо распрацаваных варыянтаў, наколькі мне вядома. І праблемы тут няма. Тут пытаньне палітычнае. Рэжым вырашыў зьнішчыць наш сымбаль, наш мартыралёг. Мы павінны таксама разумець гэта палітычна: нас зьнішчаюць, а мы павінны супраціўляцца”.

(Сьвірко: ) “Вы сказалі, што ёсьць пяць варыянтаў пракладкі гэтай кальцавой дарогі. Наколькі вялікія Курапаты зь гледзішча гэтай кальцавой дарогі? На колькі кілямэтраў трэба яе аднесьці, каб не закранаць косткі забітых?”

(Пазьняк:) “Можна, скажам, правесьці гэтую дарогу праз звалку. Калі ісьці ў бок Ёдкава, гэта будзе справа ад Курапатаў, за калёдзішчынскай дарогай, у бок Дроздаў. Трэба зрабіць дугу ў некалькі кілямэтраў. Гэта магчыма, і каб гэта зразумець, ня трэба быць адмыслоўцам. Ёсьць цэлы шэраг варыянтаў. Я бачыў праекты рэканструкцыі кальцавой дарогі ў аб’езд Курапатаў. Тут няма праблемы тэхнічнай. Гэта – палітычная замова. Выступаючы супраць гэтага барбарства, мы павінны паказаць яго алягізм. Мы павінны сказаць уладзе: “Вы павінны ісьці на такія выдаткі, каб прычыніць боль усёй нацыі? Тым мільёнам, якія ўжо не паўстануць з магілаў на сваю абарону...” А для людзей, якія не разумеюць духоўных каштоўнасьцяў, мы павінны сказаць, што існуе тэхнічнае разьвязаньне праблемы”.

(Сьвірко:) “Спадар Пазьняк, як вы ацэньваеце рэакцыю грамадзтва на тое, што адбываецца? Зазначым, што ў Курапатах сёлета ўсё пачалося з разбурэньня лаўкі Клінтана, якую вы, здаецца, разам усталёўвалі...”

(Пазьняк:) “Так, гэта праўда. Што тычыцца грамадзкасьці. Я разглядаю гэта як працэс. Грамадзкасьць ня мае інфармацыі. Недзяржаўныя газэты выходзяць маленькімі накладамі, тэлебачаньне і радыё маўчаць. Я не магу абвінавачваць грамадзтва ў абыякавасьці. Людзі проста мала інфармаваныя. Будзе пашырацца інфармацыя, будуць прыходзіць у Курапаты і людзі. Я добра памятаю 1988-ы год. Тады ўвогуле людзі нічога ня ведалі пра Курапаты. Але зьвіўся артыкул у “Літаратуры і мастацтве”, і яго прачыталі ўсе. І калі быў абвешчаны мітынг у Курапатах 19 чэрвеня, хоць і стараліся камуністычныя ўлады як маглі недапусьціць гэтага мітынгу, стыхійна сабралася 10 тысячаў чалавек. Усё залежыць ад інфармацыі, і калі інфармацыя будзе пашырацца, я перакананы, што нашыя людзі не застануцца абыякавымі”.

(Сьвірко:) “Пакуль што на экранах, у эфіры, на старонках дзяржаўных газэтаў – “Дажынкі”. Танчаць у Мазыры, а ў Менску акрамя Курапатаў, разбураюць яшчэ й сынагогу. Ці бачыце вы нейкую сувязь паміж гэтым усім?”

(Пазьняк:) “Сувязь паміж гэтым усім адна. Гэта агульная палітыка непавагі. Людзі павінны зразумець, што непавагай да іх гісторыі зьнішчаецца іх будучыня. Але шмат што залежыць ад актыўнасьці саміх людзей. Нельга спадзявацца, што нешта само па сабе зробіцца. Трэба за свае інтарэсы змагацца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG