Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў КУРАПАТАХ ПАЧНУЦЦА АРХЕАЛЯГІЧНЫЯ РАСКОПКІ. БУДАЎНІЧЫЯ РАБОТЫ СПЫНЕНЫЯ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Сёньня міністар Баравы наведаў Курапаты. Разам зь ім сюды прыехалі прадстаўнкі практычна ўсіх будаўнічых арганізацыяў, што занятыя ў рэканструкцыі кальцавой дарогі, а таксама дэпутаты гэтак званай “палаты прадстаўнікоў” Вольга Абрамава, Уладзімер Навасяд і Марыя Худая. Былі таксама супрацоўнікі Інстытуту гісторыі. З сабой яны прывезьлі таксама шмат журналістаў. Адметная рэч – за 10 дзён, што ладзіцца варта Курапатаў, ніхто з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ не наведаў гэтае месца. Але вось сёньня прыехала здымачная група АТН і сталічнага тэлебачаньня. У выніку размовы, што адбылася з абаронцамі Курапатаў, была дасягнутая дамоўленасьць, што будаўнічыя работы спыняюцца на два тыдні і тут пачынаюцца археалягічныя раскопкі. Але ёсьць пэўныя недарэчнасьці. Справа ў тым, што будаўнічыя работы ў Курапатах былі прыпыненыя 10 дзён таму, калі людзі пачалі ўсталёўваць крыжы і сталі не пускаць бульдозэры. А што да будаўнічых работаў, якія цягнуцца цяпер, дык сёньня на іншым баку дарогі пачалі высякаць дрэвы. Будаўнічая тэхніка ўсё ж працуе і зусім блізка ад Курапатаў”.

(Тарас: ) “Ці вераць ужо хлопцы з Маладога Фронту, што іх дапамога ўжо не спатрэбіцца?”

(Соусь: ) “Яны працягваюць дзяжурства. Сёньня яны ўсталявалі новы намёт на пагорку побач зь вялікім крыжам, зьбіраюцца павялічыць колькасьць дзяжурных. Апрача таго, яны зьбіраюцца ўзяць удзел і ў археалягічных раскопках, якія пачнуцца заўтра раніцай а 9-й гадзіне. Побач са мной Павал Космач, студэнт-гісторык, які будзе каардынаваць працу Маладога Фронту ў часе раскопак. Маё пытаньне да яго. Зараз мы стаім побач з паласой, якую пазначылі будаўнікі – гэта прыкладна 15 мэтраў з абодвух бакоў дарогі, менавіта тут будуць ладзіцца раскопкі. Якія будуць вашыя дзеяньні, калі ў гэтым месцы ня будуць знойдзеныя парэшткі людзей?”

(Космач: ) “Мы будзем весьці свае раскопкі троху далей у бок Заслаўя. Менавіта там, паводле меркаваньня многіх гісторыкаў, ёсьць больш раньнія пахаваньні – не 1937-41 гадоў, а пачатку 30-х. Заўтра там Малады Фронт разам з супрацоўнікамі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук будзе распачынаць раскопкі”.

XS
SM
MD
LG