Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ТЭЛЕФОННАЙ СУВЯЗІ – АФГАНІСТАН


Радыё Свабода.

(Караткевіч: ) “Віктар, інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць пра наступ Паўночнага альянсу. Ці можаце вы пацьвердзіць гэтую інфармацыю?”

(Дзятліковіч: ) “Не, у нас адваротная інфармацыя. Альянс спрабуе пачаць наступ, але ў яго відавочна не хапае зброі і людзей. Тут ёсьць інфармацыя, што пачаўся толькі лякальны наступ ля гораду Мазары-Шарыф. Зрэшты, гэты наступ ідзе ўжо два тыдні, і генэрал Рашыд Дустум падыйшоў на 30 кілямэтраў да гораду. І вось зараз 3-4 дні зацішша, пазыцыі захоўваюцца. Толькі сёньня Дустум яшчэ троху прасунуўся наперад. На астатніх пазыцыях сытуацыя складаецца не на карысьць Паўночнага альянсу. Талібы перакінулі сюды блізу 20 тысячаў салдатаў. Так што наглядальнікі кажуць, што хутчэй талібы рыхтуюць наступ, бо маюць дастаткова тэхнікі і сіл. Спачатку яны баяліся, што альянс пачне наступаць разам з амэрыканскімі ўдарамі, але ўдары зацягваюцца, і талібы могуць насьмеліцца самі атакаваць пазыцыі паўночнікаў”.

(Караткевіч: ) “Што вы можаце сказаць пра расейскі фактар у гэтай вайне?”

(Дзятліковіч: ) “Да апошняга часу Расея была адзінай краінай, што дапамагала паўночнікам. Але яна хацела малымі сіламі змагацца супраць талібаў, іншымі словамі Расея дапамагала альянсу роўна настолькі, каб ён стрымліваў талібаў і адыгрываў ролю буфэру паміж талібамі і краінамі СНД, а, фактычна, Расеяй, якая разглядае краіны Цэнтральнай Азіі як сфэру свайго ўплыву. Гэта была старая тэхніка, троху паліва і грошай. Вось я сёньня размаўляў зь міністрам замежных справаў Афганістану доктарам Абдуллой, і ён сказаў, што ён вядзе зараз перамовы з трыма краінамі наконт вайсковай дапамогі – гэта ЗША, Расея і Іран. Ён сказаў, што, фактычна, ужо дамовіўся з Іранам і Расеяй пра вайсковыя пастаўкі, магчыма яны пачнуцца цягам бліжэйшага тыдня ці двух. Больш цяжка ідуць перамовы з Амэрыкай, але і з гэтага боку ён адчувае падтрымку. Раней Расея лічыла, што яна адзіная саюзьніца Паўночнага альянсу і гэта – яе сфэра ўплыву. А зараз Амэрыка і Іран таксама гатовыя дапамагчы альянсу і зрабіць Афганістан сваёй сфэрай уплыву. Таму я думаю, што Расея актывізуе сваю дапамогу. Пытаньне толькі ў тым, ці своечасова”.

(Караткевіч: ) “Як у Афганістане ацэньваецца гатоўнасьць Таджыкістану і Ўзбэкістану далучыцца да антытэрарыстычнай апэрацыі?”

(Дзятліковіч: ) “Гэтыя краіны ніколі ня дзейнічалі самастойна. Заўсёды пад уплывам Расеі ці Захаду. Таму назіральнікі сыходзяцца на думцы, што тое, што яны зробяць зараз, адбудзецца пад націскам Расеі ці ЗША. Пакуль інфармацыя аб прылёце амэрыканскіх сілаў ва Ўзбэкістан афіцыйна не пацьверджаная, але відавочна, што базы ў Таджыкістане і Ўзбэкістане могуць быць скарыстаныя. Мясцовыя людзі добра ставяцца да ўдзелу гэтых дзьвюх краінаў у антыталібскай кааліцыі. Узбэкістан заўсёды дапамагаў генэралу Дустуму, які этнічны ўзбэк. Тое самае з Таджыкістанам, бо тут жывуць таксама таджыкі. Так што тут нікога ня зьдзівіць, калі гэтыя дзьве краіны дадуць свае базы для амэрыканцаў, але рашэньні гэтыя будуць прымацца не ў Душанбэ і Ташкенце, а ў Маскве і Вашынгтоне”.

(Караткевіч: ) “А якая ступень уплыву ЗША і Расеі на гэтыя краіны?”

(Дзятліковіч: ) “Душанбэ аглядаецца толькі на Маскву, а вось Узбэкістан, на думку мясцовых назіральнікаў, больш самастойны і можа вырашыць нешта без кансультацыі з Масквой. З другога боку, і там прыслухоўваюцца да Крамля”.

(Караткевіч: ) “Як шмат зараз працуе журналістаў у Афганістане, якія ў вас умовы бясьпекі і побыту, які доступ да інфармацыі?”

(Дзятліковіч: ) “Тут сапраўды вельмі шмат журналістаў. Вось у тым гарадку, што мы знаходзімся, у 50 кілямэтрах ад Кабулу і ў 10 км. ад лініі фронту, дык вось сюды прыехала блізу 80-90 журналістаў. Усе мы жывем у асобных доміках пад аховай. Калі выходзіш на вуліцу, дык цікавасьць да журналістаў вельмі вялікая. Людзі падыходзяць, цікавяцца, але яны гавораць на фарсі, таму мы іх не разумеем, калі ў нас няма перакладчыкаў. Харчуемся мы там, дзе і жывем, у нашых, так бы мовіць, рэзэрвацыях. Калі мы выходзім у горад, як вось сёньня, дык толькі з аховай, бо шпіёны Талібану тут таксама могуць быць, бо гэта ж прыфрантавая зона. Што да ежы, дык яна ня вельмі разнастайная. Я тут знаходжуся ўжо два тыдні і ем адно і тое ж – рыс, бараніну, вінаград і чай зялёны. Вось і ўсё, што мы ямо. Часам з бараніны робяць катлеты – гэта называецца куфта”.

(Караткевіч: ) “Віктар, вы былі ў Чачэніі. Ці можаце вы неяк параўнаць стаўленьне людзей да ісляму у Чачэніі і ў Афганістане. Прынамсі на той тэрыторыі, дзе вы знаходзіцеся? Напрыклад, ці бачылі вы твары жанчынаў?”

(Дзятліковіч: ) “Цяжка параўноўваць Чачэнію з Афганістанам… Тут адчуваецца прысутнасьць чачэнскага фактару, бо чачэнцы ці тыя, хто выдае сябе за іх, ваююць на баку талібаў. Ёсьць інфармацыя, што блізу 2000 байцоў з Чачэніі ваююць на баку талібаў. І таму на тэрыторыях, што кантралюе Паўночны альянс, вельмі дрэннае стаўленьне да чачэнцаў. Яно такое ж, як і да талібаў. Мясцовыя людзі ня лічаць талібаў і чачэнцаў сапраўднымі мусульманамі, бо лічаць, што сапраўдныя мусульмане ніколі ня будуць змагацца са сваімі братамі-мусульманамі. Таму яны кажуць, што гэта экстрэмісты, фундамэнталісты, гэта бандыты. Вось такія тэрміны яны выкарыстоўваюць, калі гаворка заходзіць пра Талібан ці пра тую ж Чачэнію. Тут экстрэмізму рэлігійнага няма, хаця іслямскія звычаі захоўваюцца – жанчыны ходзяць у чадрах, дзяўчынкі пасьля 13 год іх апранаюць і ня могуць зьяўляцца на вуліцы бязь іх. За два тыдні 1-2 разы мне ўдалося пабачыць жаночы твар, але гэта было выпадкова і тыя жанчыны сьпяшаліся хутчэй прыкрыць твар. Так што гэта іслямская краіна, і яны лічаць сябе сапраўднымі мусульманамі ў адрозьненьне ад талібаў”.


XS
SM
MD
LG