Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ПРЫНЯЦЬЦЯ Ў МЕНСКУ ЛІДЭРА ПРЫДНЯСТРОЎЯ Ў КІШЫНЁВЕ ЗЬЯВІЛІСЯ ПРАПАНОВЫ АДМЯНІЦЬ ВІЗЫТ ТУДЫ ЛУКАШЭНКІ


Юры Дракахруст, Прага

На думку малдоўскіх сацыял-лібэралаў, нядаўні візыт у Менск лідэра непрызнанай Прыднястроўскай Рэспублікі Ігара Сьмірнова, яго сустрэча з Лукашэнкам зьяўляюцца грубым умяшальніцтвам Беларусі ва ўнутраныя справы Малдовы.

“Беларускі бок ня мае намеру кансультавацца ні зь якімі партыямі Малдовы, акрамя афіцыйных уладаў,” – так пракамэнтавала заяву малдоўскіх лібэрал-дэмакратаў беларускае МЗС. Наколькі верагодная адмена візыту Лукашэнкі ў Малдову? Як ацэньвае сытуацыю афіцыйны Кішынёў? На гэтыя пытаньні нашага радыё адказаў малдоўскі палітоляг, дырэктар цэнтру разьвіцьця дэмакратыі Ігар Бацан.

(Бацан: ) “У Кішынёве не было аніякай рэакцыі ўладаў на візыт сп-ра Сьмірнова ў Беларусь. Адзіны, хто адрэагаваў, гэта Сацыял-лібэральны саюз, які толькі што сфармаваўся. Аднак я мяркую, што іх заява пра тое, што трэба адмяніць візыт Лукашэнкі ў Малдову – гэта ўсяго толькі спроба гэтай партыі прыцягнуць да сябе ўвагу малдоўскай публікі.

Мне падаецца, што маўчаньне афіцыйнага Кішынёву – гэта форма інфармацыйнай блякады Прыднястроў’я. З 1 верасьня адносіны паміж Кішынёвым і Тыраспалем значна пагоршыліся. Кішынёў спрабуе знайсьці палітычнае рашэньне гэтага канфлікту.

Зразумела, у Кішынёве нікому не спадабалася, што сп-ра Сьмірнова прымалі ў Менску на вышэйшым ўзроўні. Дакладнай інфармацыі няма, але паводле зьвестак сацыяльна-лібэральнага саюзу, яго прымалі менавіта як прэзыдэнта непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі. Аднак тое, што на заканчэньне візыту Сьмірнова Лукашэнка заявіў, што выступае за кампраміс паміж Кішынёвым і Тыраспалем – гэта тое, што ў прынцыпе задавальняе Кішынёў.

Апроч таго, існуе пэўная ідэалягічная блізкасьць паміж цяперашнімі малдоўскім і беларускім лідэрамі.

Аляксандар Лукашэнка – ня першы кіраўнік дзяржавы, які сустракаецца са сп-ром Сьмірновым. Сп-р Сьмірноў сустракаецца, напрыклад, з прэзыдэнтам Украіны Кучмам. Але гэтыя сустрэчы абумоўленныя тым, што Ўкраіна і Расея зьяўляюцца афіцыйнымі пасярэднікамі, краінамі-гарантамі мірнага вырашэньня прыднястроўскага канфлікту. Беларусь не зьяўляецца такой краінаю- гарантам, і таму безумоўна сустрэча Лукашэнкі са Сьмірновым малдоўскім ўладам не спадабалася.

Але мне падаецца, што яны будуць вымушаныя праглынуць гэтую крыўды. Малдоўскія ўлады сапраўды спрабуюць будаваць нейкія адмысловыя адносіны зь Беларусьсю і Расеяй. І гэта ня проста словы. Зараз вельмі пагоршыліся адносіны Кішынева з Бухарэстам пасьля заявы малдоўскага міністра юстыцыі ў Эўрапейскім судзе, што Румынія ўмешваецца ва ўнутраныя справы Малдовы. Зараз псаваць адносіны зь Беларусьсю, куды экспартуецца малдоўская сельскагаспадарчая прадукцыя, гэта было б неразумным крокам. Малдоўскія ўлады могуць выказаць беларускаму лідэру сваё незадавальненьне пры асабістай сустрэчы, але пра адмену плянаванага візыту Лукашэнкі у Кішынёў ня можа ісьці нават гаворкі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG