Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ДАЎНО АМЭРЫКА ЗАМАГАЕЦЦА З УСАМАМ БІН ЛЯДЭНАМ?


Сяргей Шупа, Прага

44-гадовы Усама бін Лядэн, які паходзіць з багатай савудаўскай сям’і, у 1991 годзе быў выгнаны з Савудаўскай Арабіі, а яшчэ праз тры гады – пазбаўлены грамадзянства гэтай краіны. На пачатку 1996 году амэрыканскае ЦРУ стварыла адмысловы аддзел для барацьбы зь бін Лядэнам, бо былі сьведчаньні пра яго дачыненьне да выбухаў у Сусьветным Гандлёвым Цэнтры ў 1993 годзе. На той час ён жыў у Судане.

Пасьля пераезду бін Лядэна ў Афганістан, ён стаўся важным аб’ектам амэрыканскіх ваенных і выведных намаганьняў пасьля таго, як у лютым 1998 году абвясьціў фатву – рэлігійны дэкрэт, які заклікаў забіваць амэрыканцаў.

Калі ў жніўні таго самага 1998 году дзьве бомбы выбухнулі ў амбасадах Злучаных Штатаў у Кеніі і Танзаніі, у выніку чаго загінула больш за 200 чалавек, і амэрыканскі ўрад выявіў, што за абодвума выбухамі стаяў бін Лядэн, дык пытаньне тады стаяла ўжо не – ці Злучаныя Штаты нанясуць удар адплаты, а калі і як гэта адбудзецца.

20 жніўня 1998 году 66 крылатых ракетаў тыпу «Тамагаўк» былі выпушчаныя з караблёў у Аравійскім моры па лягерох тэрарыстаў у Афганістане. У выніку загінула каля 30 чалавек, аднак сам бін Лядэн застаўся жывы. Прычынаю няўдалага рэйду сталіся пралікі выведных службаў, якія ня здолелі дакладна вылічыць графік перамяшчэньня бін Лядэна, а таксама адсутнасьць каардынацыі ў плянаваньні ўдару. Апэрацыя была адкладзеная на некалькі гадзінаў – да наступленьня ночы, каб палёт ракетаў застаўся незаўважны. Паводле некаторых зьвестак, якраз за гэтыя некалькі гадзінаў бін Лядэн пакінуў лягер, дзе яго мусіла напаткаць сьмерць ад ракетнага ўдару.

Наступная апэрацыя супраць бін Лядэна распрацоўвалася ў 1999 годзе, калі ЦРУ патаемна падрыхтавала групу з 60 пакістанскіх спэцагентаў, якія меліся пранікнуць у Афганістан і захапіць або забіць Усаму бін Лядэна. Апэрацыя была падрыхтаваная адміністрацыяй Клінтана ў супрацоўніцтве з тагачасным прэм’ер-міністрам Пакістану Навазам Шарыфам. Вашынгтон са свайго боку паабяцаў адмяніць санкцыі супраць Пакістану і аказаць яму эканамічную дапамогу. Аднак гэты плян сарваўся ў сувязі з ваенным пераваротам у Ісьлямабадзе.

Новы ваенны кіраўнік Пакістану генэрал Пэрвэз Мушараф адмовіўся працягваць падрыхтоўку апэрацыі, нягледзячы на ўсе наляганьні амэрыканскай адміністрацыі.

І вось цяпер той самы Мушараф, цяпер ужо прэзыдэнт Пакістану, выступае ў ролі важнага саюзніка прэзыдэнта Буша ў спробах зьнішчыць бін Лядэна і ягоную тэрарыстычную сетку. Аднак досьвед супрацоўніцтва ЦРУ з пакістанскімі спэцслужбамі ілюструе як каштоўнасьць, гэтак і слабыя месцы такога саюзу.

Пакістан і яго выведныя службы маюць каштоўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ўнутры Афганістану, краіны, якая застаецца закрытай для бальшыні сьвету. Аднак супольныя апэрацыі з пакістанскімі спэцслужбамі заўсёды былі праблематычныя з прычыны таго, што талібы здолелі інфільтраваць у пакістанскую выведку сваіх агентаў.

Досьвед няўдалых апэрацыяў супраць бін Лядэна можа паслужыць каштоўнай навукай для адміністрацыі Буша ў яе плянах адплаты за тэрарыстычныя акты 11 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG