Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ СТРАЙКУЮЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Хваляваньнi прадпрымальнiкаў на берасьцейскiм рынку пачалiся яшчэ ўвечары 3 кастрычнiка. Гандляры даведалiся, што падчас рэйду, якi ладзiлi супрацоўнiкi аддзелу па барацьбе з эканамiчнай злачыннасьцю, у трох прадпрымальнiкаў тавар канфiскавалі, а яшчэ на чатырох склалі пратаколы.

Прадстаўнiкi праваахоўчых органаў сьцьвярджаюць, што нагодай для правядзеньня рэйду зьявiлася тое, што ў гандляроў адсутнiчаюць адпаведныя беларускiя сэртыфiкаты на тавар.

Сёньня ранiцай, калi гандляры прыйшлi на свае працоўныя месцы, яны ўбачылi, што на рынку зноў зьявiлiся супрацоўнiкi аддзелу па барацьбе з эканамiчнай злачыннасьцю. Яны наважылiся працягваць рэйд i нават папярэдзiлi некаторых гандляроў, каб тыя рыхтавалiся да канфiскацыi тавару. Большасьць прадпрымальнiкаў вырашыла не пачынаць працы i сабралася на адмысловы сход.

Гандляры абуралiся паводзiнамі праваахоўчых органаў, бо пытаньне з сэртыфiкацыяй тавару даўно вырашанае зь мясцовымi ўладамi падчас леташніх страйкаў прадпрымальнiкаў. Тады ўлады пагадзiлiся з высновамi гандляроў, што трэба прызнаць адпаведнасьць сэртыфiкатаў на тавар, завезеных з-за межаў Беларусi.

Як лiчаць берасьцейскiя гандляры, пытаньне аб сэртыфiкатах узьнiкла зараз невыпадкова, i мясцовыя ўлады маюць да гэтага непасрэднае дачыненьне. З дапамогай штрафаў i канфiскацыяў тавару вэртыкаль спрабуе выправiць становiшча з даходнай часткай бюджэту, у якiм зараз не хапае грошай на пакрыцьцё самых неабходных расходаў.

Сытуацыя нармалiзавалася блiжэй да абеду, калi супрацоўнiкi мiлiцыi пакiнулi рынак, адмовiўшыся ад правядзеньня рэйду.


XS
SM
MD
LG