Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦЫ ПОЎНЫЯ РАШУЧАСЬЦІ СКОНЧЫЦЬ З ТЭРАРЫЗМАМ


Радыё Свабода.

(Тарас: ) “Сяргей, чым адметны сёньняшні дзень?”

(Навумчык: ) “Цяпер у Нью-Ёрку ужо другі дзень трымаецца цёплае надвор’е – учора было 28 градусаў паводле Цэльсія, сёньня абяцаюць 29. Гэта – нагода для нью-ёркцаў і турыстаў апрануць майкі з выявай зорна-паласатага амэрыканскага сьцяга і з надпісам “Разам мы вытрымаем”, якія цяпер прадаюцца літаральна на кожным кроку.

Галоўная навіна дня – адкрыўся аэрапорт імя Рэйгана пад Вашынгтонам. Я некалькі разоў быў у гэтым аэрапорце, калі ён меў назоў яшчэ проста міжнароднага аэрапорту, ён значна меншы, чым нью-ёрскі DFK – бо і Вашынгтон горад невялікі, паводле насельніцтва менш за Менск, але гэта сталіца Амэрыкі, і адкрыцьцё аэрапорту мае для нацыі ў тым ліку і сымбалічнае значэньне. У газэтах пішуць, што на тых, хто гэтымі днямі прылятае ў ЗША з Эўропы, глядзяць калі не як на герояў, дык як на вельмі сьмелых людзей.

Авіякампаніі робяць усё магчымае, каб прыцягнуць кліентаў. Напрыклад, Delta дае дзесяць тысячаў бясплатных квіткоў для тых, хто будзе падарожнічаць у Нью-Ёрк. Большасьць авіякампаніяў скарацілі аж напалову кошт білетаў на ўсе маршруты.
Пасьля ўчорашняга здарэньня ў штаце Тэнэсі, калі адзін з пасажыраў перарэзаў горла кіроўцу, у выніку аўтобус зьехаў з трасы, і загінулі шэсьць чалавек, уведзеная сыстэма праверкі ручнога багажу і на аўтобусных маршрутах”.

(Тарас: ) “Сяргей, але, напэўна, асноўнай тэмай у Амэрыцы ўсё ж зьяўляецца будучая вайсковая апэрацыя антытэрарыстычнай кааліцыі?”

(Навумчык: ) “Канечне, але знайсьці інфармацыю пра нейкія канкрэтныя пляны апэрацыі вельмі цяжка, і я думаю, што гэта тлумачыцца тым, што ўрад ЗША яшчэ раней папярэдзіў, што інфармацыя будзе падавацца далёка ня ў поўным аб’ёме, і нават будзе ісьці дэзынфармацыя, у адмысловых мэтах. Значна больш у грамадзтве надаецца ўвагі праектам аднаўленьня таго бізнэсу, які пацярпеў у выніку тэрарыстычнай атакі 9 верасьня, – гэта вялізныя капіталы і, што яшчэ больш істотна, згубленыя дзесяткі тысячаў працоўных месцаў.

Учора Нью-Ёрк наведаў прэзыдэнт Буш, які абяцаў падтрымку гораду, і ўжо сёньня мэр Рудольф Джуліяні абвясьціў, што на адбудову Усясьветнага Гандлёвага Цэнтру выдаткоўваецца 20 мільярдаў даляраў. Прычым большасьць нью-ёркцаў лічыць, што ён мусіць быць адноўлены літаральна ў тым выглядзе, які меў – канечне, уключна з мэмарыялам у памяць забітых. Сёньня стала вядома таксама, што ў Кангрэс унесены шэраг праектаў адносна сацыяльных гарантыяў. Мяркуецца, напрыклад, што тэрмін выплаты дапамогі па беспрацоўі будзе не шэсьць месяцаў, як цяпер, а год. Прычым тычыцца гэта усіх беспрацоўных па ўсёй краіне”.

(Тарас: ) “Сяргей, гэта – пляны, а якія законы ужо прынятыя ў гэтыя дні?”

(Навумчык: ) “Віталь, цяпер сапраўды прынятыя некалькі законаў, пераважна датычных бясьпекі і барацьбы з тэрарызмам, і я распавяду пра адзін вельмі істотны.

Прэзыдэнт Джордж Буш падпісаў закон, які ўносіць папраўку ў эміграцыйнае заканадаўства. Эміграцыйны закон у ЗША самы кансэрватыўны ва ўсім заканадаўстве, нават нязначныя карэкцыі ўносяцца, можа, раз на дваццаць гадоў.

Дык вось прэзыдэнт падпісаў закон, які дае магчымасьць атрымаць уязныя візы, а затым і права пастаяннага жыхарства ў ЗША для асобаў, якія маюць крытычна істотную інфармацыю пра злачынцаў і тэрарыстычныя арганізацыі. Дарэчы, гэтая закнадаўчая папраўка была прапанаваная сэнатарам-дэмакратам Эдвардам Кенэдзі, малодшым братам прэзыдэнта Кенэдзі. Такая віза атрымае назоў “візы S”.

Натуральна, што асобы, якія атрымаюць візу, павінныя будуць даць праваахоўчым ворганам ЗША ўсю інфармацыю пра тэрарыстаў, якой валодаюць.

Ну, а хто можа мець такую інфармацыю пра тэрарыстаў? Толькі той, хто быў зь імі цесна зьвязаны ці, магчыма, сам браў удзел у такой арганізацыі. Яшчэ пару гадоў таму той, хто хацеў атрымаць звычайную гасьцявую амэрыканскую візу, павінен быў адказаць у анкеце на пытаньне – “Ці былі вы членам нацысцкай альбо камуністычнай партыі?”. Цяпер пытаньне пра кампартыю скасавалі, пакінулі толькі пра нацысцкую партыю. Але фармальна іміграцыйная служба можа – паводле гадоў сорак пяць таму прынятага закону – адмовіць ва ўезьдзе ў ЗША былым членам кампартыі, хоць бы нават яны і не займалі ніякіх пасадаў, а мелі фармальнае членства. Тут жа гаворка ідзе пра ня толькі візу, але і права на жыхарства – “грын гарт” – для асобаў, павязаных (магчыма, не фармальна павязаных) з тэрарыстамі.

Яшчэ месяц таму такая папраўка ў закон выклікала б хвалю адмоўнай рэакцыі ў грамадзтве. Цяпер яна ўспрынятая як вымушаная, неабходная мера, своеасаблівая плата за гарантыю пасьпяховай барацьбы з тэрарызмам”.

(Тарас: ) “Сяргей, і калі працягваць тэму настрояў у амэрыканскім грамадзтве – сёньня CNN перадала вынікі сацыялягічных апытаньняў адносна таго, што большая частка амэрыканцаў гатовая яшчэ тры месяцы чакаць пачатку ваеннай аперыцыі…”

(Навумчык: ) “Так, Віталь, гэта, канечне, выяўляе і ступень даверу амэрыканцаў прэзыдэнту Бушу, але і пра іншае сьведчыць. Цяперашнія настроі істотна адрозьніваюцца ад тых, што былі падчас бамбаваньня сіламі НАТО Югаславіі – тады грамадзства падзялілася прыблізна напалову адносна мэтазгоднасьці сілавога ўмяшальніцтва. Ды й нават удары па Іраку успрымаліся не адназначна. У лепшым выпадку стаўленьне было як да кароткатэрміновага акту (зьляталі-адбамбіліся-вярнуліся), у горшым – пыталіся, а ці можна вырашыць праблему сілай? І ўжо зусім немагчыма, на мой погляд, рабіць паралелі з вайной у Віетнаме – там сапраўды даволі цяжка разгледзіць сапраўдныя амэрыканскія інтарэсы, інтарэсы не прэзыдэнцкіх адміністрацыяў Джонсана ці Ніксана, а інтарэсы амэрыканскага народу. Цяпер – сытуацыя прынцыплва іншая. Удар насенесены ў сэрца Амэрыкі, тысячы ахвяраў, вялізныя матэрыяльныя страты. Гэта вельмі падобна на тое, што меў на ўвазе Леў Талстой – клясік усіх часоў і ўсіх народаў – калі казаў пра “дубіну народнай вайны”. Я проста не магу прывесьці лепшага параўнаньня, якое б адлюстравала цяперашняе яднаньне амэрыканскай нацыі і рашучасьць скончыць з тэрарызмам”.

XS
SM
MD
LG