Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЬ ЗЬБІРАЕ ЗАШМАТ БУЛЬБЫ


Ігар Карней, Менск

Шэраг беларускіх эканамістаў-аграрнікаў лічаць, што ў вытворчасьці бульбы ў цяперашніх аб'ёмах Беларусь ня мае ніякай эканамічнай патрэбы. Досьвед некаторых эўрапейскіх краінаў, якія ў сельскагаспадарчай сфэры таксама робяць стаўку на бульбу (найперш гэта Галяндыя, Нямеччына й Польшча) паказвае: калі ўраджайнасьць меншая за 300 цэнтнэраў на гектар, увесь агратэхнічны працэс робіцца стратным. Цягам апошніх гадоў гэты паказчык ураджайнасьці ў Беларусі балянсуе на мяжы толькі 100 цэнтнэраў, што, паводле лёгікі, абсалютна непрымальна.

Вось якое меркаваньне з гэтай нагоды выказвае старшыня прафсаюзу працаўнікоў аграрнага сэктару Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "У лепшыя гады мы мелі больш як тону бульбы ў разьліку на чалавека. І першае месца ў сьвеце! Магчыма, гэта магло б цешыць, калі б мы ўяўлялі, колькі насамрэч бульбы прападала, гніло ў сховішчах і калгасных буртах.

Зараз трэба пераходзіць да іншай сыстэмы мысьленьня. Такая колькасьць цяпер не патрэбная! У іншых краінах шпарка разьвіваецца галіна перапрацоўкі бульбы; яе рэалізуюць ў якасьці чыпсаў, "фры" і г.д. У нас, на жаль, усё гэта ў пачатковым стане. Таму трэба казаць не пра колькасьць, а пра якаснае выкарыстаньне прадукту".

Спадар Ярашук гэтаксама прызнае, што адначасна адмовіцца ад народнага рытуалу пасадкі й капаньня бульбы нялёгка. Асабліва ў межах прысядзібных надзелаў. Нават калі зь дзесяці пасаджаных мяхоў урэшце зьбярэцца на два-тры болей, наступным годам сярэдні беларус упарта будзе гнуць сьпіну па інэрцыі.

Таксама ўжо амаль немагчыма паправіць сямейны бюджэт продажам лішкаў: кіляграм адборнай бульбы сёлета каштуе 200-300 рублёў. Адпаведна, мех бульбы можна набыць за 6-7 даляраў. Зрэшты, нарыхтоўчыя канторы набываюць яе яшчэ таньней. Зьявілася нават адпаведная характарыстыка сытуацыі: нішто зараз не ацэньваецца так сьціпла, як няўдзячная праца селяніна. Гаворыць Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "Натуральна, у нас моцныя традыцыі выкарыстаньня гэтага прадукту, гэта трэба мець на ўвазе. Мы нацыя, якая любіць дранікі, бульбу смажаную, вараную і г.д. Але, не пярэчачы гэтаму, трэба разьвіваць галіны перапрацоўкі, якія ўрэшце гэты асартымэнт толькі абагачаюць".

(Карэспандэнт: ) "Між іншым, гэта й новая сфэра занятасьці..."

(Ярашук: ) "Само сабой, адно з другім зьвязанае. Дарэчы, зараз на гэтых прысядзібных надзелах і лецішчах вырошчаецца да 90% ад усіх аб'ёмаў бульбы. Гэта вельмі вялікая лічба, і зараз мы павінны весьці гаворку пра рацыянальнае выкарыстаньне гэтых аб'ёмаў".

Калісьці Беларусь была асноўным пастаўшчыком бульбы ў Расею. Зараз тэндэнцыя такая, што, дзякуючы новым тэхналёгіям апрацоўкі пасеваў, Расея сама выходзіць на патрэбныя аб'ёмы, а ў якасьці ейнага гандлёвага партнэра на першае месца паступова высунулася Польшча. Пры непараўнальна вышэйшай за беларускую якасьці, бульба з Польшчы ў Расеі каштуе столькі ж, колькі і беларуская.

XS
SM
MD
LG