Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ МЗС ВЫЗНАЧЫЛА ДЫЯЛЁГ З ЗАХАДАМ ЯК "НЯПРОСТЫ" Й ПРОСІЦЬ ДАПАМОГІ Ў ЛІТВЫ


Юры Сьвірко, Менск

Учора міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў тэлефанаваў у Вільню свайму літоўскаму калегу Антанасу Валёнісу ды прасіў дапамогі ў стасунках з Захадам.

Дырэктар інфармацыйнага дэпартамэнту МЗС Літвы Пятрас Заполскас сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што спадар Хвастоў хацеў, каб Вільня паспрыяла Менску ў "няпростым дыялёгу з заходнімі краінамі". Паводле спадара Заполскаса, беларускі міністар не расшыфроўваў гэты "няпросты дыялёг", і афіцыйная Вільня не зьбіраецца абмяркоўваць гэты тэрмін.

Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс заявіў Міхаілу Хвастову, што Беларусь трымае ва ўласных руках ключ ад добрых стасункаў з Эўропай.

Але, як паведаміла агенцтва BNS, "міністар А.Валёніс сказаў, што Літва гатовая аказаць дапамогу Беларусі падчас свайго старшыняваньня ў Радзе міністраў Рады Эўропы, якое пачынаецца ў лістападзе". Што гэта можа быць за дапамога? — спытаўся я ў дырэктара інфармацыйнага дэпартамэнту літоўскага МЗС.

(Заполскас: ) "Мабыць, праблема перакладу? Не дапамога, а садзеяньне. Мы маем пэўны досьвед кантактаў з эўрапейскімі структурамі — ня толькі з Радай Эўропы, але й мы прайшлі ўжо большую частку шляху да свайго сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе.

Мы маем пэўны досьвед перамоваў, пэўныя веды, пэўныя кантакты і, калі Беларусь гэтага сама захоча, калі беларускія афіцыйныя ўлады пойдуць на тых жа прынцыпах, на якіх мы йдзем у Эўропу, — на прынцыпах Эўрапейскага Зьвязу, на прынцыпах дэмакратыі, рынкавае эканомікі, — дык натуральна, што Літва можа, асабліва падчас старшыняваньня ў Радзе Эўропы, садзейнічаць дыялёгу Менску з Захадам", — заявіў Пятрас Заполскас з МЗС Літвы.

Ён сказаў, што гэта была першая тэлефонная размова двух міністраў замежных справаў пасьля беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў.

Я задаў спадару Заполскасу наступнае пытаньне: "Ці прызнае Літва Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі?"

(Заполскас: ) "Да такой ступені, да якой гэта прызнае Эўрапейскі Зьвяз", — адказаў афіцыйны прадстаўнік літоўскага дыпляматычнага ведамства.

Пятрас Заполскас таксама заявіў, што Літва не карыстаецца тэрмінам "крытычны дыялёг" у дачыненьні да Беларусі.

(Заполскас: ) "Літва праводзіць прагматычную, практычную палітыку у стасунках, у якіх ёсьць узаемавыгадны інтарэс абодвух бакоў".

Спадар Заполскас дадаў, што такі інтарэс Літва мае, напрыклад, у дэмаркацыі мяжы зь Беларусьсю. Зь літоўскага боку ўсё ўжо зроблена, а Беларусь дэмаркавала толькі 30 кілямэтраў мяжы, таму літоўскі міністар замежных справаў заклікаў Менск паскорыць гэты працэс.


XS
SM
MD
LG