Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН НЕ КАНСУЛЬТАВАЎСЯ З ЛУКАШЭНКАМ ПРА ДАЧЫНЕНЬНІ З НАТО


Валер Каліноўскі, Менск

Расея і НАТО дамовіліся пра стварэньне адмысловага рабочага органу дзеля паглыбленьня двухбаковага супрацоўніцтва. Прэзыдэнт Пуцін заявіў у Брусэлі, што Масква гатовая да пашырэньня супрацоўніцтва з НАТО дзеля стварэньня "адзінай эўрапейскай прасторы бясьпекі" ды заклікаў адмовіцца ад дэструктыўных момантаў у адносінах з альянсам.

Істотнае пацяпленьне адносінаў паміж Расеяй і НАТО ў выніку нядаўніх сустрэчаў Уладзімера Пуціна і генэральнага сакратара НАТО лорда Робэртсана стала нечаканасьцю для беларускага кіраўніцтва, якое ўсе апошнія гады дэкляруе жорсткую антыНАТОўскую пазыцыю.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка сёньня адносна апошніх кардынальных дамоўленасьцяў прэзыдэнта Расеі і генэральнага сакратара НАТО зазначыў:

(Латушка: ) "Мне невядома аб фактах кансультацыяў паміж Беларусьсю і Расеяй напярэдадні візыта прэзыдэнта Пуціна ў Брусэль. Гэты візыт адбыўся як кіраўніка незалежнай краіны — Расейскай Фэдэрацыі. Чаму мы павінны былі праводзіць кансультацыі?"

На думку спадара Латушкі, пацяпленьне адносінаў Расеі і НАТО не супярэчыць інтарэсам Беларусі:

(Латушка: ) "Я хацеў бы адзначыць, што мы самастойна будуем свае адносіны з Паўночна-Атлянтычным альянсам. Гэта права і пазыцыя Расеі дамаўляцца аб тым, што адбылося ўчора. Беларусь у сваіх адносінах з НАТО будзе зыходзіць са сваіх уласных інтарэсаў".

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка таксама зазначыў, што ўдзел краінаў, якія ўваходзяць у Дамову пра калектыўную бясьпеку ў межах СНД, у антытэрарыстычнай апэрацыі ЗША "ёсьць сувэрэнным правам гэтых краінаў":

(Латушка: ) "Я не хацеў бы гаварыць пра нейкія зьмены Дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў сувязі з гэтай сытуацыяй. Кожная краіна-сябар ДКБ прымае самастойныя рашэньні, што мы й назіраем сёньня на прыкладзе Расеі, Таджыкістану, Узбэкістану ці іншых краінаў. Яны прымаюць самастойныя рашэньні, звязаныя са сваім падыходам да барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. Я магу пацьвердзіць, што агульнай узгодненай пазыцыі дзяржаваў ДКБ зараз няма".

Павал Латушка мяркуе, што і Беларусь зможа нейкім чынам дапамагчы ў антытэрарыстычнай апэрацыі:

(Латушка: ) "Мы адразу, калі адбыліся гэтыя тэрарыстычныя акты, заявілі, што мы выступаем супраць міжнароднага тэрарызму, што мы гатовыя аказаць садзеяньне міжнароднай супольнасьці ў барацьбе з гэтай чумой ХХІ стагодзьдзя. Мы гатовыя дзейнічаць у рамках міжнародных арганізацыяў у гэтым кірунку, і ў выпадку, калі будзе адпаведная просьба, мы будзем аказваць усялякае садзеяньне".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG