Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЙШОЎ КРУГЛЫ СТОЛ У СПРАВЕ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатарамі круглага стала выступілі сябры грамадзкай ініцыятывы "За захаваньне мэмарылу Курапаты". Удзел у гэтым мерапрыемстве таксама бралі актывісты КХП БНФ і некаторых грамадзкіх арганізацыяў, а таксама праектанты дарогі — кіраўнікі інстытуту "Белгіпрадар", Дзяржкамітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Менгарвыканкаму, Інстытуту гісторыі Акдэміі навук ды іншых.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы прапанавалі кіраўніцтву дзяржаўных установаў паведаміць, паводле якога праекту да нядаўняга часу ў Курапатах вяліся будаўнічыя работы, ці ўлічвалі праектанты і будаўнікі асаблівы мэмарыяльны статус урочышча й гэтак далей.

Прадстаўнікі праектнага інстутуту "Белгіпрадар" паведамілі, што існуе толькі агульны праект рэканструкцыі кальцавой дарогі, паказалі праектныя мапы, а таксама тлумачылі, якую карысьць можа прынесьці пашырэньне дарогі.

Разам з тым, дзяржаўныя чыноўнікі фактычна прызналі, што будаўніцтва дарогі на курапацкім участку адбывалася без выкананьня якіх-кольвек нормаў правядзеньня работаў на аб'екце, які лічыцца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны. Прычына ў тым, што на пастанову Аляксандра Лукашэнкі рэканструкцыя кальцавой дарогі ідзе ў сьціслыя тэрміны.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец абазначыў пазыцыю сваёй ды іншых арганізвацыяў, якія цяпер ахоўваюць курапацкі нэкропаль ад разбурэньня:

(Севярынец: ) "Мы там будзем стаяць, пакуль праект ня зьменяць, пакуль дарога ня пойдзе такім чынам, каб не кранала Курапатаў. Будзем там стаяць і ўдзень, і ўначы. Пытаньне да вас: ці вы кампэтэнтныя прымаць рашэньне аб спыненьні будаўніцтва і пачаць абмеркаваньне? Ці вы кампэтэнтныя рыхтаваць гэтае рашэньне, ці толькі можаце даваць парады?"

Кіраўнікі праектнага інстытуту, а таксама заказчыка "Магістральаўтадару" казалі, што зьмяніць праект немагчыма, бо тады дарога стане даражэйшая на 20 мільярдаў рублёў. Разам з тым прадстаўнікі дзяржаўных установаў прызнавалі, што калі справа ідзе пра ўшанаваньне памяці продкаў, гаварыць пра затраты не выпадае. Гаворыць прадстаўнік падрадчыкаў — арганізацыі "Магістральаўтадар" Анатоль Лыцін:

(Лыцін: ) "Сёньня акупляльнасьць ня тая тэма, каб яе абмяркоўваць. Наконт абыходу: тут можна па-рознаму падыходзіць, і ў кожнага будзе свая думка. Абыход можа быць і на 2, і на 3 кілямэтры, і па цяперашняй дарозе, калі яна не чапае магілаў, — гэта можа лічыцца абыходам месцаў пахаваньня".

Прадстаўнікі дзяржаўных установаў запэўнівалі грамадзкасьць, што цяпер будаўніцтва будзе весьціся пад кантролем археолягаў, бо існуе адпаведная дамова з Інстытутам гісторыі. Наступнымі днямі археолягі правядуць праверку глебы побач з дарогай, каб яшчэ раз пераканацца, што на шляху будаўнікоў няма магілаў. Прадстаўнікі дзяржаўных установаў таксама абяцаюць добраўпарадкаваць і агарадзіць тэрыторыю Курапатаў.

Падсумаваньне вынікаў круглага стала зрабіў лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Я задаволены тым, што абмеркаваньне пачалося. Я задаволены тым, што прадстаўнікі праектных і выканаўчых ведамстваў прыйшлі. Тое, што яны пад мікрафонамі прэсы й перад вачыма сапраўды шырокай грамадзкасьці пачалі выказвацца, браць на сябе пэўныя абавязкі, не адмаўляць каштоўнасьці Курапатаў як нацыянальнага мэмарыялу — гэта ўжо зарука таго, што яны будуць браць на сябе маральную адказнасьць за любыя рашэньні".

Лідэр БНФ спадзяецца, што прадстаўнікі дзяржавы й грамадзкасьці дасягнуць урэшце прымальнага для абодвух бакоў рашэньня ў справе Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG